У Брагінскім раёне кіпіць жыццё не толькі на вытворчых пляцоўках, але і на віртуальных палях бітваў. Тут, удалечыні ад сталічнай мітусні, жыве і трэніруецца 20-гадовы Максім Раманенка, ураджэнец Краснага, – малады і амбіцыйны кіберспартсмен, які заваёўвае вяршыні ў свеце анлайн-танкаў.
Яго гісторыя пачалася, як і ў многіх геймераў, з простага захаплення. Але як толькі хлопец адчуў смак перамогі і зразумеў, што можа гуляць на сур’ёзным узроўні, стаў шукаць магчымасці для развіцця. Так ён трапіў у камандную гульню, дзе асвойваў асновы тактыкі, стратэгіі і, галоўнае, камунікацыі – краевугольнага каменя кіберспорту.
– Калі з’явіўся кіберспорт, я адразу зацікавіўся ім, – успамінае Максім. – Першым выпрабаваннем стаў матч супраць каманды на турніры «В». Вядома ж, хваляваўся. Тады мы, на жаль, прайгралі, – узгадвае Максім.
Але паражэнне не зламала. Спартсмен прааналізаваў памылкі, зрабіў высновы і з падвоенай энергіяй пачаў рыхтавацца да наступнага матча – «BetBoom Бітва Чэмпіёнаў 2025. Спліт #2».
Цяжкасці былі, і немалыя:
– Адсутнічала камандная камунікацыя ў баі, кожны дзейнічаў сам па сабе.
Памылкі ўлічылі. Дзякуючы ўпартым трэніроўкам і сумеснай працы, каманда PARADOX, у якой гуляе Максім, змагла пераадолець усе перашкоды і выпрацаваць зладжаны механізм гульні.
Характэрна, што Максім, пачаўшы свой шлях, не афішыраваў сваё захапленне, але ж аднадумцы былі. А цяпер побач з ім дзяўчына, якая падзяляе яго інтарэсы, ганарыцца яго поспехамі і перажывае няўдачы разам з ім.
З вучобай у школе праблем не ўзнікала, але паступленне ва ўніверсітэт унесла свае карэктывы. Сумяшчаць вучобу і трэніроўкі на высокім узроўні аказалася няпроста. Максім выпрацаваў свой рэжым, дзе ўсяму знайшлося месца.
Нягледзячы на тое што малады чалавек адносна нядаўна ў кіберспорце, ён ужо паспеў адчуць смак перамогі. Яго каманда перамагла прамога канкурэнта – каманду GESHTALT, перавярнуўшы матч з ліку 0:2 у 4:2.
– Мы, безумоўна, былі вельмі рады гэтаму, – кажа Максім.
У каманду PARADOX зямляк патрапіў праз знаёмага, адразу пасля вяртання з арміі. Спачатку было цяжка прыйсці ў форму пасля паўтарагадовага перапынку, але ўпартасць і працавітасць зрабілі сваю справу.
Трэніроўкі каманды прахо-дзяць некалькі разоў на тыдзень і працягваюцца па 3–4 гадзіны. У гэты час адпрацоўваюцца новыя тактыкі, вывучаецца праціўнік, аналізуецца гульня кожнага ўдзельніка і карэкціруюцца памылкі.
Максім – універсальны гулец, які добра сябе паказвае як у адзіночнай, так і ў каманднай гульні. Ён умее аналізаваць сітуацыю, карэкціраваць свае дзеянні і накіроўваць каманду. Падчас турніраў ён імкнецца канцэнтравацца на гульні і выкладвацца па поўнай.
– Пакуль у мяне няма гучных дасягненняў, – сціпла кажа Максім. – Але каманда знаходзіцца ў выдатнай форме, і мы – на першым радку ў нашым дывізіёне. Я ўпэўнены, што пройдзем далей.
У планах земляка – далейшае развіццё ў кіберспорце, паляпшэнне навыкаў гульні і нарошчванне вопыту. Ён марыць аб буйных турнірах і новых перамогах.
– Для мяне галоўнае – не стаяць на месцы, працягваць развівацца і памнажаць свае дасягненні, – кажа Максім.
Акрамя кіберспорту, ён захапляецца цяжкай атлетыкай. Падтрымлівае сяброўскія адносіны з іншымі гульцамі і імкнецца ўдзяляць час блізкім і сябрам.
Хлопец верыць у будучыню кіберспорту і спадзяецца, што гэта індустрыя будзе развівацца і ў яе з’явіцца больш прыхільнікаў.
Дэвіз Максіма просты і лаканічны: «Іду да сваёй мэты, які б складаны шлях ні быў». І з такім настроем ён абавязкова заваюе новыя вяршыні ў свеце кіберспорту. Застаецца толькі пажадаць яму поспеху і сачыць за яго перамогамі на віртуальных палях бітваў.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.