
Удзельнікамі конкурсу, як паведамляе БелТА, стануць больш за 130 фільмаў з 55 краін. Геаграфія самая розная: ад Мексікі і Фінляндыі да Турцыі і Казахстана. Упершыню прадстаўлена М’янма. А паказы пройдуць на пяці ключавых пляцоўках Мінска: у кінатэатрах «Масква», «Перамога», «Цэнтральны», «Беларусь» і «Піянер». У першым адбудуцца цырымоніі адкрыцця і закрыцця кінафестывалю, будуць працаваць зоны для фатаграфавання і інтэрв’ю, знаёмства з удзельнікамі.
У асноўным конкурсе ігравога кіно прадставяць 17 фільмаў, якія павінны знайсці водгук у гледачоў розных узростаў. Адзін з іх, напрыклад, пра шлях станаўлення: ад дзіцяці-падлетка да дзяўчыны, якая ўмее пераадольваць цяжкасці. Другі дазволіць убачыць, як узаемадзейнічаюць паміж сабой пары ў розны перыяд часу. Асобныя работы арыентаваны не на тое, каб пачуць шмат дыялогаў, а каб паназіраць за людзьмі і проста атрымаць асалоду ад прыроды і велічы розных краін.
Асноўныя тэмы дакументальных фільмаў, якіх будзе 18, – экалогія, этнічная разнастайнасць, пераўтварэнне жыцця вакол сябе ўласнымі сіламі, мастацтва.
Значна больш, чым у мінулым годзе, паступіла заявак на «Нацыянальны конкурс». Кінематаграфісты выбіралі найбольш актуальныя і хвалюючыя тэмы: мужнасць, дабрыня і надзвычайны характар беларусаў, іх стойкасць і любоў да Радзімы, клопат пра блізкіх. Не абышлі і тэму Чарнобыля.
Для ўдзелу ў конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» адабрана 10 карцін: дзве анімацыйныя поўнаметражныя і восем ігравых. Тут шмат дэбютантаў.
У праграму анімацыйных фільмаў трапіла 50 аўтарскіх работ хронаметражом ад 5 да 29 мінут. З іх 14 прызначаны для дзіцячай аўдыторыі і 36 – для дарослай.
Пры апрацоўцы заявак на конкурс «Кіно маладых» арганізатары заўважылі, што рэжысёры з розных краін, не знаёмыя адзін з адным, асвятлялі адны і тыя ж пытанні. Напрыклад, пошук свайго жыццёвага шляху. Кожны рабіў гэта па-свойму, але ўсе фільмы пераклікаюцца са слоганам фестывалю. Пакажуць 11 такіх работ. І яшчэ дзесяць кароткаметражак.
Традыцыйна фестывальныя паказы пройдуць не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах краіны.
У час цырымоніі адкрыцця, як анансавала начальнік аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга, гледачоў чакае цудоўная музыка і харэаграфічныя, творчыя нумары, прысвечаныя фільмам і юбілярам бягучага года. Цырымонія закрыцця пройдзе пад дэвізам «З любоўю з Беларусі».
У пазаконкурснай праграме – Дні кінематаграфій Беларусі, Казахстана, Пакістана, Расіі, Індыі і Кітая, майстар-класы і творчыя сустрэчы, вечары памяці і інш.
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

