
У бібліятэцы адбылася праграмма, прысвечаная 80-годдзю знакамітага беларускага пісьменніка і крытыка. У рамках мерапрыемства была прадстаўлена кніжная выстава «Алесь Марціновіч – «гісторыя праз лёсы»».
Алесь Марціновіч – гэта не проста літаратурны крытык, а энтузіяст, які з глыбокім разуменнем папулярызуе беларускую літаратуру і багатую культурную спадчыну. Такую думку выказала бібліятэкар Юлія Расюк.
– Алесь Андрэевіч чалавек, які жыве літаратурай, – расказала бібліятэкар. – Ён мае ўнікальны дар бачыць за кожным творам, за кожнай біяграфіяй чалавечы лёс, яго гісторыю.
Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Казловічы Слуцкага раёна ў сям’і настаўнікаў. Свою адукацыю пачаў ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе, а пасля паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. З трэццяга курса перавёўся на аддзяленне журналістыкі. Яго кар’ера пачалася з раённай газеты ў Драгічыне, а потым працягвалася ў газеце «Літаратура і мастацтва» інш.
– Шматлікія яго працы прысвечаны аналізу літаратурных твораў, якія былі невядомыя шырокай аўдыторыі, – адзначыла Юлія Міхайлаўна.
Першымі вядомымі кнігамі Алеся Марціновіча сталі зборнікі «Далучанасць» і «Пад небам вечнасці». У гэтых працах аўтар дзяліўся досведам сустрэч з вядомымі пісьменнікамі, расказваў пра іх лёсы і творчую дзейнасць. Серыя кніг «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» – гэта энцыклапедыя, якая адраджае памяць пра такіх асобаў, як Ігнат Буйніцкі, Элаіза Пашкевіч (Цётка), Рыгор Шырма, Уладзіслаў Сыракомля, Уладзімір Дубоўка і многія іншыя.
Але працаваў ён не толькі ў літаратурнай крытыцы. Яго творчая дзейнасць таксама ўключала гістарычныя нарысы і краязнаўства.
– Алесь Марціновіч быў чалавекам, які цікавіўся ўсім, што тычыцца Беларусі, – падкрэсліла бібліятэкар. – Ён збіраў па крупінках гісторыю роднага краю, што вылілася ў краязнаўчыя кнігі, такія як «Ля Каменкі бруістай», і ўдзел у стварэнні гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі серыі «Памяць». Ён адчуваў патрэбу захаваць для будучых пакаленняў памяць пра нашых землякоў.
Асаблівае месца ў творчасці пісьменніка займае айчынная гісторыя. Яго гістарычныя нарысы і эсэ, такія як «Зерне да зерня», «У часе прасветленыя твары», «Хто мы, адкуль мы…», «Маладзік над заснежаным шляхам», адзначаюцца лёгкасцю ўспрымання і дакладнасцю выбудоўвання месца гістарычнага персанажа ў навуцы, літаратуры і палітычным жыцці краіны.
– Гэта захапляльнае чытво, якое пагружае чытача ў мінулае, робіць гісторыю жывой і блізкай. Алесь Марціновіч здолеў паказаць, што гісторыя – гэта не проста даты і падзеі, а жыцці людзей, іх барацьба, іх поспехі і памылкі, – адзначыла Юлія Расюк.
Не засталася па-за ўвагай пісьменніка і беларуская дзіцячая літаратура. Яго кнігі напісаны з асаблівай цеплынёй і разуменнем дзіцячай псіхалогіі.
Шматлікія ўзнагароды, сярод якіх Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, літаратурныя прэміі «Дэбют», «Залаты Купідон», «Залатое пяро» сведчаць аб тым, што творчасць Алеся Марціновіча атрымала заслужанае прызнанне.
– Выстава дазволіла чытачам адкрыць для сябе багаты свет твораў беларускага пісьменніка, паглыбіцца ў гісторыю роднай краіны і пазнаёміцца з лёсамі людзей, якія яе стваралі, – заключыла Юлія Міхайлаўна.



Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
