Падпіска-2019. Любоў Майсеенка: з любімай газетай не развітваюся ніколі

Главное Грамадства Падпіска

 

Дзякуючы “Маяку Палесся”, ведаю  пра жыццё  і працу сваіх землякоў, іх дасягненні. Чытаю і радуюся.  

Трынаццаць гадоў таму мы з мужам пераехалі ў Гомель, каб быць бліжэй да  сваіх дзяцей. Увесь гэты час выпісваю “Маяк Палесся”, бо ён  застаўся  для нашай сям’і родным і дарагім, як і ўсё, што звязвае з раёнам і  вёскай Хракавічы. Тут мы з Андрэем Андрэевічам настаўнічалі доўгі час. Я выкладала хімію і біялогію, а ён – фізіку. Цёплыя ўспаміны засталіся пра калег. Гэта былі ўлюбёныя ў сваю прафесію людзі, адданыя справе, выдатныя спецыялісты і вопытныя настаўнікі. Калектыў жыў насычаным і цікавым жыццём, у школе праводзіліся розныя мерапрыемствы, конкурсы,  нашы вучні займалі прызавыя месцы ў спартыўных  спаборніцтвах і паказвалі добрыя веды на прадметных алімпіядах. Шмат увагі ўдзялялася патрыятачнаму выхаванню дзяцей, цімураўскаму і  піянерскаму руху. Цудоўная была пара!

Зараз, калі часам на душы становіцца неспакойна, калі даймаюць розныя жыццёвыя праблемы, ад трывожных думак адцягвае любімая газета. Бяру ў рукі чарговы нумар “Маяка Палесся” – і адразу мяняецца настрой. Вельмі добра, што мясцовыя журналісты шмат увагі ўдзяляюць людзям працы, хлебаробам і жывёлаводам, якія не лічацца з часам, каб на стале ў кожнага з нас быў кавалак хлеба, малако і мяса. У ліку лепшых ёсць і выпускнікі Хракавіцкай школы. Надзея Кандрашэўская, Анатоль Пінчук, Міхаіл Фурс звязалі сваё жыццё з жывёлагадоўляй, дарэчы, як і Аляксандр Малочка. Сельскагаспадарчую акадэмію Аляксандр Іванавіч (зараз ён – галоўны заатэхнік ААТ “Чамярыскі”) закончыў з чырвоным дыпломам. Нядаўна прачытала, што на раённых дажынках яго адзначылі дыпломам.

Фотакарэспандэнт Вольга Паляшчук – таксама мая вучаніца, старанная і сціплая. Такой яна была ў школе, такой і засталася. І здымкі ў яе якасныя. У гэтым пераконваюся кожны раз, калі бяру ў рукі газету з іншага раёна (яе  выпісвае дачка). З нашай не параўнаць.

“Маяк Палесся” дае  адчуванне  прысутнасці на Брагіншчыне, быццам мы і зараз на малой радзіме і нікуды адсюль не выязджалі. Пра ўсё гэта я гаварыла падчас сустрэчы з былымі калегамі і вучнямі на юбілеі школы. Таму хачу падзякаваць калектыву газеты за яго працу, змястоўныя матэрыялы, пажадаць творчых поспехаў і знаходак. Няхай мясцовае выданне будзе жаданым у кожным доме!

Любоў МАЙСЕЕНКА