Данііл Даўжанок, адзінаццацікласнік гімназіі г.п. Брагін, ужо паспеў зарэкамендаваць сябе як рознабакова развітая асоба.
Спалучаючы поспехі ў вучобе, актыўны ўдзел у спартыўным жыцці раёна і імкненне да высакароднай прафесіі, ён – прыклад таго, як мэтанакіраванасць і падтрымка сям’і могуць прывесці да дасягненняў.
– Спортам я пачаў займацца гадоў у пяць-шэсць, – успамінае Данііл.
Яго спартыўны шлях пачаўся з футбола, які і па гэты дзень (разам з хакеем) застаецца адным з прыярытэтных захапленняў. Займаецца юнак пад кіраўніцтвам вопытнага трэнера-выкладчыка ДЮСШ Брагінскага раёна Паўла Камагурава. Ранняя ўцягнутасць у спорт загартавала характар Данііла, навучыла яго дысцыпліне, працы ў камандзе і імкненню да перамогі.
– Данііл – гэта гулец з велізарным патэнцыялам, – кажа Павел Канстанцінавіч. – У ім спалучаюцца здольнасць да хуткага навучання і выканаўчасць, якія важныя ў любым відзе спорту. Але самае галоўнае – яго запал да гульні. Ён не проста выходзіць на поле, ён літаральна гарыць гульнёй, і гэтая энергія перадаецца ўсёй камандзе.
Трэнер падкрэсліў, што юнак адрозніваецца не толькі прыроджаным талентам, але і ўменнем слухаць і ўспрымаць ўстаноўкі.
– Ён уважліва аналізуе і, што самае каштоўнае, дакладна выконвае тое, што мы яму раім. Гэта рэдкая якасць, якая дазваляе расці і ўдасканальвацца з кожным днём, – адзначыў настаўнік.
Асаблівае месца ў спартыўнай біяграфіі юнака займаюць хакейныя дасягненні. Летась Данііл ўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба». Гуляў ён тады, дарэчы, з яшчэ адным нашым земляком – Дзянісам Цалуйкам – у дывізіёне Б, дзе змагаліся каманды, якія прадстаўляюць гарады і раёны без арэн са штучным лёдам.
Данііл і Дзяніс тады занялі першае месца ў складзе «Вогненных рысяў» з Гомельскага раёна ў старэйшай узроставай групе – сярод гульцоў 2008–2009 года. У фінальным этапе яны атрыалі тры перамогі і адно паражэнне.
– Яго ўзнагароды гавораць самі за сябе. Гэта не проста ўдалыя матчы, гэта вынік ўпартай працы, дысцыпліны і, вядома ж, выдатных здольнасцяў, – падкрэсліў Павел Камагураў.
Данііл не абмяжоўваецца школьнымі або раённымі спаборніцтвамі. Ён актыўна гуляў у мясцовай футбольнай камандзе, якая выступае ў чэмпіянаце Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі нароўні з дарослымі.
– Удзел у рэгіянальным чэмпіянаце дае мне не толькі вопыт, але і матывацыю, – падкрэслівае Данііл. – Гэта дапамагае разумець, што, хоць Брагін і невялікі гарадскі пасёлак, ёсць да чаго імкнуцца і расці ў спорце.
– Данііл – энергічны і мэтанакіраваны юнак. Хлопец шчыра зацікаўлены ў спорце, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, прыняць удзел у трэніроўках і матчах, – адзначае старшы інспектар райвыканкама Юрый Крываручка.
Асабліва ён адзначае цёплы прыём і падтрымку з боку старэйшых таварышаў па камандзе: «Да мяне ўсе ставяцца вельмі добра, заўсёды падбадзёрваюць, рады за мае поспехі».
Нягледзячы на актыўны ўдзел у спорце, Данііл не забывае і пра вучобу. Ён дэманструе добрыя вынікі па такіх прадметах, як геаграфія, руская і англійская мовы. «Складана, але магчыма», – так хлопец апісвае сумяшчэнне вучобы, спорту і захапленняў, дадае, што гэта дапамагае яму «менш часу праводзіць у тэлефоне».
Брат Дзяніс, які працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Буркоўскай сярэдняй школе, і стрыечная сястра, якая актыўна ўдзельнічае ў спаборніцтвах, сталі для яго прыкладам:
– З самага дзяцінства я раўняўся на брата, менавіта ён быў маім матыватарам, – прызнаецца хлопец.
Гэтая сямейная падтрымка і пераемнасць у спорце, безумоўна, спрыяюць яго росту.
На пытанне аб тым, як прыцягнуць моладзь да спорту, Данііл дае прамы і прынцыповы адказ: «Дысцыплінай з самага дзяцінства». Яго пазіцыя падкрэслівае важнасць актыўнага
ўключэння дзяцей у спорт з ранняга ўзросту і важнасць падтрымкі бацькоў.
Мара Данііла – паступіць ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС і звязаць сваё жыццё са службай, дапамагаючы людзям. Гэты выбар, як і яго спартыўныя дасягненні, кажа аб імкненні да актыўнай, адказнай і высакароднай дзейнасці.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.