Аліна Шчучэнка: ад захаплення да прафесіі

Галоўнае Грамадства Спорт

Аліна Шчучэнка родам з Брагіна, з ранніх гадоў была ўдзельніцай усіх раённых спаборніцтваў. Яе талент і ўпартасць не раз прыводзілі яе на п’едэстал абласных першынстваў. Спорт для дзяўчыны – не проста захапленне, а лад жыцця. Таму пры выбары будучай прафесіі доўга не вагалася: вырашыла стаць трэнерам-выкладчыкам, каб перадаваць свой энтузіязм і веды падрастаючаму пакаленню.

Пасля заканчэння школы Аліна паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, дзе з галавой акунулася ў студэнцкае жыццё, поўнае новых магчымасцей і спартыўных дасягненняў. Яна актыўна ўдзельнічала ва ўніверсітэцкіх турнірах. Але самым яркім момантам сталі рэспубліканскія спаборніцтвы па лыжных гонках.

Пасля заканчэння ВНУ (у мінулым годзе) Аліна вярнулася ў родную школу ў якасці маладога спецыяліста:

– Рада працаваць менавіта тут, у месцы, дзе прайшлі маё дзяцінства і юнацтва. Прыемна ўсведамляць, што мара, якая зарадзілася яшчэ ў школьныя гады, спраўдзілася: я вярнулася ў родныя сцены, але ўжо настаўнікам.

Зараз дзяўчына трэніруе самых юных спартсменаў – вучняў 2–3 класаў, а таксама старэйшых. І яе выхаванцы ўжо паспелі заявіць пра сябе: не раз перамагалі на раённых спаборніцтвах і з’яўляліся прызёрамі занальнага этапу абласных.

– Матывацыя – вось што самае галоўнае ў навучанні, – упэўнена Аліна.

Яна лічыць: каб зацікавіць дзяцей спортам, трэба запаліць у іх іскру, абудзіць жаданне рухацца наперад. Зямлячка шчодра дзеліцца сваім вопытам з вучнямі, прывіваючы ім любоў да спорту ўласным прыкладам. І сама не спыняецца на дасягнутым, працягвае ўдзельнічаць у раённых, абласных і нават рэспубліканскіх спаборніцтвах.

У скарбонцы маладой настаўніцы ўжо ёсць перамогі на абласным узроўні і сярэбраны медаль па валейболе, заваяваны на рэспубліканскім прафсаюзным турзлёце. У планах – заваяваць золата.

Нягледзячы на насычанае спартыўнае жыццё і напружаны працоўны графік, Аліна заўсёды знаходзіць час для родных і блізкіх. Актыўны адпачынак – гэта тое, што дапамагае ёй аднаўляць сілы і атрымліваць новыя ўражанні.

Галоўнай прафесійнай мэтай Аліна ставіць перамогу на рэспубліканскім узроўні. А сваіх падапечных бачыць на п’едэстале абласных спаборніцтваў і вышэй.

Ну што ж, здзяйснення мараў!

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.