Атрыбуты незалежнасці. Раскажам аб тым, што адлюстоўваюць і ўвасабляюць дзяржаўныя сімвалы Беларусі і як яны прымаліся на аснове ўсенароднага абмеркавання

Галоўнае Грамадства

Кожную другую нядзелю мая мы адзначаем свята ў гонар дзяржаўных сімвалаў нашай краіны. І варта прыгадаць, што ўсе тры – герб, сцяг і гімн – былі прыняты на аснове ўсенароднага абмеркавання. Яны адлюстроўваюць нашы мірныя, стваральныя мэты, гісторыка-культурныя традыцыі, падкрэсліваюць нацыянальны дух і годнасць беларусаў.

Паважаць іх – значыць паважаць свой выбар. А ён быў зроблены на першым у гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндуме, які адбыўся 14 мая 1995 года. Народ тады вызначыўся: сучасныя варыянты герба і сцяга падтрымалі 75,1 працэнта грамадзян – удзельнікаў плебісцыту.

З гэтымі сімваламі, як потым падкрэсліў наш Прэзідэнт, нарадзіліся і выраслі пакаленні людзей, звязаных гістарычнай памяццю, якая дапамагае нам працягваць выбраны народам шлях. Іх стваралі людзі, натхнёныя высокімі ідэямі, выпрабаваныя і загартаваныя ў барацьбе за свабоду. Тыя, хто добра разумее каштоўнасць незалежнасці і мірнага неба.

Доўгі час, праўда, урачыстасць была прысвечана толькі двум сімвалам нашага суверэнітэту. А з прыняццем Прэзідэнтам 12 красавіка 2023 года адпаведнага ўказа гэты недахоп выпраўлены. Справядлівасць узяла верх. Афіцыйная назва даты цяпер – Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. У такім «трыадзіным» фармаце будзем адзначаць яго чацвёрты раз. І нельга не прызнаць, што менавіта зараз, пасля падзей жніўня 2020-га, у час інфармацыйных войн і санкцый, зусім не добрасуседскіх адносін да нас з боку пэўных краін, дзяржаўная сімволіка набывае асаблівую важнасць для самасвядомасці народа. Яна падкрэслівае: мы не дазволілі падагнаць пад заходнееўрапейскі стандарт свой лад жыцця, адрадзіць на беларускай зямлі ідэі нацызму, захавалі вернасць традыцыям. Як і папярэднія пакаленні, імкнёмся да міру і стварэння, сацыяльнай справядлівасці.

Пра подзвігі нашых папярэднікаў, здзейсненыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, іх светлых памкненнях нагадвае нам Дзяржаўны сцяг. Гэта – у яго колерах: чырвоны – сімвал мужнасці народа, які адстаяў сваю свабоду крывёю; зялёны – сведчанне мірнага характару беларусаў, іх шчырага жадання жыць і працаваць на роднай зямлі; белы – адлюстраванне духоўнай чысціні, мудрасці і вопыту. А нацыянальны арнамент сімвалізуе нашу старажытную культуру.

Герб умясціў у сябе асноўныя каштоўнасці народа: грамадзянскае адзінства, працавітасць, міралюбнасць. У цэнтры – контур Беларусі, які сцвярджае яе незалежнасць і суверэнітэт, непарушнасць межаў. Пяціканцовая зорка ўверсе – знак мужнасці і гуманізму, высокіх думак. Вянок з залатых каласоў, кветак лёну і канюшыны сімвалізуе дабрабыт і багацце. Ён тройчы пераплецены з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, а ўнізе змешчаны надпіс: Рэспубліка Беларусь.

На гербе адлюстраваны зямны шар, што сведчыць пра жаданне жыць у міры і супрацоўніцтве з усімі краінамі. Узыхо-дзячае сонца – сімвал найлепшай долі.

Гісторыя гімна Беларусі бярэ свой пачатак у 2002 годзе. Асабіста Прэзідэнт трымаў руку на пульсе. Тады па яго ініцыятыве з пяццю варыянтамі галоўнага музычнага твора была азнаёмлена грамадскасць – да справы далучыліся радыё і тэлебачанне, друкаваныя СМІ. Меркаванні і водгукі пра тое, якім быць беларускаму гімну, выказалі 119 тысяч чалавек. І перавагу аддалі музыцы Нестара Сакалоўскага са словамі Міхася Клімковіча, перапрацаванымі з улікам новых рэалій Уладзімірам Карызнам. Што, зрэшты, нядзіўна – колькі пакаленняў выхавана на гімне БССР!

У кожным радку – народны характар. У кожным куплеце – лёс. Слухаюць стоячы, без галаўнога ўбору. Гэтыя і іншыя нюансы – у Законе аб дзяржаўных сімвалах. Статус найважнейшых атрыбутаў суверэнітэту краіны замацаваны і ў Канстытуцыі.

Усе тры – як пашпартныя даныя нашай Радзімы: утрымліваюць важную інфармацыю пра рэспубліку, яе народ. І з намі – у самыя важныя і адказныя моманты.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.