Ад зварачнага апарата да футбольных баталій. Расказваем гісторыю Сяргея Марчанкі

Галоўнае Грамадства Спорт

Сяргей Марчанка – чалавек, які спалучае ў сабе сілу духу і залатыя рукі. Працуючы электрагазазваршчыкам у сферы дарожнага будаўніцтва, ён знаходзіць час для свайго захаплення. У складзе ФК «Брагін» змагаецца за перамогу ў чэмпіянаце Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі, даказваючы, што сапраўднаму спартсмену пад сілу ўсё.

Нарадзіўся Сяргей у Брагіне, тут жа скончыў школу, і з дзяцінства яго сэрца было аддадзена двум відам спорту – футболу і хакею. Але перавагу аддаў першаму. У школьныя гады ён старанна трэніраваўся ў секцыі пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў Паўла Камагурава і Леаніда Зуеўскага, удзельнічаў у розных турнірах.

Пасля таго, як атрымаў спецыяльнасць электрагазазваршчыка ў Гомелі, некаторы час жыў у Мазыры, але любоў да роднага краю аказалася мацнейшай – вярнуўся ў ціхі і ўтульны Брагін. Стаў актыўным удзельнікам раённых чэмпіянатаў і турніраў, гуляючы за «Дублін». А цяпер, ужо другі год запар, абараняе колеры «Брагіна» ў абласным чэмпіянаце.

Сяргей з гонарам адзначае, што за час яго гульні ў зборнай адбыліся значныя змены:

– Каманда вырасла. Маладому пакаленню далі магчымасць паказаць сябе і навучыцца ў больш вопытных гульцоў. Аднак нам неабходна ўдзяляць больш увагі трэніроўкам для дасягнення лепшых вынікаў.

У нядаўнім матчы супраць лідара групы – хайнікчан – Сяргей праявіў сябе сапраўдным байцом, але, на жаль, атрымаў дзве жоўтыя карткі, што прывяло да выдалення з поля. Нягледзячы на гульню ў меншасці, брагінчане здолелі адстаяць нічыю – 3:3.

Гэты матч запомніўся не толькі напружанай барацьбой, але і падтрымкай балельшчыкаў, якія прыйшлі на трыбуны стадыёна.

– Для мяне падтрымка землякоў – самае галоўнае ў настроі на матч. Ад гэтага залежыць частка выніку каманды. І менавіта яна дадала нам сіл у гульні супраць моцнага саперніка, – падкрэсліў футбаліст.

У вольны ад працы і трэніровак час Сяргей любіць хадзіць у грыбы і ягады, а зімой, як і ў дзяцінстве, з задавальненнем гуляе ў хакей. Навыкі, набытыя ў юнацтве, не толькі не забытыя, але і ўдасканальваюцца. Спартсмен разам з сябрамі адпраўляецца на бліжэйшыя каткі, каб атрымаць асалоду ад любімай гульні.

Наперадзе брагінчан чакае яшчэ некалькі важных матчаў, у тым ліку супраць Лоева і Нароўлі. Шанцы на перамогу высокія, і мы жадаем камандзе і Сяргею Марчанку ў прыватнасці поспехаў. На жаль, у бліжэйшым матчы ён не зможа прыняць удзел праз дыскваліфікацыю, але абавязкова будзе падтрымліваць каманду з трыбун.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.