1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей

Грамадства

Гэты дзень заўсёды прыгожы, яркі, бо сама прырода ўжо паспела апаласнуць сваё аблічча дожджыкамі, апрануць шыкоўны зялёны сарафан і нанесці румяны пурпурнымі кветкамі. Для поўнага шчасця і радасці патрэбны толькі чароўныя дзіцячыя ўсмешкі. Невыпадкова пачатак лета аддадзены самаму вясёламу, няўрымсліваму і цудоўнаму свету дзяцінства. Дакладней, яго абароне. І гэта добрая падстава задумацца над тым, што мы, дарослыя, можам зрабіць, каб жыццё сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак было яркім, насычаным, цікавым, без трывог і хваляванняў, а будучыня – светлай.

У Міжнароднага дня абароны дзяцей, дарэчы, свая гісторыя. Рашэнне аб яго правядзенні было прынята пасля Другой сусветнай вайны, якая загубіла мільёны жыццяў і выклікала ў актывістаў жаданне абараніць усіх маленькіх жыхароў планеты ад новай ваеннай навалы. Менавіта тады, у 1949 годзе, на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі жанчын прагучала клятва “нястомна змагацца за забеспячэнне трывалага міру як адзінай гарантыі шчасця дзяцей”. І вось ужо не адно дзесяцігоддзе дата першага чэрвеня нагадвае грамадству аб неабходнасці захоўвання і павагі правоў падрастаючага пакалення, умацавання адказнасці ў цэлым за лёс нашай будучыні.

Варта нагадаць, што ў 1959 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прыняла Дэкларацыю правоў дзіцяці. А ў 1989-м яна зацвердзіла Канвенцыю аб правах дзіцяці, да якой далучылася і Беларусь. У аснове дакумента – чатыры агульныя прынцыпы, пры выкананні якіх кожны з хлопчыкаў і дзяўчынак зможа гарманічна развівацца і рэалізоўваць свае здольнасці. Гэта, у прыватнасці, свабода ад дыскрымінацыі, клопат пра інтарэсы дзіцяці, яго правы на жыццё і развіццё, павага яго поглядаў.

У Беларусі ахова дзяцінства – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці дзяржавы. Правы і законныя інтарэсы маленькіх грамадзян замацаваны ў Канстытуцыі, Кодэксе аб шлюбе і сям’і, Законе “Аб правах дзіцяці”, прэзідэнцкім дэкрэце №18, іншых дакументах. Дзейнічае сістэма сацыяльных дапамог, гарантый і льгот сем’ям з дзецьмі. На абароне інтарэсаў непаўналетніх стаяць прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, устаноў і арганізацый. Дзяржава і грамадства стараюцца зрабіць усё, каб яны раслі ў атмасферы клопату, увагі і цеплыні.

Адметна, што Міжнародны дзень абароны дзяцей святкуецца з пачаткам лета, а значыць, і самых працяглых канікул. Наперадзе ў школьнікаў – час адпачынку, гульняў і забаў. Цэлыя тры месяцы – без урокаў і дамашніх заданняў. Няхай яны парадуюць добрым надвор’ем, яркімі падзеямі, цікавымі сустрэчамі, карыснымі справамі, а ў дарослых будзе як мага менш хваляванняў за сваіх дзяцей.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *