Чытайце пра мастака Язэпа Драздовіча, які здзяйсняў падарожжы на Марс і Месяц, не пакідаючы Беларусі

Грамадства

З даўніх часоў людзі ўглядаліся ў неабсяжную нябесную прастору і марылі навучыцца лётаць, задаваліся пытаннем: ці ёсць хто яшчэ ў Сусвеце? А Язэп Драздовіч пабываў на іншых планетах… у снах. І стаў першым беларускім мастаком, які смела звярнуўся да тэмы космасу. Пры жыцці, праўда, гэтага чалавека лічылі дзіваком. Ні ўлада, ні людзі яго творчасці не разумелі. Ды ён верыў: «Прыйдзе час… Мяне яшчэ пашукаюць». Так і атрымалася.

Як падкрэсліваюць сённяшнія мастацтвазнаўцы, фенаменальнасць, таленавітасць і ўпартасць Язэпа Драздовіча паўплывалі на развіццё важных працэсаў нацыянальнага Адраджэння. А які разнастайны яго творчы дыяпазон! Гэта быў не толькі выдатны мастак, але і пісьменнік, паэт, этнограф, скульптар, настаўнік, фалькларыст, філосаф, хірамант, археолаг, тэатральны дзеяч, астраном-аматар. Невыпадкова Пётр Сергіевіч, беларускі мастак, сучаснік Драздовіча, назваў яго «нашым маленькім павятовым Леанарда да Вінчы». Але звернемся да біяграфіі.

Нарадзіўся Язэп Драздовіч у кастрычніку 1888 года на хутары Пунькі Дзісненскага павета (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і беднага шляхціча. Бацька памёр, калі хлопчыку было два гады, і шасцярых дзяцей маці Юзэфа з роду Крачэўскіх выхоўвала адна. Яна ведала шмат народных песень, легендаў і казала: «Язык наш, што празвалі простым, – беларускі». Так Язэп станавіўся нацыянальна свядомым, а вялікі дар у яго быў ад нараджэння.

Пасля трох класаў пачатковай школы ў горадзе Дзісна вучобу прадоўжыў у Віленскай школе малявання (1906–1910). Лёс да таго ж звёў яго з выдаўцамі беларускіх кніг, і Драздовіч пачаў заяўляць пра сябе як ілюстратар, афармляючы іх. А наладжаныя кантакты з пісьменнікамі спрыялі літаратурнай творчасці.

У 1910 годзе Драздовіча прызвалі ў армію, і ён, будучы па натуры добрым і спагадлівым, прайшоў фельчарскія курсы, служыў у амбулаторыі. Першая сусветная вайна застала яго ў рэзервовым батальёне, куды кожны дзень (у які – па паўтысячы) дастаўлялі з фронту параненых. Чалавечыя пакуты ўзмацнялі тыф і іспанка. Два месяцы хварэў і Драздовіч. А потым усё жыццё марыў пра эру міласэрнасці: калі большая частка жыхароў планеты адмовіцца ад удзелу ў войнах, і ўсю тэхніку, дасягненні навукі накіруюць не на праліванне крыві, а на падтрымку жыцця.

Пасля Першай сусветнай Драздовіч працаваў у Мінску: выкладаў маляванне, быў кніжным ілюстратарам і дэкаратарам у тэатры, рабіў замалёўкі горада, якія захавалі для нас выгляд сталіцы таго часу. Захапіўся археалогіяй – вывучаў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўлі і Свіры. Але чакала ў родных мясцінах маці, якой ужо зусім нядоўга засталося…

Пасля вяртання ў Заходнюю Беларусь мастак апынуўся на тэрыторыі, фактычна акупіраванай Польшчай. Нягледзячы на перашкоды з боку польскіх уладаў, займаўся культурнай і асветніцкай дзейнасцю, а таксама шмат пісаў – карціны і вершы.

Адначасна паглыбіўся ў гісторыю роднага краю, для Віленскага беларускага музея збіраў фальклор, апісваў побыт сялян, рабіў замалёўкі, удзельнічаў у археалагічных раскопках славянскіх гарадзішчаў. Менавіта гэтыя гады, нягледзячы на ўсе складнасці, становяцца плённымі для літаратурнай працы і для станаўлення мастака. Ён літаральна заражаецца вірусам вандроўніцтва – накіроўваецца ў навуковыя экспедыцыі па ўсёй Заходняй Беларусі. Як вынік – дзясяткі ўнікальных альбомаў графікі, шэраг археалагічных адкрыццяў. З галавой паглыбіўшыся ў побыт беларускага сялянства, Язэп Драздовіч жахаецца той беднасці і горычы, у якіх людзі жывуць пад панамі.

Асаблівае месца ў жыцці гэтага чалавека ў 1930-я гады займаў космас, пра які тады ў нас яшчэ і не чулі. А Драздовіч ужо вывучаў адпаведную навуковую літаратуру і нават сам спрабаваў разважаць на гэты конт, стварыў уласную тэорыю адносна паходжання планет Сонечнай сістэмы. Ён назіраў за зорамі ў тэлескоп, рабіў чарцяжы руху нябесных целаў і замалёўкі лятальных апаратаў, пісаў працы па астраноміі, артыкулы пра існаванне жыцця на іншых планетах.

Вядома больш за 100 жывапісных і графічных твораў, што адлюстроўваюць уяўленні аўтара аб жыцці на Месяцы, на Марсе і на Сатурне. Гэта, у прыватнасці, фантастычныя пейзажы, незвычайныя гарады і істоты, якія насяляюць іншыя планеты. Некаторыя вобразы мастак звязваў са сваімі начнымі бачаннямі, якія ён запісваў і замалёўваў, а сам лічыў іх нечым большым чым проста сны: «Гэта сапраўдны дар яснабачання».

Адкуль, здавалася б, такая прага да космасу? Па ўспамінах Марыі Баравік, унучатай пляменніцы і хроснай мастака, яшчэ падчас вучобы ў Вільні маці казала Язэпу: «Вучыся і пазнай нябесныя бегі». Менавіта так – «Нябесныя бегі» – ён потым назваў адну са сваіх кніг.

Пры гэтым Драздовіч не быў астраномам у сучасным разуменні. Яго касмалагічныя тэорыі не знайшлі падтрымкі ў навуковым асяроддзі, а многія ідэі заставаліся абстрактнымі. Але карціны – рэдкі прыклад таго, як мастацкае ўяўленне спрабавала пранікнуць у невядомы, загадкавы і таямнічы свет задоўга да першых палётаў у космас.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР мастак скончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы і працаваў у школах у Глыбокім і Лужках. Выкладаў ўсё: ад малявання да астраноміі і ад гісторыі да батанікі. А ў вольныя гадзіны зноў вяртаўся да тэмы космасу.

Жыць на адным месцы творца ўжо не мог – яго вабіла дарога. Падарожнічаючы па роднай зямлі, ідучы ад хаты да хаты, Язэп Драздовіч перабіваўся выпадковымі заробкамі. Дзякуючы сялянам, асноўным яго заказчыкам, стварыў дзясяткі насценных «дываноў-маляванак», якія былі аздабленнем вясковых хат і адначасова выступалі ў якасці своеасаблівых абярэгаў.

Апрача гэтага, ён адным з першых звярнуўся да вобраза Францыска Скарыны, імкнуўся, як казаў даследчык яго творчасці Юрась Малаш, данесці да беларусаў духоўную патрэбу ў вывучэнні нацыянальнай гісторыі і культуры.

Не спыніла творчасці Язэпа Драздовіча нават Вялікая Айчынная вайна. А пасля яе працаваў менш – здароўе было падарванае. Ды і Савецкаму Саюзу тады патрэбны былі не нейкія выдумкі пра нябесныя сферы, а працоўныя рукі будаўнікоў і моцныя спіны хлебаробаў. Паэт Максім Танк потым напіша ў сваіх успамінах: «Гэта самабытны і таленавіты чалавек. На жаль, у нашых умовах жыцця ён не змог знайсці свайго месца… Арыгінальныя яго карціны, напісаныя тушшу, акварэллю і маслам, не толькі здзіўляюць сваім бачаннем свету, але і прымушаюць задумацца на тэмы яшчэ не разгаданыя, што акружаюць чалавека».

Варта адзначыць, што Драздовіч быў адным з першых, хто ўвасобіў у выяўленчым мастацтве Беларусь, яе культуру і гісторыю. Ён стварыў графічную серыю «Старажытная будоўля на Беларусі», цыклы, прысвечаныя замкаваму дойлідству краіны («Мір», «Крэва», «Ліда», «Гальшаны», «Навагрудак і навагрудцы»), партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, славутых гістарычных асоб. Вобразы родных краявідаў адлюстраваны ў графічнай серыі «Дзісеншчына». У кожнай рабоце – пяшчота і любоў да родных мясцін, да сваёй радзімы, гонар за яе сыноў, яе гераічнае мінулае.

Сярод жывапісных прац вылучаецца «трохаблічны аўтапартрэт», на якім – тры характэрныя рысы сваёй асобы: Драздовіч-мастак, які паліць люльку і трымае пэндзаль у руцэ, Драздовіч-гісторык, што пільна ўзіраецца ў кнігу і Драздовіч-астраном, які задуменна разглядвае рукапіс з выявамі планет.

Апошнія гады жыцця творца правёў у беднасці. Ён памёр у 1954-м у Падсвільскай бальніцы, куды трапіў пасля таго, як яго знайшлі сяляне на дарозе без прытомнасці. Пахавалі мастака-вандроўніка на могілках у в. Ліпляне – там, дзе раней непадалёку размяшчаўся яго родны хутар Пунькі.

Так скончыўся зямны шлях чалавека, які стварыў некалькі светаў, – рэальных і тых, што здаваліся фантастычнымі. Праз пяць гадоў пасля яго смерці быў запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі, праз сем паляцеў у космас Юрый Гагарын, а праз пятнаццаць людзі ступілі на паверхню Месяца, як і прадказваў Язэп Драздовіч.

Пасля маштабнай выставы ў Мінску ў 1979 годзе мастак атрымаў заслужанае прызнанне, а яго творы ўвайшлі ў нацыянальную спадчыну Беларусі. Яны дагэтуль вывучаюцца, і іх можна ўбачыць сёння ў розных музеях краіны.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.