Заўтра, 24 мая, мудрыя наказы ў дарогу атрымаюць юнакі і дзяўчаты, якія ўступаюць у дарослае жыццё. Для іх прагучыць званок. Апошні…

Галоўнае Грамадства

З сабой у дарогу выпускнікі Чамярыскай школы возьмуць трывалыя веды, стараннасць, настойлівасць у дасягненні мэтаў і слушныя парады класнага кіраўніка.

Амаль праз дзевяць доўгіх месяцаў зноў прачнецца, міжволі пазяхне і выскачыць з каробачкі залацісты званочак. І адразу ж, зірнуўшы на прыбраных, са стракатымі букетамі вучняў, упрыгожыць сябе шыкоўным пунсовым бантам. А як жа?.. У школе – урачыстасць. Хвалюючы момант – і для выпускнікоў, і для іх настаўнікаў, і для бацькоў.   

У думках кожнага, відаць, у гэты майскі дзень прамільгне: як няўмольна хутка ляціць час! Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна – першакласнікі, а сёння –  такія самастойныя, са сфарміраванымі поглядамі. І радасна, і сумна адначасова. Зразумела: наперадзе – адказны выбар, поўнае нечаканых паваротаў жыццё. Таму хочацца верыць: усё складзецца найлепшым чынам. Патрэбна толькі мець вялікае жаданне несці ў свет дабро, імкнуцца да высакародных мэтаў. І розум, і талент накіроўваць на карысць краіны, заставацца ўдзячнымі тым, хто вырасціў і выхаваў, шчодра дзяліўся ведамі, жыццёвым вопытам, не цурацца месца, да якога прывязаны каранямі.

Ужо потым, праз гады, не раз нахлыне настальгія па дзяцінстве і ў памяці ўсплыве такое багатае на падзеі і адкрыцці, насычанае школьнае жыццё. А пакуль яшчэ для ўсіх іх, заўтрашніх герояў дня, будуць гучаць цёплыя словы, слушныя парады, мудрыя наказы – і раза-льецца кранальная мелодыя апошняга званка.

Сёлета на Брагіншчыне адзінаццатыя класы заканчваюць 118 вучняў, дзявятыя – 124. Наперадзе ў кожнага – выпускныя іспыты. А будучых абітурыентаў чакае яшчэ паступленне ў выбраную навучальную ўстанову. Удачы!

Няхай накіроўваюць, натхняюць, дапамагаюць мудрыя словы настаўнікаў, здабытыя веды і сяброўства, тысячы вялікіх і малых падзей, з якіх было саткана школьнае жыццё.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.