
Яшчэ не паспела восень апрануць свой яркі сарафан, але менавіта з яе каляндарным прыходам звязана сустрэча адной з важнейшых падзей культурнага жыцця краіны – Дня беларускага пісьменства. Яго мы адзначаем у першую нядзелю верасня.
Свята, дарэчы, з’явілася не стыхійна. У яго змястоўная перадгісторыя.
Задума ўзнікла ў 1990 годзе, калі ва ўсім свеце шырока адзначалася 500-годдзе з дня нараджэння славутага першадрукара Францыска Скарыны. Асаблівыя ўрачыстасці тады разгарнуліся на тэрыторыі Беларусі. Спасціжэннем і прапагандай духоўна-асветніцкай дзейнасці славутага земляка былі прасякнуты ўсе грамадскія і дзяржаўныя справы. Людзей ахапілі высокадухоўныя памкненні. Адчувалася прага да ведаў пра гісторыю роднага краю, свае карані, патрэба вяртання да вытокаў.
Ідэя Мiнiстэрства культуры i друку Беларусi – спалучыць набыткi Скарынаўскага свята з традыцыямi ўшанавання нацыянальных святыняў i хрысцiянскiх каштоўнасцей. У выніку 25 мая 1994 года з’явiўся Указ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета Беларусi «Аб устанаўленнi свята – Дня беларускага пiсьменства i друку».
Упершыню яно адбылося ў тым жа 1994 годзе на радзiме Францыска Скарыны ў Полацку. А сапраўдны стымул да развіцця атрымала, калі быў абнародаваны Указ Прэзiдэнта ад 26 сакавiка 1998 года №157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях i памятных датах уРэспублiцы Беларусь». Дакумент зацвердзіў, што Дзень беларускага пiсьменства адзначаецца ў нашай краiне штогод у першую нядзелю верасня. Ён набыў шырокi размах і агульнанацыянальны статус.
А ганарыцца нам сапраўды ёсць чым: нашы асветнікі – фігуры еўрапейскага маштабу, пісьменнасць мае шматвяковыя традыцыі. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі. Яно дапамагае ўпэўніцца: нашы нацыянальныя здабыткі і каштоўнасці, непахісная вера і шчырае, таленавітае, праўдзівае слова – тая вялікая сіла, якая аб’ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучыню, звязвае пакаленні.
Традыцыйна кожны год у Дня беларускага пісьменства – новая сталіца: горад, адметны сваёй культурнай, гістарычнай спадчынай. У праграме – фестываль кнігі і прэсы, тэатралiзаванае шэсце з удзелам вядомых персанажаў, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, сустрэчы з пісьменнікамі, дзеячамі культуры, кнігавыдаўцамі, тэматычныя выставы, прэзентацыі… А напярэдадні, за некалікі дзён да ўрачыстых мерапрыемстваў, выпраўляюцца ў шлях з жыватворным агнём ад Труны Гасподняй прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства – удзельнікі рэспубліканскай навукова асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў». Кожны раз у іх новы цікавы маршрут, які заканчваецца ў сталіцы свята.
Памяць яно пакідае пра сябе не толькі ў словах і вобразах, але і ў новых турыстычных аб’ектах. Напрыклад, у Полацку, які быў сталіцай тройчы, з’явiўся помнiк лiтары ў – кампазіцыя ў форме раскрытай кнігі з радком з верша Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет». У Ганцавічах – помнік Якубу Коласу і Алея пісьменства. У Хойнiках – скульптурная кампазiцыя «Па старонках твораў Iвана Мележа». У Глыбокім – Сквер славутых землякоў. У Слонiме з пастамента пазірае на свае былыя ўладаннi бронзавы Леў Сапега.
Сёлетні ХХХIII Дзень беларускага пісьменства прыме самы ўсходні горад краіны – Касцюковічы. У цэнтры ўвагі на працягу двух дзён, 5 і 6 верасня, будуць важныя для краіны тэмы: 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Год беларускай жанчыны, пяцігодка якасці і юбілеі класікаў беларускай літаратуры.
Свята абяцае быць насычаным і вельмі разнастайным. Сярод галоўных лакацый – павільён рэдкай кнігі, дзе прадставяць унікальныя выданні з усёй краіны. У «кабінеце пісьменніка» можна будзе ўбачыць рукапісы, асабістыя рэчы, рэдкія фотаздымкі і архіўныя дакументы беларускіх аўтараў. Інтэрактыўная прэзентацыя «Ад берасцяной граматы – да сучасных рэалій» паведаміць пра гісторыю кнігадрукавання на Магілёўшчыне. Адкрыецца ўнікальная экспазіцыя «Фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг».
Дзень беларускага пісьменства – гэта выдатная магчымасць убачыць, чым жыве літаратурная Беларусь сёння. Ён сведчыць, што менавіта друкаванае слова дазваляе перадаваць ад пакалення да пакалення ідэі дабра, справядлівасці, непарушнасці маральных асноў. І пацвярджае: напісанае застаецца – на стагоддзі! Невыпадкова дата свята прыпадае на першыя дні новага навучальнага года – пісьменства пачынаецца з буквара, з маленькіх перамог за вучнёўскай партай. Праз авалодванне ім і чытаннем чалавек становіцца адукаваным, культурным і духоўна багатым. А калі глядзець шырэй, то пісьменства знаходзіцца ў аснове прагрэсу любой дзяржавы. Мерапрыемствы ў яго гонар традыцыйна арганізоўваюцца не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Такая павага да роднага слова, сувязь мінулага і сучаснасці падкрэсліваюць: наша гісторыя і культура набываюць моц, калі мы іх шчыра шануем.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Цімафея МІХАЛЕНКІ

