Дело о геноциде: Буглай и его «Белая команда». Какую правду хранят архивные документы

«Брагинщина: взгляд в прошлое» Грамадства

Злачынствам супраць чалавецтва няма апраўдання, і яны – без тэрмінаў даўнасці. У Беларусі працягваюць устанаўліваць імёны тых, хто прыслужваў нацыстам і ўдзельнічаў у знішчэнні мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Многім з іх, забойцам і катам, удалося потым збегчы за мяжу – прытулак далі краіны калектыўнага Захада. І, на жаль, здраднікі так і не панеслі заслужанае пакаранне. Аднак дзеянні нават тых, каго ўжо няма ў жывых, павінны атрымаць прынцыповую юрыдычную і прававую ацэнку. Смерць не перакрэсліла іх злачынствы.

Вінаваты – даказана!

На мінулым тыдні, 30 красавіка, Вярхоўны суд прызнаў вінаватым у генацыдзе Аляксандра Буглая, які добраахвотна пайшоў служыць фашыстам, узначальваў карны атрад і меў непасрэднае дачыненне да расправы над суайчыннікамі. Устаноўлена больш за 30 эпізодаў яго злачыннай дзейнасці на тэрыторыі БССР. У тым ліку забойствы не менш чым 174 чалавек, сярод якіх старыя, жанчыны, дзеці, уключаючы малых ад трох да пяці гадоў. Карныя аперацыі ахапілі Гомельскі, Рагачоўскі, Чачэрскі і Буда-Кашалёўскі раёны. Шляхам масавых расстрэлаў, спалення мірных грама-дзян, выгнання іх у рабства, пазбаўлення жылля, адзення, прадуктаў харчавання Буглай рэалізоўваў агульную з гітлераўцамі мэту планамернага знішчэння беларускага народа. А потым збег на тэрыторыю Заходняй Еўропы, знік у Злучаных Штатах Амерыкі, дзе і пражываў.

У першыя гады пасля вайны ў СССР на здрадніка завялі вышуковую справу, але яго Савецкаму Саюзу ніхто не выдаў. Ён памёр за мяжой 22 сакавіка 1990 года, так і не адказаўшы перад судом за здзейсненае.

Асноўную дапамогу Беларусі ў зборы доказаў вінаватасці Буглая аказалі праваахоўныя органы і гісторыкі Расіі. Хаця запыты былі накіраваны і ў шэраг заходніх краін, у тым ліку ў ЗША. Але там на іх, паводле слоў дзяржаўнага абвінаваўцы Генеральнай пракуратуры Беларусі Дзмітрыя Марусава, не адрэагавалі.

Матэрыялы крымінальнай справы памагатага нацыстаў склалі 68 тамоў. Супраць яго далі паказанні 15 чалавек. Факты і дэталі, пра якія стала вядома шырокай грамадскасці, прыводзяць у жах. Пра іх упершыню, дарэчы, расказалі ў дакументальным фільме «Буглай. Злачынствы «Белай каманды» з цыкла «Без тэрміну даўнасці», які з’яўляецца сумесным праектам Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі і тэлеканала «Першы інфармацыйны». У аснове – дакументы, якія захоўваліся пад грыфам «зусім сакрэтна» ў сейфах музейных запаснікаў Упраўлення ваеннай контрразведкі, а зараз дазволілі раскрыць таямніцы нацысцкіх памагатых і скласці храналогію злачынстваў карнага падраздзялення, якое ўзначальваў Буглай.

Гісторыя здрады

Вёска Кіркаўшчына сучаснага Несвіжскага раёна. Менавіта тут у 1910 годзе нарадзіўся, скончыў шэсць класаў школы Аляксандр Буглай – будучы здраднік Радзімы, шпіён двух разведак, арганізатар і ўдзельнік карных аперацый на акупіраванай тэрыторыі БССР.

Сям’я была мнагадзетнай, беднай, і ён працаваў вясковым пастухом. Ды амбіцыі зашкальвалі. Як толькі дасягнуў «прызыўнога» ўзросту, добраахвотна падаўся ў польскую армію – 16-ты ўланскі полк. Ёсць звесткі, што Буглай хацеў трапіць у афіцэрскую ці унтэр-афіцэрскую школу. Аднак там яму сказалі, што ў праваслаўнага беларуса няма перспектыў у польскай арміі, што вельмі закранула амбіцыйнага Буглая. Ён дэзерціраваў, нелегальна перайшоў мяжу СССР, пасля чаго і атрымаў свой першы тэрмін. Яго адправілі на спецпасяленне ў Омскую вобласць, але адтуль ён збег. Дабраўся да Мінска, дзе зноў затрымалі. У выніку з турмы выйшаў у 1934 годзе.

Далей – прывабная прапанова польскіх спецслужбаў: шпіянаж. Вядома, за добрыя грошы, што стала ключавым момантам вярбоўкі. Новаспечаны агент значыўся ў стаўбцоўскім разведаддзяленні.

Да вайны Буглая двойчы засылалі ў СССР, дзе ён збіраў даныя аб гарнізонах у Бранску, Унечы, Смаленску і Гомелі: замалёўваў схемы размяшчэння воінскіх часцей, высвятляў колькасць узбраення і прозвішчы камандзіраў. Дзейнічаў пад аператыўнымі псеўданімамі Букатаў і Бугаёў.

Вясной 1941-га яго арыштавалі як агента польскай разведкі. Месцам адбывання пакарання стаў Пішчалаўскі замак у Мінску. Але потым – вайна, эвакуацыя. Падчас бамбёжкі эшалона са зняволенымі Буглай збег, дабраўся да Баранавічаў, дзе знаходзіліся яго жонка і сын, і добраахвотна прыйшоў у нямецкую камендатуру.

Бездакорная служба

Выдатна валодаючы навыкамі збору разведданых і ведаючы нямецкую мову, здраднік адразу ж прапанаваў фашыстам свае паслугі. У камендатуры, якая ў верасні 1941 года перамясцілася ў Гомель, ён працаваў следчым. «Шчыраваў» так, што за бездакорную службу яму нямецкая ваенная адміністрацыя горада нават выдзеліла кватэру.

А «работа» Буглая – гэта катаванні савецкіх грамадзян. І яго метады былі настолькі зверскія, што нямецкае камандаванне баялася браць на сябе адказнасць за такія дзеянні. Карніку паступае прапанова – рэалізоўваць варварскія практыкі за сценамі СД.

Так у канцы 1941 года і пазней на акупіраванай тэрыторыі БССР пачалі з’яўляцца групы ў белых маскіровачных халатах. Яны заходзілі ў вёскі і называлі сябе савецкімі дэсантнікамі, пераконвалі сялян, што нібыта трапілі ў акружэнне і шукаюць сувязі з партызанамі, каб вярнуцца да сваіх. А пасля ўчынялі крывавыя расправы. На чале так званай «Белай каманды» – Аляксандр Буглай. З карнай групіроўкі яна вырасце да батальёна.

У складзе – выключна добраахвотнікі, і іх галоўная задача – расстрэльваць людзей, спальваць вёскі, рабаваць насельніцтва. Усё здзяйснялася пад выглядам барацьбы з партызанамі. На рахунку буглаеўцаў застаюцца дзясяткі карных акцый па знішчэнні мірнага насельніцтва Беларусі.

Тактыка – забіць і схавацца

Першапачаткова атрад Буглая налічваў каля 70 чалавек, і адна з першых карных акцый «белахалатнікаў» прайшла ў лістападзе 1941 года ў Гомельскім раёне. Яны выяўлялі партызанскія сем’і, сувязных і актывістаў. За гэта нямецкае камандаванне тады ўзнагародзіла «героя» медалём «За храбрасць». А ў нацысцкай прэсе пра яго, змагара з «бандыцкімі фарміраваннямі», з’явіліся артыкулы.

Дзейнічалі карнікі хутка: як толькі з’яўлялася інфармацыя пра партызан, туды ж накіроўвалася і «Белая каманда». Выбраная тактыка: наляцелі, забілі, расстралялі, схаваліся. У бой не ўступалі.

Буглай, дарэчы, быў у сяброўстве з начальнікам Гомельскай абласной паліцыі Кардаковым, які адкрыў у Гомелі спецшколу для паліцэйскіх. Рыхтавалі там і людзей для «Белай каманды». Сярод заняткаў былі нямецкая мова, страявая, стралковая, фізічная падрыхтоўка, палітычныя размовы і, зразумела, сама паліцэйская служба.

На 1 жніўня 1943 года атрад Буглая знішчыў у Гомельскай вобласці дзевяць партызанскіх лагераў, узяў у палон 400 чалавек, забіў і параніў 2,7 тысячы партызан. Гэта даныя з «Баявога дзённіка» «Белай каманды», а ў рэальнасці ахвярамі станавілася грамадзянскае насельніцтва. У лік партызан Буглай уключаў і членаў іх сем’яў: жанчын, дзяцей, старых, і тых, хто, па яго меркаванні, дапамагаў партызанам. За кожнага забітага чалавека карнік з «Белай каманды» атрымліваў прэмію – 50 цыгарэт.

Больш катаў – менш жывых

Пасля таго як карнікаў перакінулі ў Чачэрскім раён, атрад вырас да 150 чалавек. Тады ў яго накіравалі па 10–15 найбольш падрыхтаваных паліцаяў з розный раёнаў Гомельшчыны. І з кожным Буглай гутарыў асабіста.

Яму прысвоілі званне капітана, а потым маёра. Атрад перавялі ў штат нямецкай роты. Карнікі атрымлівалі такую ж зарплату, як салдаты вермахта на ўсходнім фронце. Акрамя таго, «белахалатнікаў» забяспечвалі франтавым пайком і нямецкім абмундзіраваннем, узбройвалі аўтаматамі, кулямётамі і карабінамі.

Забойствам людзей буглаеўцы займаліся як самастойна, так і ў складзе іншых нацысцкіх падраздзяленняў. Яны рыскалі па вёсках, шукаючы партызан і наводзячы жах на мірных жыхароў. Катавалі і расстрэльвалі, падпальвалі ў будынках… Адна з буйнейшых карных акцый была праведзена ў кастрычніку ў пасёлку Рэпішча, ад якога засталося папялішча з астанкамі людзей. Але на гэтым вылюдкі не спыніліся – пачалі прачэсваць бліжэйшы лес. Ад іх рук тады загінула каля 500 чалавек.
У верасні 1943 года, калі ўжо Чырвоная армія вяла вызваленчыя баі ў напрамку Гомеля, Буглай атрымаў загад перамясціцца ў раён Бабруйска, а потым заняць населены пункт Макарычы Старадарожскага раёна. Першае, што ён зрабіў, калі выканаў гэтае заданне, – выгнаў мясцовых жыхароў на размініраванне дарогі, якую яны потым баранавалі на конях. Выбухі і гібель старых і жанчын карнікаў не спынялі – трэба было ачысціць шлях з Макарычаў у Старыя Дарогі.

Там жа Буглай сфарміраваў буйны батальён, у якім налічвалася больш за 700 чалавек. Гэта былі чатыры роты добра падрыхтаваных і баяздольных катаў.

Узнагароды за генацыд

У Буглая было шмат узнагарод ад нацыстаў. Прадстаўленні на іх, як сведчаць архіўныя даныя, ён пісаў сам на сябе. У прыватнасці, налічваецца 13 медалёў і ордэн. Атрымаў і нагрудны знак «За бліжні бой» III ступені.

Заахвочваць, дарэчы, было за што. Буглай актыўна вёў агентурную работу, спецыяльна рыхтаваў людзей для засылкі ў партызанскія атрады. Яго агенты валодалі шпіёнскай тактыкай, ведалі савецкую страявую падрыхтоўку і каманды, умелі страляць з некалькіх відаў зброі. Так яны высвятлялі размяшчэнне лагераў і месцажыхарства сем’яў камандзіраў партызанскіх фарміраванняў.

У маі 1944-га пры наступленні Чырвонай арміі, якая ішла вызваляць Мінск, булгаеўскае войска разграмілі. Частка батальёна была знішчана, частка трапіла ў палон, а якія разбегліся. Сам Буглай на матацыкле ўцёк, кінуўшы сваю каманду, і аказаўся ў складзе арміі Уласава. А пасля завяршэння Другой сусветнай вайны – у амерыканскай зоне акупацыі. Ён ужо працаваў на амерыканскую разведку.

Апраўдаць? Ніколі!

Першыя суды над карнікамі «Белай каманды» прайшлі ў саракавых. У 1947-м ваенныя трыбуналы асудзілі 128 буглаеўцаў. Пошукі астатніх працягваліся, і вяліся яны на працягу 30 гадоў. Апошнія працэсы адбыліся ў сярэдзіне 1970-х. Так, у жніўні 1974-га да вышэйшай меры пакарання прыгаварылі Сямёна Лапіцкага – правую руку Буглая, камандзіра ўзвода групіроўкі.

Загады аб знішчэнні людзей, у тым ліку дзяцей, ён выконваў безагаворачна. А пасля вайны, разумеючы, што яго чакае арышт і пакаранне смерцю, змяніў прозвішча, пад якім жыў у невялікай вёсачцы Іркуцкай вобласці. У Беларусі з’явіўся, каб даведацца пра сваю неафіцыйную сям’ю. А пазней, ужо падчас допытаў, выдаў яшчэ аднаго ката – Мікалая Ільянкова. Яго знайшлі ў Адэскай вобласці і таксама прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання.

Буглай, як выявілі савецкія органы контрразведкі, пражываў ва ўласным доме ў штаце Нью-Ёрк. У 1951 годзе ён быў аб’яўлены ва ўсесаюзны вышук. СССР двойчы падаваў запыты на яго экстрадыцыю, але ЗША ў гэтым адмовілі.

Прызнаць вінаватым у здзяйсненні генацыду – такі вердыкт у дачыненні да ката. Прыгавор вынесены без назначэння пакарання, бо злачынцы ўжо няма ў жывых. Але яго дзеянням дадзена прававая ацэнка, і гэта яшчэ адно пацвярджэнне непахіснай рашучасці нашай дзяржавы абараняць гістарычную праўду. Такія злачынцы нават пасля смерці не павінны быць рэабілітаваны.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА