
Сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамена па профільных прадметах, які праходзіў 26 мая. Найвышэйшы бал па англійскай мове атрымаў выпускнік гімназіі г.п. Брагіна Мікіта Астапенка.
Шлях да такога выніку быў паслядоўны і ўсвядомлены. Англійскай мовай хлопец захапіўся яшчэ ў пачатковых класах, а ў гады вучобы ў гімназіі неаднаразова з’яўляўся прызёрам раённай алімпіяды па гэтым прадмеце.
Патрэбна адзначыць, што для запаветнай сотні выпускніку не спатрэбілася дапамога рэпетытараў – усе веды былі атрыманы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі пад кіраўніцтвам педагога Наталлі Раманчук. Дарэчы, летась яе вучаніца Таццяна Канцавая таксама паказала максімальны вынік: набрала 100 балаў на ЦТ.
Першым чалавекам, з якім Мікіта падзяліўся радаснай навіной, стала менавіта яго настаўніца. Зрэшты, выдатнае веданне англійскай – не адзінае дасягненне выпускніка: на цэнтралізаваным экзамене па рускай мове ён набраў 98 балаў. Рыхтаваўся да выпрабавання разам з педагогам Вадзімам Пятроўскім. Зараз Мікіта – у чаканні вынікаў ЦТ па гісторыі, якую выкладае Вольга Рабушок.
Поспехі ў вучобе вызначылі і мэту: Мікіта плануе паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.
У вольны час хлопец аддае перавагу адпачынку ў асяроддзі блізкіх, за цікавай кнігай або праглядам любімых фільмаў.
Мікіты ўпэўнены: уласная стараннасць і мэтанакіраванасць у спалучэнні з падтрымкай і дапамогай настаўнікаў-прафесіяналаў здольныя адкрыць перад выпускнікамі дзверы самых прэстыжных ВНУ краіны.

