
У наступным месяцы сустрэне 76-годдзе ўзорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Яго гісторыя пачалася 1 красавіка 1950-га, калі ў штабе Беларускай ваеннай акругі быў створаны свой духавы аркестр. І ўжо ў першае дзесяцігоддзе свайго існавання ён прадэманстраваў высокія вынікі. Так, на другім усеармейскім конкурсе заняў трэцяе месца сярод аркестраў Узброеных Сіл СССР. А крыху пазней атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі за вялікую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.
У 1992 годзе набыў новы статус і стаў называцца Галоўным ваенным аркестрам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а ў 2003-м яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».
З цягам часу састаў павялічыўся да 80 чалавек і падзяліўся на вялікі духавы аркестр, эстрадны аркестр са струннай групай і біг-бэнд.
Сёння ўзорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – гэта брэнд. Ён вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Яго значныя дасягненні ў сферы музычнага мастацтва, актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці былі адзначаны ў 2022 годзе спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта.
Галоўнай задачай аркестра з’яўляецца музычнае суправаджэнне воінскіх рытуалаў, парадаў, ваенных, дзяржаўных і грамадскіх урачыстых мерапрыемстваў. Рэпертуар складаецца з твораў ваенна-патрыятычнай тэматыкі, лепшых узораў айчыннага і сусветнага мастацтва. Адной з форм выступлення стаў плац-канцэрт на адкрытым паветры з сольным і ансамблевым суправаджэннем.
Акрамя таго, аркестр актыўна супрацоўнічае з вядучымі салістамі і творчымі калектывамі краін СНД і іншых дзяржаў, выступае на прэстыжных міжнародных фестывалях. Ён адыгрывае важную ролю ў ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, прапагандзе баявых традыцый. За час сваёй дзейнасці ўнёс дастойны ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва і ўмацаванне сяброўскіх сувязей паміж народамі.
Жыццё нашага земляка Уладзіміра Яскевіча – народнага артыста Беларусі, кавалера ордэна Францыска Скарыны – звязана з гэтым аркестрам з 1976 года. Спачатку яго запрашалі выступаць як саліста, бо сваіх у штаце не было, а потым ён стаў часткай калектыву.
Для тых, хто не ведае: нарадзіўся спявак у вёсцы Сабалі 1 верасня 1949 года. Скончыў Веймарскую кансерваторыю (Германія). З’яўляўся салістам ансамбля песні і танца групы савецкіх войск у ГДР, ансамбля песні і танца Беларускай ваеннай акругі, у складзе якога гастраліраваў у Афганістане, Францыі, іншых краінах. Служыў таксама ў ансамблі песні і пляскі Паўночнай групы войск у Польшчы. З 1992 года – саліст узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Расіі ў Заходняй групе войск, а з сярэдзіны дзевяностых – галоўнага ваеннага аркестра Узброеных Сіл Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру шырокага дыяпазону.
«Ваша плённая творчая дзейнасць непарыўна звязана з захаваннем нацыянальнай культуры. На працягу многіх гадоў Вы, з’яўляючыся артыстам узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, беззапаветна служыце Айчыне, прымнажаеце яе духоўнае багацце. Упэўнены, што і ў далейшым Вы будзеце працаваць гэтак жа натхнёна, прыкладзяце ўсе сілы для развіцця беларускага мастацтва», – адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні, якое даслаў у верасні 2024-га Уладзіміру Яскевічу з нагоды 75-годдзя.
Такія «доўгажыхары» аркестра – яго гонар і надзейная апора.
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
