Званок на адпачынак. Без заданняў і кантрольных

Важнае Грамадства

Школьнікі ў чаканні: яшчэ адзін дзень – і канікулы! А для дарослых набліжаецца час асаблівай пільнасці.

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна пачаўся навучальны год, а першая чвэрць ужо на фінішы. З нядзелі, 1 лістапада, у школьнікаў – асеннія канікулы. На адпачынак адведзена восем дзён. Перыяд, за які патрэбна зняць эмацыянальнае напружанне, умацаваць здароўе, аднавіць сілы. Іншымі словамі, правесці гэтыя дні з карысцю. Таму задача дарослых нумар адзін – забяспечыць максімальную занятасць непаўналетніх, не дазволіць ім здзейсніць супрацьпраўныя ўчынкі, трапіць пад дрэнны ўплыў.

Менавіта такую мэту ставіць прафілактычная акцыя «Арганізуй свой вольны час», якая пройдзе ў раёне ў перыяд канікул: з 2 па 8 лістапада. Спецыялісты загадзя прадумалі, якія варыянты занятасці прапанаваць дзецям, каб засцерагчы іх ад неабдуманых крокаў і небяспек. У прыватнасці, на базе 11 устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі будуць працаваць аздараўленчыя лагеры дзённага знаходжання з ахопам 180 вучняў. Для іх прадугледжаны цэлы комплекс творчых, спартыўных, пазнавальных і іншых мерапрыемстваў. А хтосьці не супраць і папрацаваць: на базе гімназіі, Малажынскай і Брагінскай сярэдніх школ запланавана рэалізацыя працоўных праектаў пры садзейнічанні службы занятасці. У іх будзе задзейнічаны 41 падлетак.

Акрамя гэтага, вучняў чакаюць экскурсіі, дні адкрытых дзвярэй, валанцёрская дзейнасць, працоўныя дэсанты і інш. Каб канікулы прайшлі не толькі цікава, але і бяспечна, з карысцю, у работу, накіраваную на захаванне жыццяў і здароўя дзяцей, фарміраванне ў іх законапаслухмяных паводзін і цвёрдых маральных прынцыпаў, уключацца ўсе суб’екты прафілактыкі.

Спецыялісты наведаюць сем’і з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе. Дадатковыя меры будуць прыняты для таго, каб непаўналетнія не з’яўляліся ў позні час на вуліцах і ў іншых грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых і каб у іх рукі не траплялі напоі з градусам.

– У перыяд, калі рана цямнее і больш вольнага часу ў школьнікаў, узрастае рызыка трапіць у непрыемную, а то і небяспечную сітуацыю. Таму варта ўзмацніць кантроль за месцазнаходжаннем сваіх дзяцей і часцей цікавіцца іх справамі і заняткамі, абмяркоўваць з імі правілы, адступленне ад якіх можа прывесці да сур’ёзных паследкаў, – нацэльвае бацькоў намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга ЯСІНСКАЯ.

Менавіта ўвага, клопат і ўдзел самых блізкіх людзей, цёплая атмасфера ў сям’і і правільна арганізаваны вольны час – лепшая гарантыя бяспечнага і добрага адпачынку.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА