Ураджэнцы Брагіншчыны. Які след у навуцы пакінуў Дзмітрый Шыраканаў з Галак

Грамадства Гэта цікава

Дзмітрый Шыраканаў – адзін з класікаў беларускай філасофскай думкі. Выдатны вучоны, акадэмік, прафесар. Яго працы, ідэі і канцэпцыі атрымалі шырокую вядомасць і міжнароднае прызнанне. Глыбіня і фундаментальнасць – важнейшыя характарыстыкі навуковых распрацовак.

Нарадзіўся Дзмітрый Іванавіч 20 мая 1929 года ў вёсцы Галкі. Яшчэ ў дзяцінстве застаўся без маці, перажыў цяжкасці нямецка-фашысцкай акупацыі.

У нягодах і выпрабаваннях фарміраваўся моцны і адказны характар.

Пасля вайны, у 1947 годзе, Дзмітрый Шыраканаў – выпускнік Брагінскай сярэдняй школы, адзначаны за выдатныя поспехі ў вучобе залатым медалём. З чырвоным дыпломам ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і прадоўжыў навучанне ў аспірантуры, абараніў кандыдацкую дысертацыю. А ў 1955-м прыступіў да работы ў Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук БССР.

Спачатку займаў пасаду малодшага, а потым старшага навуковага супрацоўніка. Кіраваў даследчым сектарам, загадваў аддзелам. Паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю. У 1989–1994 гг. – дырэктар інстытута, а з 1994-га прадоўжыў тут работу на пасадзе загадчыка аддзелалогікі і метадалогіі навуковага пазнання. З 2006-га – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі.

Патрэбна адзначыць, што творчы патэнцыял Дзмітрыя Шыраканава, яго здольнасць працаваць шмат, самазабыўна і вынікова праявілася яшчэ ў юнацтве. Як пацвярджэнне – не толькі выдатная вучоба ў школе і ўніверсітэце, але і паспяховая даследчая дзейнасць, перамога ў 1951 годзе на Усесаюзным конкурсе студэнцкіх работ.

Асноўнымі накірункамі навуковых даследаванняў пазней сталі логіка, тэорыя і метадалогія навуковага пазнання; філасофскія праблемы прыродазнаўства;узаемасувязь у сістэме філасофскіх катэгорый і іх роля ў сацыяльным пазнанні; фарміраванне і развіццё філасофскай і грамадска-палітычнай думкі ў Беларусі і інш. А стыль работы акадэміка Шыраканава вызначаўся імкненнем захапіць навізной і глыбінёй ідэі ўвесь калектыў, дапамагчы раскрыцца творчым магчымасцям малавопытным супрацоўнікам.

Вынікі філасофскіх даследаванняў Дзмітрыя Іванавіча былі неаднаразова прадстаўлены на буйных міжнародных форумах у Расіі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыцы, Германіі, Італіі, ЗША, дзе ён выступаў з дакладамі і лекцыямі. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана і абаронена звыш 30 кандыдацкіх і 14 доктарскіх дысертацый. Дзмітрый Шыраканаў – аўтар больш за 100 навуковых работ.

За плённую навуковую і грамадскую дзейнасць знакаміты ўраджэнец Брагіншчыны ўдастоены ордэнаў «Знак Пашаны», Францыска Скарыны, а таксама медаля «За доблесную працу».

Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

Пайшоў з жыцця акадэмік Шыраканаў 10 снежня 2023 года.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.