У Брагіне прайшоў брыфінг “Аб гэтым павінен ведаць кожны!”

Важное Грамадства

У рамках акцыі “Паведамі, дзе гандлююць смерцю”, у раённым доме культуры прайшоў брыфінг “Аб гэтым павінен ведаць кожны!” На мерапрыемства, у час якога размова вялася аб шкодных звычках і іх наступствах, правілах бяспекі на дарозе і пры пажары, былі запрошаны юныя наведвальнікі летніх лагераў. Дзеці задавалі пытанні, расказвалі сітуацыі са свайго жыцця, глядзелі мульцікі. Каб сустрэча прайшла цікава і пазнавальна, паклапацілася метадыст РДК Ірына Чарняўская. Увазе прысутных былі прапанаваны таксама тэматычныя выставы наглядна-выяўленчай прадукцыі і кніг.

Наркотыкі прыводзяць да сумных наступстваў

Самы складаны з усіх дзіцячых узростаў – падлеткавы. Яго яшчэ называюць пераходным, бо на працягу гэтага перыяду адбываецца своеасаблівы пераход з дзяцінства ў дарослае жыццё. Гэта этап, на якім падлетак часта спрабуе паўстаць супраць звыклых прынцыпаў і маральных нормаў. Яго важна папярэдзіць, а для гэтага неабходна своечасова растлумачыць дзецям, што быць дарослым – гэта не значыць ўжываць алкаголь і наркотыкі, а ўменне адказваць за свае ўчынкі.

Аб тым, што прыхільнасць да наркатычных сродкаў можа прывесці да няшчасных выпадкаў і нават смерці, нагадаў намеснік пракурора Брагінскага раёна Аляксей Мельнікаў. Шмат бяды ў свой час натварыў спайс. Аляксей Васільевіч расказаў сумную гісторыю, як адзін малады чалавек, які знаходзіўся пад уздзяннем гэтага наркотыка, пазбавіў зроку свайго таварыша. Яму проста здалося, што перад ім робат, і вельмі хацелася даведацца, што ўнутры. Былі таксама выпадкі, калі людзі выходзілі ў вокны з кватэр на высокіх паверхах, і інш.

Намеснік пракурора папярэдзіў падлеткаў аб тым, што нельга згаджацца на прапанову паспрабаваць наркотык. На кожнага чалавека гэтае дурманячае рэчыва дзейнічае па рознаму: нехта паспрабуе і забудзецца, а нехта больш не зможа без яго абыходзіцца. Распаўсюджванне наркотыкаў – таксама праблема, для вырашэння якой праваахоўныя органы прыкладаюць шмат намаганняў. За гэтую незаконную справу прадугледжана толькі крымінальная адказнасць. Маладыя людзі, сярод якіх ёсць і непаўналетнія, накіроўваюцца за краты на вялікія тэрміны, а вось тыя, хто ўцягвае падлеткаў у свой наркатычны бізнес, застаюцца, на жаль, беспакаранымі. Жадаючых зарабіць лёгкія грошы яны вярбуюць праз інтэрнэт, таму выявіць іх цяжка. Аляксей Васільевіч параіў школьнікам не рэагаваць на падобныя прапановы: міліцыя ўсё роўна іх выкрые, і тады давядзецца адказваць па ўсёй строгасці закона.

У лік найбольш распаўсюджаных наркотыкаў уваходзіць марыхуана. Гэта высушанае лісце канаплі, якую можна сустрэць дзе заўгодна, як пустазелле. Між тым намеснік пракурора нагадаў, што любыя дзеянні з канаплёй знаходзяцца пад забаронай, таму яе ні ў якім разе нельга зрываць.

Паўтараюць за бацькамі

Прафілактыка дзіцячага траўматызму – таксама на кантролі ў пракуратуры. Часцей яго прычыны крыюцца не толькі ў недастатковым наглядзе бацькоў, але і ў парушэнні дарослымі правілаў бяспекі. У доме дыміць печка, б’ецца токам выключальнік – наклікаць бяду можа любая, на першы погляд, дробязь. Да таго ж хлопчыкі і дзяўчынкі імкнуцца ўсё паўтараць за бацькамі. Аб гэтым патрэбна памятаць і кантраляваць свае паводзіны ў прысутнасці дзяцей.

Аляксей Мельнікаў звярнуў увагу і на правілы, якія неабходна выконваць пры наведванні вадаёмаў. І першае, аб чым ён нагадаў школьнікам: хадзіць на рэчку купацца без дарослых нельга.

Алкаголь і курэнне шкодзяць

Праблему п’янства, у тым ліку і ў падлеткавым асяроддзі, закрануў суддзя Аляксей Яшчанка. Людзьмі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, здзяйсняецца шмат злачынстваў, ад іх не заўсёды адэкватных паводзін пакутуюць родныя. Аляксей Пятровіч параіў дзецям трымацца далей ад нецвярозых грамадзян, бо іх дзеянні – непрадказальныя, могуць быць агрэсіўнымі. Часам на нейкім сямейным свяце бацькі самі частуюць падлеткаў спіртнымі напоямі. На такую прапанову згаджацца нельга, бо невядома як на алкаголь адрэагуе неакрэплы дзіцячы арганізм. Патрэбна памятаць і аб забароне ўжывання спіртнога ў грамадскіх месцах.

Паразмаўлялі на брыфінгу і яшчэ аб адной шкоднай звычцы – курэнні. Хоць яна і не забаронена законам, але таксама не ўпрыгожвае чалавека. Для падлеткаў курыць – значыць выглядаць дарослымі. Яны пераймаюць гэтую звычку ў таварышаў ці бацькоў, а потым не могуць ад яе пазбавіцца, бо на арганізм пачынае ўздзейнічасць фактар залежнасці. Дарэчы, шкодзіць курэнне не толькі здароўю: непатушаная цыгарэта часта становіцца прычынай пажараў, а кінуты на зямлю акурак сведчыць аб нізкім культурным узроўні чалавека.

Праз дарогу – толькі па зебры

Старшы інспектар адміністратыўнай практыкі аддзялення ДАІ Брагінскага РАУС Аляксей Гардзейчык нагадаў школьнікам аб неабходнасці выконваць правілы бяспекі дарожнага руху. Юным пешаходам патрэбна памятаць, што хадзіць можна толькі па тратуарах, а перасякаць вуліцу – у спецыяльна адведзеным для гэтага месцы, якое абазначана адпаведным знакам і белымі ці жоўтымі палосамі на праезжай частцы (зебры). У цёмны час сутак неабходна пазначыць сябе святлоадбівальнымі элементамі.
Катацца на веласіпедзе дазваляецца таксама толькі ў бяспечных месцах, дзе няма актыўнага руху аўтамабіляў. У транспартным сродку, дарэчы, патрэбна заўсёды карыстацца рамнём бяспекі.

Нагадалі аб тэлефонах экстранных службаў

Здаровы лад жыцця – тэма размовы старшыні раённай аргані-зацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людмілы Бурак, якая ў тым ліку акцэнтавала ўвагу школьнікаў на асноўных прыёмах аказання першай медыцынскай дапамогі пры разнастайных выпадках. Так, першае, што патрэбна зрабіць, атрымаўшы апёк, – змясціць пацярпелы ўчастак пад халодную праточную ваду. Ну і, вядома ж, расказаць аб здарэнні дарослым. Вельмі небяспечнымі для дзяцей з’яўляюцца ўкусы насякомых, якія могуць выклікаць алергічную рэакцыю. Тут таксама без бацькоў не абысціся.

Людміла Паўлаўна яшчэ раз нагадала дзецям аб нумарах, па якіх неабходна тэлефанаваць, калі спатрэбіцца дапамога экстранных службаў: 101, 103, 112. А гарантыяй добрага настрою на цэлы дзень, па яе словах, з’яўляецца ранішняя гігіена: умыванне, чыстка зубоў і зарадка.

Завяршылася сустрэча праглядам мультыплікацыйных фільмаў аб правілах пажарнай бяспекі. Хлопчыкі і дзяўчынкі цяпер ведаюць, што з запалкамі гуляцца нельга, а калі ў кватэры адбылося ўзгаранне, патрэбна адразу ж тэлефанаваць выратавальнікам.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *