Беларусы дакладна ведаюць: усё ў нашых руках. Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам

Справа дзяржаўная

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці.

«Прыемна бачыць усіх вас тут сёння напярэдадні важнай палітычнай падзеі — Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу», — звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства беларускі лідар.

Адзначыўшы, што на цырымоніі прысутнічаюць прадстаўнікі розных сфер жыццядзейнасці і рэгіёнаў краіны, якіх аб’ядноўваюць высокі прафесіяналізм і ўпартая праца на вынік, Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў зале ёсць таксама і тыя, хто прыехаў з-за мяжы:

«Сэрцам гэтыя людзі — сапраўдныя беларусы».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларусы, мірныя і працавітыя людзі, яны з аптымізмам глядзяць у будучыню, таму што дакладна ведаюць: усё ў іх руках.

«Вашы дасягненні — ярчэйшы доказ таго. Практычна за кожным стаіць дружны працоўны калектыў, дзе, я ўпэўнены, падрастаюць новыя прафесіяналы, якіх у будучым мы абавязкова ўбачым у тым ліку тут», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на цырымоніі таксама прысутнічаюць людзі, якія па закліку душы прыйшлі ў медыцыну.

«Сёння беларуская ахова здароўя не толькі трымае вірусны ўдар, але і прадаўжае аказваць планавую дапамогу па ўсіх напрамках (а вы, напэўна, чуеце, што ў суседніх і іншых краінах пры сур’ёзным уздыме вірусных захворванняў планавая дапамога адмяняецца на 3-4 тыдні). З такімі ўрачамі, якія сёння аддаюць свае сэрцы і працу ў імя выздараўлення нашых людзей, нам нічога не страшна», — падкрэсліў беларускі лідар.

Асаблівую ўдзячнасць Прэзідэнт выказаў вучоным, чые распрацоўкі ў розных сферах дапамагаюць укараняць найноўшыя тэхналогіі і паспяхова канкурыраваць на рынку, а таксама выкладчыкам, якія закладваюць спрыяльны фундамент ведаў для атрымання высакакласных спецыялістаў.

«Удзячны тым, хто сваім прафесійным шляхам выбраў захаванне гістарычнай памяці, развіццё культуры і мастацтва, дапамагае нам не адрывацца ад родных каранёў, уносіць сапраўды бясцэнны ўклад у духоўны код нашага народа», — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў і беларускім аграрыям:

«Сціплым і, як прынята гаварыць, працавітым людзям. Тым, хто сваёй працай корміць усю краіну».

«Але ўвесь пералічаны дабрабыт магчымы толькі ў такой дзяржаве, дзе пануюць мір і згода. Яны як паветра. Калі ёсць — не заўважаеш», — сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што сярод узнагароджаных шырока прадстаўлены людзі ў пагонах, пад абаронай якіх дзяржаўная граніца, бяспека краіны і жыццё кожнага з нас.

«Дзякуй за службу, вернасць і рашучасць у процістаянні ўсім знешнім і ўнутраным пагрозам», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Шчыра падзякаваў Аляксандр Лукашэнка і тым, хто ўзняў беларускі флаг і копію Сцяга Перамогі на Эверэст.

«Гэта глыбока сімвалічна: у найцяжэйшых умовах пранесці ля сэрца на самую высокую вяршыню планеты самае дарагое і каштоўнае», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, эмоцыі, якія беларусы адчувалі, гледзячы на гэтыя палотнішчы, у поўнай меры параўнальныя з пачуццём велізарнага гонару за краіну ў момант, калі атрымліваюць перамогі айчынныя спартсмены.

«У гэтай зале прысутнічаюць прадстаўнікі айчыннай зборнай на алімпіядзе ў Токіа. Беларускі народ чакае, што і ў Пекіне, на зімовых Алімпійскіх гульнях, якія стартуюць праз тыдзень, беларускі флаг узнімецца над стадыёнамі Паднябеснай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў надзею, што і гэтая цырымонія натхніць многіх на новыя здзяйсненні.

Прэзідэнт уручыў удзельнікам цырымоніі высокія дзяржаўныя ўзнагароды і дыпломы аб прысуджэнні заслужаных званняў.

Сярод узнагароджаных былі прадстаўнікі сферы навукі і аховы здароўя, сілавога блока, аграрнага сектара, культуры і спорту.

Ордэнам Айчыны ІІІ ступені ўзнагароджаны дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтра «Лэмт» БелОМО Аляксей Шкадарэвіч і галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі хіміі кандэнсаваных асяроддзяў Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ Алег Івашкевіч.

Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны дырэктар Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Віктар Вайшнаровіч, наладчык зварачнага і газаплазмарэзальнага абсталявання рамонтна-энергетычнага цэха нумар 5 Мінскага электратэхнічнага завода імя В.І.Казлова Анатоль Яленіч і загадчыца кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ларыса Данілава. Гэтай узнагароды ўдастоены таксама спартсмен-інструктар Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Максім Недасекаў за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на летніх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях 2021 года ў Токіа.

За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, асабістыя заслугі ў забеспячэнні законнасці, умацаванні правапарадку і барацьбе са злачыннасцю ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені ўзнагароджаны начальнік упраўлення ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры Валерый Куліковіч.

За высокія спартыўныя дасягненні, прафесіяналізм, значны ўклад у папулярызацыю беларускага спорту на міжнароднай арэне, узняцце Сцяга Перамогі і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь на вяршыню Эверэста ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны ганаровы консул Інданезіі ў Кыргызстане Эдуард Кубатаў, генеральны дырэктар ТАА «Прамысловая група «Векпрам», член Беларускай федэрацыі альпінізму Вадзім Фралоў і дырэктар ТАА «Вертыкаль» Георгій Шулепаў.

Вялікая група прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці ўдастоена ганаровых званняў.

Акцёр драматычнага тэатра і кіно, вядучы майстар сцэны Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Сяргей Пяткевіч, артысты балета Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Вольга Галавач і Юлія Галавіна, а таксама саліст ансамбля песні і танца ўнутраных войскаў МУС Аляксандр Аўраменка ўдастоены звання «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь»; старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч і намеснік дырэктара па навуковай рабоце мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Ларыса Бібік — «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь»; кіраўнікі прадпрыемстваў «Саўгас «Рачкавічы» і ААТ «Гастэлаўскае» Мікалай Красуцкі і Станіслаў Сакалоўскі — «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».

Ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» прысвоена загадчыку кафедры артапедычнай стаматалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сямёну Навумовічу і прафесару кафедры «Транспартныя і тэхналагічныя машыны» Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Уладзіміру Тарасіку; «Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь» — намесніку дырэктара па хірургіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Віктару Кахнюку.

Да пачатку цырымоніі для ўдзельнікаў мерапрыемства была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці.

БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *