Выпускнік гімназіі г.п. Брагіна Мікіта Астапенка набраў 100 балаў на ЦЭ па англійскай мове

Галоўнае Грамадства

Сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамена па профільных прадметах, які праходзіў  26 мая. Найвышэйшы бал па англійскай мове атрымаў выпускнік гімназіі г.п. Брагіна Мікіта Астапенка.

Шлях да такога выніку быў паслядоўны і ўсвядомлены. Англійскай мовай хлопец захапіўся яшчэ ў пачатковых класах, а ў гады вучобы ў гімназіі неаднаразова з’яўляўся прызёрам раённай алімпіяды па гэтым прадмеце.

Патрэбна адзначыць, што для запаветнай сотні выпускніку не спатрэбілася дапамога рэпетытараў – усе веды былі атрыманы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі пад кіраўніцтвам педагога Наталлі Раманчук. Дарэчы, летась яе вучаніца Таццяна Канцавая таксама паказала максімальны вынік: набрала 100 балаў на ЦТ.

Першым чалавекам, з якім Мікіта падзяліўся радаснай навіной, стала менавіта яго настаўніца. Зрэшты, выдатнае веданне англійскай – не адзінае дасягненне выпускніка: на цэнтралізаваным экзамене па рускай мове ён набраў 98 балаў. Рыхтаваўся да выпрабавання разам з педагогам Вадзімам Пятроўскім. Зараз Мікіта – у чаканні вынікаў ЦТ па гісторыі, якую выкладае Вольга Рабушок.

Поспехі ў вучобе вызначылі і мэту: Мікіта плануе паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

У вольны час хлопец аддае перавагу адпачынку ў асяроддзі блізкіх, за цікавай кнігай або праглядам любімых фільмаў.

Мікіты ўпэўнены: уласная стараннасць і мэтанакіраванасць у спалучэнні з падтрымкай і дапамогай настаўнікаў-прафесіяналаў здольныя адкрыць перад выпускнікамі дзверы самых прэстыжных ВНУ краіны.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.