Ніна Міхайлаўна Ганчар аддала педагагічнай дзейнасці 41 год

Праздники и будни

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Стракаты восеньскі месяц кастрычнік пачынаецца прыгожым, не менш цудоўным чым гэтая залатая пара, святам – Днём настаўніка. Напэўна, няма такога чалавека, які не носіць у сваім сэрцы вобраз хаця б аднаго прадстаўніка гэтай паважанай прафесіі, не памятае яго цікавых урокаў, можа калі і надакучлівых, але мудрых наказаў. На жаль, такое адчуванне прыходзіць не ў школьныя гады, а ў больш сталым узросце. Спадзяюся, што ў сваё свята педагогі пачуюць (няхай і не ад усіх вучняў) шчырыя словы падзякі за нялёгкую працу. А я ў сваю чаргу хацела б пазнаёміць вас, паважаныя чытачы, са сваёй настаўніцай, якая працуе ў нашай школе і сёлета адзначыла сваё 60-годдзе.

Ніна Міхайлаўна Ганчар аддала педагагічнай дзейнасці 41 год. Гэта чалавек багатай і шчодрай душы. У жыцці яна, у першую чаргу, клапатлівая маці і надзейная жонка, а на працы – строгі і патрабавальны настаўнік. Дзеці з ахвотай займаюцца разам з ёй хіміяй і біялогіяй, рашаюць пастаўленыя на ўроках задачы. У выкладанні прадметаў дапамагаюць камп’ютарныя тэхналогіі, якімі настаўніца з лёгкасцю авалодала ў сваім сталым узросце, таму ўрокі яе праходзяць, як кажуць, на адным дыханні, вылучаюцца цікавасцю і навізной.

Памятаю, калі я толькі прыйшла на працу ў Мікуліцкую сярэднюю школу, Ніна Міхайлаўна была завучам. І я, і мае маладыя калегі адразу ж адчулі яе падтрымку. Яна хутка ўвяла нас у курс справы, давала слушныя парады, рабіла заўвагі, на што мы зусім не крыўдзіліся, а, наадварот, былі ўдзячныя за падказку і шчыры клопат. У любой справе Ніна Міхайлаўна і сёння гатова прыйсці на дапамогу, падзяліцца набытым вопытам.

Мудрая і спагадлівая, адказная і прынцыповая, адданая абранай справе… Менавіта пра такіх кажуць: настаўнік з вялікай літары.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” Мікуліцкай СШ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *