Дэпутаты раённага Савета, прадстаўнікі райвыканкама наведалі Буркоўскі сельскі Савет, дзе пабывалі на сацыяльна значных аб’ектах, сустрэліся з вяскоўцамі. Асноўнай тэмай дня стала абмеркаванне пытанняў добраўпарадкавання, таму падчас паездкі па населеных пунктах старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Калясан рабіў акцэнт на момантах, якім, па яго меркаванні, патрэбна надаць больш увагі.
Як паведаміў старшыня мясцовага сельвыканкама Аляксандр Каваленка, Буркоўскі сельскі Савет заснаваны ў 1926 годзе. У 1961-м быў аб’яднаны з Астраглядаўскім, а у 1986-м, калі Астрагляды былі адселены, цэнтр Савета перанесены ў Буркі. У 2005-м Савет перайменаваны ў Буркоўскі, а ў 2010-м быў аб’яднаны з Мікуліцкім. Сёння ў яго склад уваходзяць 12 населеных пунктаў. На 1 студзеня 2018 года колькасць жыхароў складала больш за 1100 чалавек.
На тэрыторыі Савета дзейнічаюць некалькі ўстаноў культуры. Гэта Буркоўскі цэнтр культуры і вольнага часу, Мікуліцкі сельскі дом культуры, Рыжкаўскі сельскі клуб, тры сельскія бібліятэкі, філіял Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў.

Буркоўскі дзіцячы сад з 1 верасня будуць наведваць 20 хлопчыкаў і дзяўчынак.

У Буркоўскай і Мікуліцкай сярэдніх школах у новым навучальным годзе за парты сядуць каля 70 вучняў у кожнай.


Установы аховы здароўя прадстаўлены Мікуліцкай амбулаторыяй урача агульнай практыкі і двума фельчарска-акушэрскімі пунктамі: у Бурках і ў Конанаўшчыне.

Працуюць таксама пяць стацыянарных магазінаў райспажыўтаварыства. Дзевяць населеных пунктаў абслугоўваюць аўтамагазіны.

У Мікулічах і Бурках ёсць комплексна-прыёмныя пункты Брагінскага КБА. Вытворчасцю сельгаспрадукцыі займаецца ААТ “Імя Жукава”, дзе задзейнічаны 162 чалавекі.
– Мы цэнім у людзях такія якасці, як адказнасць, актыўная грамадзянская пазіцыя і сумленнаясць, – адзначыў Аляксандр Каваленка. – Бо тэрыторыя сельсавета – гэта малая радзіма, агульны дом для кожнага яго жыхара. Будучыня нашага краю – у руках неабыякавых і ініцыятыўных, тых, хто не толькі паказвае прыклад руплівага, гаспадарскага стаўлення да роднай зямлі, але і натхняе на добрую справу іншых.
Па словах Аляксандра Іванавіча, мясцовымі жыхарамі шмат зроблена па навядзенні парадку ў населеных пунктах, паляпшэнні санітарнага стану вытворчых і прыродных тэрыторый. Значную дапамогу заўсёды аказаюць і прадстаўнікі замацаваных за Саветам арганізацый.
З уладальнікамі пустуючых дамоў праводзіцца растлумачальная работа. Так, за сем месяцаў 2018 года ў Конанаўшчыне знесена 19 пабудоў, у Рыжкаве – 15. Акрамя гэтага, у Бурках, Кавалях, Бакунах і Рыжкаве абследаваны 38 аб’ектаў, якія плануецца знесці, а тэрыторыю вакол іх – добраўпарадкаваць. Землі, што прылягаюць да палёў, перадаюцца ААТ “Імя Жукава”.
Дзякуючы самаабкладанню на добраўпарадкаванне могілак у 2018 годзе сабрана 830 рублёў. Сродкі накіруюцца на набыццё будаўнічых матэрыялаў і фарбы для агароджы.

Сустрэча з насельніцтвам прайшла ў Буркоўскім цэнтры культуры і вольнага часу, дзе ў вяскоўцаў была магчымасць паведаміць старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Калясану аб надзённых праблемах.
Пасля адбылося пасяджэнне мандатнай камісіі па пытаннях мясцовага самакіравання, падчас якога прагучала справаздача аб выкананні рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады.
Завяршыўся дзень дэпутата выступленнем удзельнікаў мастацкай самадзейнасці.