Трэба з кнігай бываць часцей, ці што прапаноўваецца прачытаць дзецям на канікулах

Грамадства

00007744_03

Здаецца, яшчэ ў недалёкім мінулым было бясспрэчнай ісцінай, што ў аснове ўсялякіх ведаў, высокай адукаванасці, эрудыцыі ляжыць начытанасць. Каб узяць жаданае выданне, навінку літаратуры, даводзілася нават, як прыгадваюць старэйшыя бібліятэкары, чакаць сваёй чаргі. А адарвацца ад цікавай кнігі многія не маглі да самай раніцы. Яно і зразумела: яшчэ не настаў час камп’ютарных тэхналогій.

Сёння – зусім інакш. Для сучаснай моладзі і падрастаючага пакалення больш “крута” бавіць вольны час у сацыяльных сетках і блукаць па віртуальнай прасторы. З ранняга ўзросту ў руках дзяцей – планшэты і смартфоны, а перад вачыма – манітор. І часам гэты працэс настолькі зацягвае, што чалавек становіцца проста бездапаможным перад сваёй захопленасцю, перастае развівацца як асоба. Таму і занепакоены, усхваляваны педагогі такім становішчам спраў.

У дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бібліятэкі прыцягвае ўвагу выстава "Лета з добрай кнігай".
У дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бібліятэкі прыцягвае ўвагу выстава «Лета з добрай кнігай».

Пакуль чытаем – думаем і аналізуем, суперажываем і разважаем. Свае ўчынкі нярэдка параўноўваем з тымі, што здзяйсняюць літаратурныя героі. Шукаем на старонках выданняў адказы на шматлікія “чаму”. Чэрпаем гістарычныя факты, даведваемся пра сваё мінулае, пашыраем кругагляд. Значыць, кніга нам сапраўды патрэбна. І лета – самы час далучыць школьнікаў да добрай казкі, павучальнай гісторыі, захапляльнага падарожжа ці цікавых прыгод.

– Нагадайце сваім дзецям пра кнігі, якія ім прапанаваны для чытання на канікулах, – звяртаецца да бацькоў загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля ПІЗО.Для вучняў першага класа гэта казкі і вершы Карнея Чукоўскага, “Апавяданні для дзяцей” Льва Талстога; другога – “Азбука – не забаўка” Рыгора Барадуліна, “Ехаў поўны воз дзівос” Міхася Пазнякова, казкі Ханса Крысціяна Андэрсена і Шарля Перо; трэцяга – “Свята летаўца: апавяданні, аповесці, казкі” Уладзіміра Ягоўдзіка, “Маленькі прынц” Сент-Экзюперы… Пазнаёміцца з поўным спісам прапанаванай для дзяцей літаратуры можна на сайтах устаноў адукацыі.

 Уладзіслаў Пятроў аддае перавагу навуковай і вучэбнай літаратуры, не забываючыся пры гэтым і пра беларускую класіку.
Уладзіслаў Пятроў аддае перавагу навуковай і вучэбнай літаратуры, не забываючыся пры гэтым і пра беларускую класіку.

Добрая, мудрая кніга – гэта не толькі цэлая гама пачуццяў, перажыванняў і эмоцый, але і неабсяжны прастор для фантазіі, глыбокага роздуму, падмурак культуры і крыніца духоўнага развіцця. Так што адкрывайце для сябе свет літаратуры, знаёмцеся з новымі аўтарамі, успрымайце друкаванае слова і розумам, і сэрцам. Чытайце!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *