Гімназістка з Брагіна Ангеліна Махнач – пераможца міжнароднага конкурсу «3D Invention»

Галоўнае Грамадства

У свеце, дзе тэхналогіі імкліва ўрываюцца ў наша жыццё, а творчасць становіцца ключавым навыкам, юныя таленты Беларусі ўпэўнена заяўляюць пра сябе. Адзін з яркіх прыкладаў – 10-класніца гімназіі г.п. Брагіна Ангеліна Махнач, якая прадэманстравала сваё майстэрства ў 3D-мадэляванні, стаўшы пераможцай прэстыжнага міжнароднага конкурсу «3D Invention».

Напэўна, нашы чытачы заўважылі: падчас сустрэчы з моладдзю Брагіншчыны старшыня аблвыканкама Іван Крупко зацікавіўся праектам Ангеліны і пажадаў ёй перамогі – на той момант работа была толькі накіравана на конкурс. Добрыя пажаданні Івана Іванавіча спраўдзіліся.

Яе талент і крэатыўны падыход да стварэння трохмерных мадэляў былі высока ацэнены журы, у склад якога ўвайшлі вядучыя эксперты ў сферы 3D-графікі і дызайну. Перамога Ангеліны – гэта не толькі асабістае дасягненне, але і гонар усяго раёна.

Конкурс «3D Invention» з’яўля-ецца аўтарытэтнай пляцоўкай для дэманстрацыі інавацыйных ідэй і перадавых тэхналогій у галіне трохмернага мадэлявання. Удзел у ім прымаюць маладыя таленты з усяго свету, якія прадстаўляюць свае праекты ў розных катэгорыях.

Пра конкурс Ангеліна даведалася ад аднаго з выкладчыкаў Нацыянальнага тэхнапарка, дзе сёлета навучалася. Па выніках субяседвання яна паступіла на аддзяленне «Інжынерная экалогія». Варта адзначыць, што дакументы ва ўстанову падавалі дзеці з усёй рэспублікі.

– Стварыць 3D-мадэль руха-віка ўнутранага згарання прапанаваў мой настаўнік Сяргей Алфімцаў. Ідэя мне спадабалася, таму што рэч гэта запатрабаваная і цікавая сваім механізмам. Разам над праектам мы працавалі недзе два месяцы, – зазначае Ангеліна.

Як яна расказала, раней у конкурсе «3D Invention» дамінавалі ўдзельнікі з Расіі. Аднак сёлета фартуна ўсміхнулася ёй, ураджэнцы Брагіншчыны. Пра перамогу Ангеліна даведалася ад настаўніка, а затым яе павіншавалі бацькі, настаўнікі і аднакласнікі.

– Цікавіцца інжынерным майстэрствам я пачала з сёмага класа, дадаткова займаюся ў гуртку «Прататыпаванне», які вядзе Сяргей Аляксандравіч. Калі што не зразумела, ён заўсёды дапаможа, – расказвае дзяўчына.

Ангеліна сканчвае 10 клас і плануе звязаць сваё жыццё з медыцынай: марыць стаць стаматолагам, дзе зможа прымяніць свае навыкі 3D-мадэлявання. А ў летні перыяд, яна плануе папрацаваць у студатрадзе, каб зарабіць уласныя грошы.

Перамога Ангеліны Махнач пацвярджае высокі ўзро-вень падрыхтоўкі беларускіх школьнікаў у сферы інфарма-цыйных тэхналогій і адкрывае перад ёй новыя перспектывы для далейшага развіцця ў гэтай галіне.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.