
Добразычлівая, шчырая, уважлівая і спагадлівая. Усе гэтыя эпітэты ў поўнай меры можна аднесці да Тамары Баброўнік, якая крочыць па педагагічнай сцяжыне сорак гадоў. І за гэты час ні разу не ўсумнілася: вучыць і выхоўваць – яе справа.
Як некалі сказала ў першым класе: «Буду настаўніцай!», так і атрымалася. Калі ў руках ужо было пасведчанне аб базавай адукацыі, паступіла ў Лоеўскае педвучылішча. А потым, пасля яго заканчэння, вярнулася ў родны раён. І менавіта побач з гэтай настаўніцай у многіх вучняў усё было ўпершыню: урачыстая лінейка, урок, адказ каля дошкі, адзнака, дыктант, кантрольная работа. Колькі душэўных сіл, цярплівасці і мудрасці патрэбна, каб зацікавіць, натхніць, накіраваць на правільны шлях яшчэ такіх недасведчаных, не заўсёды паслухмяных і ўседлівых хлопчыкаў і дзяўчынак. Без любові да дзяцей нічога не атрымаецца, – пераканана Тамара Іванаўна. І цеплыні яе вялікага сэрца хапае на ўсіх.
Пяць першых працоўных гадоў жанчыны звязаны з Вуглоўскай сярэдняй школай, а ўсе наступныя – з Камарынскай, дзе вучылася і сама. Вышэйшую адукацыю яна атрымала завочна. Але прафесія, якой прысвяціла жыццё, – гэта пастаяннае самаўдасканаленне, работа над сабой. Настаўнік не можа затрымацца на адным узроўні: новы час, новыя пакаленні, тэхналогіі, глабальныя выклікі. У век камп’ютарных тэхналогій і «разумных» гаджэтаў дзеці, як прыкмячае Тамара Іванаўна, мала чытаюць, больш схільныя да негатыўнага ўплыву. Таму мэта настаўніка – знайсці такія формы і метады работы, якія спрыяюць развіццю мыслення, уменню аналізаваць, дапамагаюць самастойна прыйсці да правільных высноў. Патрэбна закласці трывалую сістэму маральных каштоўнасцей. А гэта значыць – навучыць адрозніваць дабро і зло, быць справядлівымі і адказнамі, даражыць Радзімай, жыць у згодзе з іншымі.
Як клапатлівая маці, надзейны сябар, праваднік і дарадчык, настаўніца закладвае ў вучнях пачатковых класаў зерне цікавасці да ведаў, гісторыі і традыцый сваёй краіны, культурнай спадчыны. І шчыра верыць: яно абавязкова прарасце. Спрыяе гэтаму цёплая, добразычлівая атмасфера ў класе, узаемаразуменне і псіхалагічны камфорт на ўроках. Дзяцей вельмі важна, як заўважае педагог, натхніць на добрыя ўчынкі, карысныя справы. Не кожнаму, вядома, быць акадэмікам ці прафесарам, а вось сумленнымі, адказнымі людзьмі павінны стаць усе.
Цяпер пад апекай Тамары Іванаўны – 11 вучняў, якіх яна вядзе па дарозе пазнання чацвёрты год. А колькі яшчэ пачаткоўцаў выпушчана! Развітвацца, як зазначае, заўсёды цяжка. Але пра сваю першую настаўніцу вучні не забываюць – дзеляцца і поспехамі, і праблемамі, цікавяцца справамі, віншуюць са святамі нават пасля заканчэння школы. Іх прызнанне, удзячнасць, давер, знойдзеная справа па душы, жыццё па сумленні і ёсць самая высокая ўзнагарода.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Цімафея МІХАЛЕНКІ

