Асаблівы клопат і знак увагі. Уладальнікаў «Бацькавай кашулі» на Брагіншчыне стала больш

Галоўнае Год беларускай жанчыны Грамадства

З усіх падзей, што адбываюцца ў нашым жыцці, з’яўленне на свет дзіцяці – самае важнае. А нараджэнне трэцяга – вялікая бацькоўская адказнасць і асаблівы ўклад у будучыню нацыі. Менавіта вялікія, згуртаваныя сем’і – аснова нашага грамадства, крыніца яго сілы і ўстойлівага развіцця.

Гэта падкрэслівае і праект «Трэці – Бацькаў» – ініцыятыва партыі «Белая Русь», якая рэалізуецца сумесна з Міністэрствамі працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, юстыцыі нашай краіны, а таксама канцэрнам «Беллегпрам». Ён ставіць на мэце не толькі па-асабліваму павіншаваць бацькоў з нараджэннем трэцяга дзіцяці, але і падтрымаць імкненне беларусаў да стварэння вялікай сям’і, павысіць яе прэстыж, нагадаць пра нашы нацыянальныя традыцыі і каштоўнасці. Уладальнікаў «Бацькавай кашулі» становіцца ўсё больш, у тым ліку і на Брагіншчыне.

Сёння маленькі драўляны куфэрак, у якім знаходзіцца хрысцільная льняная кашуля з беларускім арнаментам і звязаная з ёй легенда, атрымалі ва ўрачыстых абставінах яшчэ тры сям’і, у кожнай з якіх нарадзілася нядаўна  трэцяе дзіця. Падарунак ад Прэзідэнта ўручыў ім намеснік старшыні райвыканкама Раман Цеслянок, які ўзначальвае раённае аддзяленне партыі «Белая Русь».

– Усе вы добра добра ведаеце, як наш Прэзідэнт цэніць і падтрымлівае вялікія сем’і. Мнагадзетнасць у Беларусі ўзведзена ў ранг нацыянальнага прыярытэту. А сама назва праекта сугучная з вядомым тэзісам кіраўніка дзяржавы аб тым, што кожны трэці нованароджаны знаходзіцца пад яго патранатам. Чым больш у сем’ях будзе з’яўляцца дзяцей, тым мацнейшай будзе наша дзяржава. І для гэтага ў краіне створаны ўсе ўмовы. Разлічваць на такія сацыяльныя гарантыі, як у Беларусі, могуць далёка не ўсюды, – адзначыў Раман Міхайлавіч.

Ён павіншаваў сем’і з папаўненнем і пажадаў бацькам, каб іх дзеці раслі здаровымі і шчаслівымі. А  ў дадатак да цёплых слоў – кветкі, падарункі і музычны нумар.

Раздзяліць радасць урачыстага моманту з чарговымі ўдзельнікамі агульнанацыянальнага праекта прыйшлі таксама загадчык сектара культуры райвыканкама, намеснік старшыні раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Сяргей Даўгулявец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Цалуйка, начальнік аддзела ЗАГС Маргарыта Бруйло.

У ліку тых, хто атрымаў «Бацькаву кашулю», – сям’я Давыдоўскіх: побаз з Алінай і Яўгеніем былі іх дзеці. Гэта пяцігадовая Таісія, двухгадовы Раман і маленькая Дар’я, якая з’явілася на свет тры месяцы назад.

– Пра акцыю «Трэці – Бацькаў» мы ведалі, і прэзідэнцкі падарунак, безумоўна, чакалі. Плануем хрысціць дачку менавіта ў гэтай кашулі і перадаваць яе ў спадчыну – дзецям, унукам, спадзеючыся на іх шчаслівы лёс і захоўваючы сувязь пакаленняў, – падзялілася маці.

Па яе словах, нараджэнне Дар’і было жаданым і радасным момантам у сям’і:

–  Хацелі менавіта дзяўчынку, асабліва Таісія, – так і атрымалася. Яе з’яўленне запомніцца яшчэ і вось такім прыемным момантам, асаблівым знакам увагі. Дзеці для нас, бацькоў, – шчасце, яны напаўняюць жыццё сэнсам. А для іх нараджэння, выхавання і развіцця ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы. І падтрымка дзяржавы адчувальная: не толькі матэрыяльная, але і духоўная, маральная, у выглядзе такіх душэўных традыцый.

Менавіта любоў, якая не патрабуе гучных слоў, дапамога, на якую можна разлічваць у цяжкую хвіліну, і традыцыі, якія перадаюцца ад пакалення да пакалення, – то, што робіць сям’ю сапраўды трывалай.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ