У Віктара Лазовіка з падручных матэрыялаў атрымліваюцца прыгожыя кошыкі

Грамадства

Koshyk

Прозвішча Віктара Аляксандравіча Лазовіка ў нейкай ступені адпавядае яго любімаму занятку – плесці кошыкі. Праўда, не з лазы (яны не такія трывалыя атрымліваюцца), а з іншых падручных матэрыялаў – алюмініевага дроту, стужкі, якой звязваюць блокі, цэглу. Убачыўшы на будоўлі гэтую самую стужку, кемлівы вясковец падабраў яе і затым пусціў у справу. Выгода атрымалася ўзаемная: і на будаўнічай пляцоўцы стала чысцей, і карысная рэч з’явілася на падворку. У час уборкі бульбы – незаменны атрыбут. Ды і па грыбы можна хадзіць з такімі кошыкамі, садавіну ў іх збіраць. Спектр прымянення ў гаспадарцы шырокі.

Малая радзіма Віктара Аляксандравіча, вёска Красная Горка (Куба, як яе называлі паміж сабою людзі), выселена. Менавіта тут ён прызвычаіўся да гэтага промыслу, якім паспяхова займаліся нашы дзяды і прадзеды. А яны ўмелі рабіць усё сваімі рукамі. Дастаткова было паглядзець, як спрытна дужыя рукі старэйшых аднавяскоўцаў згінаюць лазовыя пруцікі, каб самому паўтарыць гэтыя рухі і зрабіць нешта падобнае.

Першы кошык народны ўмелец сплёў з дроту, а потым пачаў выкарыстоўваць іншыя матэрыялы. Зімой у цёплай хаце можна і тэлевізар глядзець, і любімай справай займацца. Час бяжыць хутчэй, не такімі доўгімі здаюцца дні. А летам з кошыкам – у лес, за дарамі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *