Камарын сучасны: некалькі новых штрыхоў да знаёмага партрэта

Год малой родины Грамадства

Мінулы панядзелак выдаўся не такі цёплы, яркі і сонечны, як папярэднія дні. Наваколле з раніцы і да самага апоўдня было ахутана густым туманам. Але і праз яго шэрасць прыкмячаліся зрухі, што адбыліся за апошні час у Камарыне.

Пры ўездзе і па адной з вуліц выстраіліся ў рад маладыя бярозкі. У парку ў гонар пераможнага фарсіравання Дняпра павялічылася колькасць туй і кустарнікаў. Чакаюць усталявання прыпыначных павільёнаў падрыхтаваныя для гэтых мэтаў дзве пляцоўкі.

Свае месцы занялі новыя інфармацыйныя стэнды. Заасфальтаваны праблемныя дарожныя ўчасткі, больш стала сметніц… І, відаць, само надвор’е заклікае работы па добраўпарадкаванні працягваць – радуюць пагодлівыя і надзвычай цёплыя для восеньскай пары дні.

19 верасня, калі паветра на Брагіншчыне прагрэлася больш чым да дваццаці трох градусаў, камарынцы таксама шчыравалі на раённым суботніку.

– Толькі ў навядзенні чысціні і парадку на мясцовых могілках, дзе высякалі залішнюю расліннасць, фарбавалі агароджу і ачышчалі тэрыторыю ад смецця, быў задзейнічаны 41 чалавек, – заўважае в. а. старшыні Камарынскага сельскага Савета Валянціна Блудчая.

І гэта, вядома, не адзінае месца, што змяніла сваё аблічча ў выніку агульнай працы. Як і паўсюль, выкарыстоўваецца час, каб пазбавіць зямлю ад апалага лісця, рэшткаў расліннасці, пасадзіць дрэвы, прывесці ў належны стан вуліцы, паркі і двары. Патрэбна паспець усё зрабіць у спрыяльны перыяд, належным чынам падрыхтавацца да зімы.

Вельмі сімвалічна, што менавіта ў гады, знакавыя для малой радзімы, пасёлак над Дняпром набывае сучасныя рысы, становіцца больш камфортным і ўтульным для жыцця. Гэтага не могуць не заўважаць людзі, якія ўмеюць шанаваць створаныя для іх зручнасці, берагчы даброты, у якія ўкладзены бюджэтныя сродкі. І, вядома ж, самі дбаюць пра чысціню і хараство роднага куточка.

Пенсіянеркі Ніна Пархамец і Ніна Тамілка, напрыклад, кожны год клапоцяцца, каб каля іх пад’езда як мага даўжэй, з ранняй вясны да позняй восені, цвілі кветкі. Таму нават зараз, калі ўжо згаслі краскі лета, побач з іх 60-м домам, што размешчаны па вуліцы К. Маркса, пераліваюцца ўсімі магчымымі колерамі хрызантэмы і так званае ў народзе бабіна лета. А самі жанчыны шчыра радуюцца зменам на тэрыторыі свайго двара.

– Раней каля пад’езда, калі пройдзе дождж, такая лужына стаяла, што і прайсці было цяжка. А зараз – ніякіх перашкод, усе нязручнасці ліквідаваны. Асфальтавае пакрыццё, тратуары… – прыкмячае Ніна Дзмітрыеўна.

Больш таго – у доме набылі сучасны выгляд балконы. Побач з самаробнымі лавамі, што змайстравалі і ўсталявалі ў двары мясцовыя жыхары-ўмельцы, з’явіліся новыя. Добраўпарадкавана дзіцячая гульнявая пляцоўка.

Ніна Дзмітрыеўна і Ніна Максімаўна штогод клапоцяцца, каб каля іх пад’езда цвілі кветкі.

На вуліцы К. Маркса, 62.

І гэта, дарэчы, далёка не адзіны адрас, дзе адбыліся падобныя пераўтварэнні. Ды і вуліцы, дарогі пасёлка таксама паляпшаюць свой стан.

Мікалай Пархамчук, для якога Камарын з’яўляецца родным ужо 50 гадоў – з моманту накіравання на працу пасля заканчэння Пінскага сельскагаспадарчага тэхнікума, лічыць, што ў руплівага гаспадара парадак павінен быць ва ўсім. Ён якраз выйшаў з двара, каб падгрэбці чарговую порцыю лісця, што скінула пасаджанае каля яго дома дрэва.

Менавіта гэтая вуліца, па якой жыве былы меліяратар, злучае мікрараён ПМК са школай, і па ёй амаль штодня крочаць дзеці. Таму рамонт дарогі тут быў якраз дарэчы. Праблему яе неналежнага стану мясцовыя жыхары агучылі падчас сустрэчы з кіраўніком раёна ў рамках адзінага дня інфармавання. І цяпер участак, па якім пераважна рухаюцца пехатой і на веласіпедах, – з роўным асфальтавым пакрыццём.

Парадак павінен быць і каля падворка.

Яшчэ адно з актуальных пытанняў, з якім, напэўна, сутыкаюцца ў кожным сельсавеце – выкарчоўванне старых, сухастойных ці пахіленых, аслабленых хваробай дрэў. Зразумела, што такія ствараюць пагрозу жыццю, здароўю або маёмасці людзей. А ў Камарыне гэтая праблема ўзмацняецца наяўнасцю сасновых зон, так аблюбаваных жукамі-караедамі. Вось і зялёны ўчастак паўз дарогу, што вядзе ад вуліцы Леніна да старога русла Дняпра, надышоў час выратоўваць.

Вядучы эканаміст Камарынскага лясгаса Вольга Маручок, якая амаль штодня крочыць у даным напрамку на працу, прыкмеціла пагрозу даўно. І адна з першых забіла трывогу. З цягам часу дрэвы, аслабленыя і высахлыя, пачалі хіліцца, а то і зусім перакрываць дарогу, па якой рухацца стала небяспечна. Каб іх выдаліць і выратаваць сосны, якія яшчэ не паспеў атакаваць караед, спатрэбілася ўзгодненасць сельсавета з камісіяй, якая абследуе аб’екты расліннага свету і выносіць адпаведнае заключэнне.

Справа зрушылася з месца, як толькі Валянціна Блудчая прыступіла да выканання сваіх абавязкаў у якасці кіраўніка. Зараз на тэрыторыі, па яе словах, кожны чацвер, які па-ранейшаму застаецца адзіным санітарным днём, працуюць работнікі лясгаса і Брагінскага ўчастка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Валянціна Блудчая і Вольга Маручок на ўчастку, дзе пагаспадарыў караед.

Менавіта ў лясную гаспадарку, дарэчы, а таксама ў мясцовую школу, сельгаспрадпрыемства і культурна-спартыўны цэнтр сёлета прыйшлі новаспечаныя спецыялісты. А моладзь – гэта заўсёды свежы брыз ідэй, задумак і памкненняў, асноўны рухавік прагрэсу. Таму зусім не дзіўна, што кіраўніцтва ўскладвае на ўчарашніх выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вялікія надзеі. А каб яны замацаваліся на першым працоўным месцы, дзяржава прадугле-джвае розныя віды дапамогі: ад грашовых выплат да забеспячэння жыллём.

І ў Камарыне зараз якраз узводзіцца трохпавярховы дом, у якім у тым ліку прадугледжаны кватэры і для такой катэгорыі работнікаў.

Будзе новы дом.

Хочацца, каб на гэтай зямлі знайшлі шчасце, рэалізавалі сябе, ажыццявілі задуманае як мага больш маладых людзей. Каб і карэнныя жыхары, і тыя, хто прыехаў сюды і для каго пасёлак паспеў стаць родным, ганарыліся ім, шанавалі тое, што ствараецца для іх і будучых пакаленняў. Каб праз гады карысталіся створанымі дабротамі, уносілі ўклад у развіццё роднага населенага пункта і тыя 23 хлопчыкі і дзяўчынкі, якія сёлета з’явіліся на свет.

Менавіта на гэта – падтрымку, разуменне, неабыякавасць насельніцтва – спадзяецца ў першую чаргу ў даручанай справе Валянціна Аляксееўна, якая ўзначаліла Савет з першага ліпеня. І не менш за іншых жыхароў хоча бачыць Камарын камфортным для жыцця, працы і адпачынку. А ўлічваючы, што добраўпарадкаванне – катэгорыя пастаянная, клопатаў і спраў, да якіх патрэбна далучацца ўсім, прадбачыцца шмат.

Прыемна, што ўжо зараз штрыхі ў эстэтычным пераўтварэнні пасёлка яго госці і наведвальнікі ацэньваюць пазітыўна. Літаральна на днях, напрыклад, у Савет патэлефанавала ўраджэнка пасёлка, якая не была тут дзесяць гадоў. Убачаныя перамены настолькі ўразілі жанчыну, што яна паспяшалася выказаць шчырую падзяку мясцоваму кіраўніцтву за ўсё, што робіцца на яе малой радзіме. Значыць, добры пачатак заслугоўвае працяг, а справы папярэднікаў – прымнажэння.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *