За гады незалежнасці Беларусь здабыла не толькі матэрыяльную, але і духоўна-маральную моц. На падтрымку нашых лепшых чалавечых якасцей, нацыянальных рыс накіраваны шэраг дзяржаўных ініцыятыў, сярод якіх і навагоднія дабрачынныя акцыі «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы». Яны сталі сімвалам гуманнасці, спагады, клопату пра бліжніх, адзінства людзей у сучаснай гісторыі краіны. Сімвалам бескарыслівасці.
Першы з вышэйназваных марафонаў – «Нашы дзеці», што праходзіць пад асабістым патранатам Прэзідэнта, дорыць юным беларусам яркія эмоцыі, зарад энергіі і пазітыву амаль тры дзесяцігоддзі. Ён аб’ядноўвае і натхняе на добрыя справы тысячы людзей, дазваляючы сфакусіраваць увагу дзяржавы і грамадства на праблемах дзяцінства. Галоўная мэта – падтрымаць у зімовыя святочныя дні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і аказаць ім канкрэтную дапамогу, а таксама заахвоціць тых, хто дасягнуў высокіх вынікаў у вучэбнай, творчай, спартыўнай дзейнасці.
Час правядзення чарговай традыцыйнай акцыі – з 16 снежня 2024 года па 15 студзеня 2025-га. У планах, як заўсёды, шэраг святочных урачыстасцей з удзелам ганаровых гасцей, культурна-забаўляльнымі праграмамі, уручэннем падарункаў і іншымі сюрпрызамі.
У Брагіне, дарэчы, толькі раённае дабрачыннае мерапрыемства збярэ 24 снежня каля 90 юных жыхароў. Гэта ў асноўным дзеці-сіроты і тыя, хто застаўся без папячэння бацькоў, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У праграме – навагодняе прадстаўленне і парад Дзедаў Марозаў і Снягурачак.
Каб садзейнічаць умацаванню дружбы і ўзаемаразумення, зноў запаліць свае агні «Ёлка міру». Адметна, што пачатак гэтай традыцыі на Брагіншчыне быў пакладзены з актыўным развіццём у раёне міратворчага руху, у аснове якога – імкненне палепшыць жыццё людзей шляхам добрых спраў. Сёлета мерапрыемства з удзелам 110 юных міратворцаў пройдзе 27 снежня.
Каля 60 вучняў, якія вызначыліся падчас прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, накіруюцца на раённы Калядны баль. Ен адбудзецца ў Брагіне 3 студзеня.
Яшчэ 13 хлопчыкаў і дзяўчынак пабываюць у Гомелі, каб акунуцца ў атмасферу абласнога навагодняга свята. Запланавана яно на 27 снежня.
У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Калядная ёлка – нашы дзеці», што традыцыйна арганізоўваецца для юных жыхароў раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, падарункі атрымаюць вучні пачатковых класаў Брагінскай і Мікуліцкай школ. А дакладней – устаноў адукацыі, якія знаходзяцца ў зоне з правам на адсяленне.
Не застануцца без увагі дзеці, якія выхоўваюцца ў доме сямейнага тыпу, часова знаходзяцца ў сацыяльным прытулку, наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Галоўнай падзеяй акцыі «Нашы дзеці» стане, як заўсёды, рэспубліканскае навагодняе свята ў Мінску з удзелам Прэзідэнта, запланаванае на 26–27 снежня. Запрошаны на яго і двое нашых юных землякоў: вучаніца Вуглоўскай школы Анастасія Місуно і гімназістка Кацярына Царанок. У сталіцы збяруцца больш за дзве тысячы дзяцей.
Яшчэ адна катэгорыя, якую не менш важна павіншаваць з навагоднімі святамі, наведацьу гэтыя зімовыя дні, – людзі залатога ўзросту. Адзінага фармату такіх сустрэч няма, але ёсць абавязковая ўмова: рабіць гэта патрэбна толькі ад усёй душы. Адпаведную акцыю ў 2022 годзе ініцыіраў кіраўнік дзяржавы, і яе ў грамадстве падтрымалі. Сутнасць – ахінуць цяплом, увагай і клопатам тых, дзякуючы каму сёння ў нашай краіне мір, спакой і дабрабыт, хто застаўся на схіле гадоў адзінокім. Гэта людзі, якія перажылі вайну, ветэраны працы, доўгажыхары, інваліды. Павіншаваць іх прыйдуць, у тым ліку ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання, не толькі кіраўнікі дзяржаўных органаў, устаноў і прадпрыемстваў, але і моладзь, дзеці. Сустрэчы будуць суправаджацца чаяпіццямі, святочнымі праграмамі, валанцёрскай дапамогай.
Сёлета дабрачынная кампанія «Ад усёй душы» стартуе 26 снежня і прадоўжыцца да 15 студзеня. Удзел у ёй у нашым раёне плануюць прыняць прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, дэпутаты, вучні школ і інш.
Цёплыя словы, віншаванні, падарункі, рэальная дапамога – далучыцца да марафону добрых спраў можа кожны.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.