
Быць «Уладаром сяла» – гэта не столькі пра перамогу ў конкурсе, колькі пра ўменне кожны дзень будаваць гармонію ў сваім доме. Менавіта так лічыць сям’я Нецвятаевых з Брагіна, якая сёлета прадстаўляла раён на абласным этапе рэспубліканскага праекта ў Ветцы.
Гісторыя Надзеі і Данііла – той выпадак, калі лёс усё вырашыў за іх. Надзея родам з аграгарадка Веляцін, скончыла Гомельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. Данііл – ураджэнец Камарына, пасля вучобы ў Буда-Кашалёве вярнуўся на малую радзіму па размеркаванні. Сёння ён працуе інжынерам у ААТ «Імя Жукава».
– Гэта было каханне з першага погляду, – прызнаюцца муж і жонка, якія даказалі: калі ёсць разуменне і падтрымка, любыя цяжкасці ператвараюцца ў прыемныя клопаты.
Сёння Нецвятаевы выхоўваюць траіх дзяцей: Арсенія, Елісея і Яраславу. Пераезд у Брагін, дзе выдзелілі жыллё, стаў для іх новым этапам у жыцці.
Але ж з сельскім побытам не развітваюцца: ён для іх не ў цяжар, а ў радасць. У сям’і ёсць сваё месца сілы – дом у Веляціне. Менавіта тут, пад наглядам бабулі Ірыны Мікалаеўны, кіпіць праца: увагі патрабуюць агарод, дзе спеюць гародніна і ягады, вялікі падворак. Дзеці – паўнапраўныя памочнікі. Старэйшы Арсеній, гледзячы на дзядулю Вадзіма Міхайлавіча, ужо праяўляе цікавасць да трактароў і іншай тэхнікі. Малодшы Елісей – маленькі будаўнік: любіць майстраваць нешта сваімі рукамі.
У доме Нецвятаевых не прынята сумаваць. Калі спадае спякота, сям’я збіраецца за адным сталом – малююць карціны па нумарах, займаюцца алмазнай мазаікай або гатуюць кулінарныя шэдэўры з таго, што вырашчана на сваёй зямлі.
Удзел у праекце «Уладар сяла» стаў для Нецвятаевых яркай прыгодай. Нягледзячы на тое што прызавое месца не занялі, Данііл і Надзея не расчараваліся.
– Мы атрымалі бясцэнны вопыт і сталі больш згуртаванымі, – дзеліцца жанчына. – Конкурс падарыў нам магчымасць зірнуць на сваё жыццё з іншага ракурсу і ў чарговы раз пераканацца, як нам пашанцавала быць разам.
На пытанне аб тым, што б яны параілі маладым парам, Нецвятаевы адказваюць упэўнена:
– Не бойцеся станавіцца бацькамі! Галоўнае – знайсці апору і падтрымку родных і блізкіх. Калі ў доме пануе любоў, дзеці не выпрабаванне, а самы вялікі падарунак і стымул рухацца наперад.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
