А душой – на малой радзіме. Наш зямляк Аляксандр Цярэшчанка, заслужаны міратворац, святкуе сямідзесяцігоддзе

Грамадства Літаратурная гасцёўня

Упершыя дні жніўня заслужаны міратворац, наш пазаштатны аўтар Аляксандр Цярэшчанка святкуе 70-гадовы юбілей. З ім мяне некалі звёў выпадак і журналісцкія шляхі-дарогі. Я рыхтавала матэрыял пра яго зямляка Аляксандра Радчанку, які на веласіпедзе падарожнічаў па свеце і ў 2017 годзе, калі накіроўваўся з Санкт-Пецярбурга ў горад Бары, наведаў Брагін. Ён імкнуўся ў Італію, каб пакланіцца мошчам Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Адна з мэт – прывезці з месца, дзе яго ўслаўляюць, асвечаную ікону, каб потым прымацаваць яе да паклоннага крыжа ў Рудні Жураўлёвай. Упершыню я пачула пра ініцыятыву вяскоўцаў і прозвішча Цярэшчанка.

У той час справа ў Рудні Жураўлёвай, адкуль родам Аляксандр Паўлавіч, рабілася вялікая і значная – стваралася памятнае месца. І на Міколу летняга (прастольнае свята) адбылося ўрачыстае адкрыццё, пад час якога і пазнаёмілася з чалавекам, які стаў сябрам.

Зараз у вёсцы не толькі паклонны крыж, а цэлы памятны комплекс землякам, якія склалі галовы падчас Вялікай Айчыннай, са спісамі ахвяр фашызму, спаленых вёсак. Знайшлося месца і для невялікай капліцы, дзе можна правесці службу, памаліцца.

Потым была рэканструкцыя помніка ахвярам генацыду ў Брагіне, шмат іншых добрых спраў на карысць раёна. Вядома, усё гэта не пад сілу аднаму чалавеку. Але ж Аляксандр Цярэшчанка не толькі падае нейкія ідэі ці прапановы – ён актыўна іх прасоўвае, удзельнічае ў іх рэалізацыі. Не застаюцца ўбаку і раённыя, абласныя ўлады. Так, усім мірам, добрыя праекты ўвасабляюцца ў жыццё, – нездарма ж Аляксандр Паўлавіч і актыўны ўдзельнік міратворчага руху.

А яшчэ ён піша вершы, складае песні і гаворыць па-беларуску. Фізік па прафесіі і лірык у душы.

Штомесяц у рэдакцыі «Маяка Палесся» аналізуецца падпісная кампанія. І калі сярод адрасоў за межамі раёна я бачу Светлагорскі раён, аграгарадок Дуброва, дзе зараз жыве наш зямляк, на душы святлее. Сувязь «чалавек – малая радзіма» не страчана, наадварот, мацнее. Нагадаю словы Аляксандра Паўлавіча: «Тут мае карані».

Галіна ШАЎЧЭНКА

Бацькоўскай зямлі прыцягненне

Паважаны Аляксандр Паўлавіч! Вы сапраўдны патрыёт, які робіць усё магчымае для захавання гістарычнай памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, спадчыны роднага краю, перадачы гэтых бясцэнных каштоўнасцей падрастаючаму пакаленню.

Юныя міратворцы заўсёды прыслухоўваюцца да вашага меркавання, цэняць і паважаюць Вас як чалавека з багатым жыццёвым вопытам, як аднаго з лідараў міратворчай дзейнасці. А вашы ідэі і ініцыятывы, увасобленныя ў жыццё, вучаць іх даражыць сваёй Радзімай, тым, што пакінулі ў спадчыну нашы продкі.

Ад шчырага сэрца жадаю Вам усяго самага важнага і неабходнага ў жыцці: здароўя, душэўнага спакою, шчасця. Няхай кожны Ваш новы дзень будзе напоўнены толькі прыемнымі ўражаннямі, пазітыўнымі эмоцыямі і цікавымі сустрэчамі. Ніколі не губляйце аптымізму і бадзёрасці. З юбілеем!

Наталля ДАЎЖАНОК,
старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру

***

Здаецца, гэтага чалавека ведаю ўсё жыццё, настолькі Аляксандр Паўлавіч адкрыты, добразычлівы і спагадлівы.

З першай нашай сустрэчы ўспамінаю, з якім хваляваннем і любоўю гаварыў ён пра сваю вёску, сваіх аднавяскоўцаў. Аляксандр Паўлавіч ганарыцца поспехамі сваіх землякоў, радуецца іх творчым і працоўным перамогам.

З цеплынёй і павагай узгадвае сваіх настаўнікаў. Менавіта яны дапамаглі таленавітаму хлопцу выбраць прафесію – стаць педагогам. І сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ён не пакідае працы. Любоў да дзяцей, да абранай справы бярэ верх. Пры размове ён выказвае хваляванне за моладзь, за яе будучыню, а сённяшнім юнакам і дзяўчатам ёсць чаму павучыцца ў Аляксандра Паўлавіча. Ён дасканала ведае гісторыю свайго краю, малой радзімы, увесь час імкнецца пазнаваць нешта новае.

Хацелася б спыніццца на яго вершаваных творах, якія ён кожную раніцу дасылае сваім сябрам. Колькі цеплыні і любові ў іх: як да людзей, так і да роднага краю. Кожны дзень ён вітае сваіх сяброў словамі: «Добрай раніцы, Дарагі Чалавек!…» Прачытаўшы іх, на душы становіцца неяк спакойна і радасна.

Дзякуй, дарагі Аляксандр Паўлавіч, за павагу да людзей, за любоў да Радзімы. Прымі, калі ласка, віншаванні з днём нараджэння ад сваіх аднавяскоўцаў і настаўнікаў. Ад душы жадаем Табе штодня добрага настрою, моцнага здароўя, усіх дабротаў, і няхай усім справам спадарожнічае поспех!

Наталля СТРЫБУК,
настаўніца матэматыкі Вуглоўскай сярэдняй школы

***

Аляксандра Паўлавіча ведаюць жыхары аграгарадка Вуглы як добрага, шчырага, сумленнага чалавека. Ён хварэе душой за людзей, за лёс малой радзімы, захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны, памяці пра землякоў, якія аддалі жыцці за сённяшняе мірнае неба над галавой.

Гэта таленавіты арганізатар. Менавіта па яго ініцыятыве ў вёсцы Рудня Жураўлёва створаны сквер, унутры якога знаходзіцца 6-метровы паклонны крыж. На ім замацаваны іконы Божай Маці і Мікалая Угодніка, асвечаныя на яго мошчах у італьянскім горадзе Бары. У парку ўсталяваны мемарыяльныя дошкі пяці спаленым вёскам. А на мясцовых могілках з дапамогай нашага паважанага і аўтарытэтнага земляка добраўпарадкавана месца пахавання спаленых жыхароў вёскі.

Аляксандр Паўлавіч цесна супрацоўнічае з нашай школай. Пад яго кіраўніцтвам быў арганізаваны міратворчы рух, створаны атрад «Добрыя сэрцы». Вучні прымаюць удзел у многіх акцыях. І падчас адной з іх – «Дарогамі спаленых вёсак» – яны правялі з дапамогай Аляксандра Паўлавіча даследаванне і даведаліся падрабязнасці карнай аперацыі фашыстаў па спаленні вёсак Каманоў і Рудня Жураўлёва.

А яшчэ Аляксандр Паўлавіч вельмі таленавіты чалавек. Ён піша вершы, песні і шчодра дзеліцца з усімі сваёй творчасцю. Сёлета, напрыклад, падарыў выпускнікам нашай школы песню-вальс «Край майго дзяцінства», якую на выпускным вечары выканалі педагогі, а малодшыя вучні падрыхтавалі танец.

Мы ганарымся такім земляком і ў дзень яго нараджэння жадаем яму здароўя, новых ідэй. Дарагі наш чалавек, Аляксандр Паўлавіч, няхай у Вашым доме заўсёды пануюць цяпло сямейнага ачага, мір, любоў, шчасце і дабрабыт

Святлана ДЗЕГЦЯРЭНКА,
дырэктар Вуглоўскай сярэдняй школы

***

У кожнага чалавека ёсць месца, дзе жыве яго душа, дзе яму падарылі жыццё, навучылі сябраваць, працаваць і любіць. Яно называецца малой радзімай. Для Аляксандра Паўлавіча Цярэшчанкі гэта Брагіншчына. Усё сваё жыццё ён імкнецца да таго, каб дапамагчы сваёй радзіме, падтрымлівае і аб’ядноўвае землякоў, сяброў, суседзяў. Пра яго адкрытасць, шчырасць, імкненне дапамагчы ведаюць усе. А творчасць нашага земляка заўсёды знаходзіць водгук у аматараў паэзіі.

Аляксандр Паўлавіч заўсёды жаданы госць і верны сябар Брагінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Мы з вялікай радасцю чакаем з ім сустрэч.

З юбілеем, дарагі сябар! Сонца, дабра, любові і мірнага неба!

Сяргей ПархАмец,
дырэктар Брагінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА

Настрой душы – як тыя ноты,
Для ўсіх пачуццяў ёсць дыяпазон,
На ўсё адмераны ў ёй квоты,
Але ж кіруе чалавечнасці закон.

Душы так хочацца цяпла,
Каб не па абавязку, а ад сэрца,
Каб дабрыня з нябёс зайшла
Праз расчыненыя дзверцы.

Душы так хочацца цяпла,
І словам мы сяброўскім рады,
І каб не зайздрасць у ёй жыла,
А добразычлівасць і спагада

І калі ў душы мароз
І холодна ўсім ад гэтай сцюжы,
Дык час задумацца ўсур’ёз:
Чаму ж так мёрзнуць душы?

***
А жыццё, як надвор’е ўвосень,
Гады, быццам лісце, ляцяць,
Але ж па іх мы не галосім:
Што збылося – таго не адняць.

Хоць стаміліся крыху ногі
Ад шляхоў. Ды ці адпачыць?..
Былі радасці, былі і трывогі ,
Было ўсё, чаго нельга забыць.

Толькі ў старасці і пазнаецца,
Як жа шмат ты яшчэ не паспеў,
У разы, як мне здаецца,
Множыць усё, што калісьці хацеў…

Недалюбіў, не аддзячыў, не стрэціў,
Цёплых слоў малавата сказаў,
Не заўважыў ці не прыкмеціў
І дабром не спаўна адказаў…

Але ж я на жыццё не крыўдую,
Калі верыць зязюлі – шчэ жыць,
Па шляхах я сваіх павандрую,
І няма ў чым мне лёс карыць.

У жыцці чалавечым, як увосень,
Гады, нібы лістапад,
Вось нядаўна было сорак восем,
А ўжо сёння мне семдзесят.

***
Каласілась за вёскаю поле,
А за рэчкаю лес баравы,
Над шырокім балотным раздоллем
Кружылі калісь журавы.

Тут працавалі з вясёлым настроем,
Вяселлі гулялі, хрысцілі дзяцей…
А сёння што сталася, вёска, з табою –
Сум чаму ў вачах людзей?

Бацькава хата зарасла крапівою
І пеўні тут даўно не пяюць,
Толькі вішні вясенняй парою
Колерам белым у вёсцы цвітуць.

Рудня мая, Рудня Жураўлёва,
Шчырых людзей адна сям’я.
Радасць, журба ты мая,
З табою сустрэцца зноў рады я.

Лёс раскідаў па белым свеце,
Але нам цябе нельга забыць,
Родная вёска, мы твае дзеці,
І будзем цябе, як маці, любіць!

***
Родны бацькоўскі куток,
Паплавы і балота за вёскай,
Праз рэчку – драўляны масток,
Ля хаты вярба ды бярозка.

Там бусел над хатай кружыў,
Пад акном чырванелі парэчкі,
І вулей гудзеў на мяжы
З палоскай духмянай грэчкі.

У вачах і зараз стаіць
Маленства майго падворак,
Дзе калодзеж жураўлём рыпіць,
Дзе нясуся на санках я з горак.

І сэрца чамусьці шчыміць,
Калі на радзіме бываю,
Не змагу я ніколі забыць
Хараство бацькоўскага краю.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.