Нам пішуць. Сваімі ўспамінамі пра працу ў Хракавіцкай школе падзялілася Любоў Майсеенка

Важнае Грамадства

Нядаўна я адзначыла 80-годдзе і была вельмі ўражана колькасцю цёплых, кранальных віншаванняў і прыемных сюрпрызаў. А першага верасня атрымлівала іх зноў – ужо з нагоды Дня ведаў. І асабліва прыемна, што не абмінулі мяне ўвагай землякі, калегі, мае былыя вучні, хаця я ўжо дваццаць гадоў не працую ў школе і не пражываю ў Хракавічах. Іх шчырыя, сардэчныя словы, якія былі напісаны на яркіх паштоўках, прагучалі па тэлефоне, расчулілі да глыбіні душы. А сёстры Ларыса і Наталля Царанок арганізавалі са мной асабістую сустрэчу. Ніна Болбас, з якой сябрую 54 гады, і Ірына Болбас, якую вучыла, завіталі дадому. Я шчыра ўдзячна вам, дарагія, за ўвагу, і вельмі ганаруся, што педкалектыў Хракавіцкай школы, у складзе якога працавала і я, бацькі маіх вучняў выхавалі ў вясковых хлапчукоў і дзяўчынак пачуццё павагі да старэйшых, да тых, хто даў ім пуцёўку ў дарослае жыццё. Упэўнена, што і сённяшнія настаўнікі берагуць і прымнажаюць нашы традыцыі.

Мой педагагічны стаж складае 43 гады, і 34 з іх я выкладала хімію і біялогію ў Хракавіцкай школе. Свае ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы імкнулася зрабіць не толькі пазнавальнымі, але і цікавымі, нават рамантычнымі. Узгадваю, з якім натхненнем мы стваралі экалагічную сцяжынку і колькі творчасці праявілі мае вучні, калі абсталёўвалі кожную новую стаянку. Як вясной мы падарожнічалі пехатою, летам і восенню – на веласіпедах, зімой – на лыжах, а хто – і на конных санях. Як арганізоўвалі спартыўныя і інтэлектуальныя конкурсы, а на завяршэнне гатавалі просценькія пачастункі з хлеба, бульбы і сала…

Сваім святым абавязкам я і мае калегі лічылі выхаваць у дзяцей павагу да чалавека працы, любоў да роднага краю, патрыятызм. Ганаруся, што мела непасрэднае дачыненне да правядзення мітынгаў і ўрачыстых лінеек каля помніка загінуўшым савецкім воінам. Абавязковым у нас было нясенне Вахты памяці лепшымі піянерамі і камсамольцамі школы.

Прыгожа мы ўшаноўвалі людзей працы, ветэранаў Вялікай Айчыннай, воінаў-афганцаў. Як правіла, заключным акордам урачыстасцей была канцэртная праграма, падрыхтаваная педагогамі і вучнямі.

Шчыра прызнаюся, што заўсёды рада бачыць фота сваіх былых вучняў на старонках «Маяка Палесся» і чытаць аб іх поспехах: хлебаробаў і жывёлаводаў, вадзіцеляў і механізатараў, кіраўнікоў і спецыялістаў. Ганаруся, што вучыла іх розуму, дабру. І ад шчырага сэрца жадаю ўсім плёну і натхнення, мірнага неба і ладу ў сем’ях.

Дзякуй Богу, што паслаў мне такую колькасць добрых людзей, што ёсць каму перадаць свой жыццёвы вопыт: дзецям, унукам і праўнучку.

Зямны паклон усім, хто не забывае мяне, – калегам і сябрам, былым вучням і аднавяскоўцам. У іх ліку Ніна Болбас і Ганна Бабрынёва, Ірына Болбас, Святлана Ганчарэнка і Марыя Дзямковіч, Міхаіл і Валянціна Казачэнкі, Ірына Канопліч, Міхаіл і Марыя Літвіненкі, Пётр, Надзея і Яўген Махначы, Святлана і Пётр Пінчукі, Святлана і Яўген Сцецкія, Аляксандр і Ларыса, Павел і Анастасія Ткачэнкі, Валянціна Тырлюк, Ірына і Тамара Хіжанок, Аляксандр Паўлавіч і Галіна Рыгораўна Цярэшчанкі.

З павагай і бязмежнай удзячнасцю,
Любоў Майсеенка

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.