Брагінчане згулялі першыя матчы ў рамках чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі

Галоўнае Грамадства Спорт

Сёлета яны змагаюцца за выхад у наступны этап з Ельскам, Хойнікамі і Нароўляй.

У першым матчы на мясцовым стадыёне зямлякі прымалі «Стралу» з Нароўлі. Са стартавага свістка гаспадары поля заявілі пра свае намеры – узяць гульню пад свой кантроль. Агрэсіўны стыль, інтэнсіўны прэсінг – здавалася, што абарона нараўлянцаў вось-вось будзе прарвана. Аднак брагінчане дапусцілі памылку, якая каштавала ім дорага. Госці скарысталіся замешкай гаспадароў і адкрылі лік. Нібы адчуўшы слабасць праціўніка, яны змаглі падвоіць сваю перавагу. Здавалася, што першы тайм скончыцца з адставаннем брагінчан у два галы. Але, нягледзячы на цяжкасці, мясцовая каманда сабралася і, праявіўшы волю да барацьбы, забіла адзін мяч перад перапынкам, пакінуўшы інтрыгу.

Кіраўніцтва каманды цвяроза ацэньвала фізічны стан кожнага гульца. Футбалісты прытрымліваліся ўстаноўкі трэнера, і неабходнасці ў правядзенні замен у першай палове не было, – пракаменціраваў брагінчанін Ягор Арцёменка.

Відавочна, што трэнерскі штаб брагінчан не жадаў мірыцца з паражэннем. Падчас перапынку былі праведзены тактычныя перастаноўкі. Гэтыя крокі прынеслі свой плён. Другі тайм вызначыўся больш упэўненай гульнёй у абароне. Сцяна, пабудаваная брагінчанамі, не дазволіла «Страле» забіць дадатковыя мячы. Нягледзячы на палепшаную гульню і шматлікія старанні, камандзе так і не ўдалося зраўняць лік. Фінальны свісток зафіксаваў мінімальнае паражэнне гаспадароў поля з лікам 1:2.

Футбол – непрадказальны від спорту, – падвёў вынік Ягор Арцёменка. – Матч паказаў нядрэнную гульню нашай каманды на старце сезона. Мы стваралі небяспечныя моманты на працягу ўсёй гульні, але не хапіла рэалізацыі. Стартавае супрацьстаянне заўсёды паказвае памылкі, якія ў далейшым нельга дапускаць.

Уражаннямі ад матча падзяліўся варатар землякоў Пётр Сачанка:

На першую гульню чэмпіянату мы настройваліся адказна. Першы тайм пачаўся на роўных, у некаторых момантах мы нават былі больш актыўныя, але ў сярэдзіне адведзенага часу сапернік правёў добрую пазіцыйную атаку і забіў гол. Мы не апусцілі рукі і працягвалі спрабаваць навязваць гасцям свой стыль гульні, ды зноў памыліліся, і сапернік забіў другі мяч. У канцы тайма блытаніна паміж варатаром і абаронцам «Стралы» прывяла да аўтагола. Лік стаў 2:1. Пасля перапынку гульня была роўнай, але мяч не ішоў у вароты нараўлянцаў. Госці ў сярэдзіне тайма зрабілі шэраг замен, што павысіла іх актыўнасць, але надзейная гульня брагінчан не дазволіла саперніку павялічыць лік. У выніку – 2:1 не на нашу карысць. Варта адзначыць, што мы дадалі ва ўсіх кампанентах гульні, а галоўнае – фізічны складнік. Мы навучыліся трымацца да канца і змагацца за кожны мяч.

У другім матчы брагінчане прынялі каманду з Хойнік. У гэтай сустрэчы нашы землякі выходзілі на поле фаварытамі. З пачатку гульні яны пачалі актыўна атакаваць, наносіць далёкія ўдары, на што сапернік, здавалася, не мог знайсці адказу. Старанні землякоў былі ўзнагароджаны голам на 12-й хвіліне матча. Не збіраючыся спыняцца, яны працягвалі гуляць у футбол, якога так доўга чакалі балельшчыкі. Да 30-й хвіліны брагінчане забілі другі гол. Ужо ў першым тайме хайнікчане пачалі рабіць замены, і адна з іх прынесла плён: абаронца памыліўся, і госці скарысталіся гэтым, адыграўшы адзін мяч. Такім чынам, першы тайм завяршыўся з перавагай землякоў 2:1.

Другі пачаўся ў тым жа ключы: брагінчане актыўна атакавалі. Аднак удача ад іх адвярнулася. Да сярэдзіны другога тайма суседзі рэалізавалі 11-метровы ў вароты брагінчан. А ў канцы сустрэчы забілі яшчэ адзін гол з пенальці, тым самым пазбавіўшы брагінчан перамогі.

Крыўднае паражэнне надасць нам яшчэ больш сілы, – пракаменціраваў Пётр Сачанка.

Нягледзячы на няўдачы, турнірнае становішча землякоў пакуль выглядае не безнадзейна.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.