21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Народны скарб, які нельга не паважаць

Главное Грамадства

У санаторным дзіцячым садзе г.п. Брагіна праводзіцца шмат мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы.

– Гэта, у прыватнасці, знаёмства з мастацкімі творамі айчынных аўтараў і іх драматызацыя, штотыднёвыя беларускамоўныя дні. А напярэдадні даты ў гонар “вобразнай і мілагучнай” традыцыйна арганізоўваем конкурс юных чытальнікаў вершаў, – паведаміла намеснік загадчыка ўстановы Алена Аскерка.
Сёлета, па яе словах, знайшліся жадаючыя прадэманстраваць сваю творчасць у кожнай групе. Конкурс праходзіў у музычнай зале, дзе ўсё адпавядала тэматыцы мерапрыемства: у народным стылі і з нацыянальным каларытам. Саматканыя ручнікі, аздобленыя вышыўкай, і льняныя абрусы перадалі з асабістага архіва дырэктар Кіраўскага сельскага клуба Марыя Хікматава і яе былая калега Вера Каляда. Яркі вобраз аднаго з вядучых дапамог стварыць раённы дом культуры.

Пачалося мерапрыемства ўрачыста – з выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. На бадзёры лад канкурсантаў настроіў народны танец у выкананні выхаванцаў, якія наведваюць аб’яднанне па інтарэсах па харэаграфіі пад кіраўніцтвам Алены Міроненкі. У госці да дашкольнікаў прыйшоў Вася Вясёлкін – вядомы герой дзіцячага часопіса. А вядучыя – выхавальніцы Наталля Брэгід і Вікторыя Суханава – дапамагалі хлопчыкам і дзяўчынкам пераадолець хваляванне перад выступленнем, стваралі ў зале добразычлівую атмасферу.

– Тэматыка вершаў была даволі разнастайная: пра Беларусь, прыгажосць прыроды, дзіцячыя гульні і забавы, пра маці. У конкурсе прынялі ўдзел 15 юных талентаў. Самая малодшая з іх – Ніколь Філіпенка, якой нядаўна споўнілася чатыры гады. Усе дзеці прыемна ўразілі не толькі выразнасцю чытання, але і артыстызмам, створанымі з дапамогай выхавальнікаў вобразамі – у адпаведнасці з сюжэтамі твораў. Не дзіўна, што пераможцаў вызначыць было даволі складана, – адзначыла Алена Мікалаеўна.

У склад журы, акрамя загадчыцы ўстановы Людмілы Гурын, увайшлі дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіна Карпенка і прадстаўнік бацькоўскай грамадскасці Таццяна Сцепанцова – педагог-філолаг. Лепшых выявілі ў кожнай узроставай групе. Імі сталі Яўгенія Бандарэнка, Аляксандра Ігнаценка і Яраслаў Несцярэнка.

Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і салодкія пачастункі, пра якія паклапацілася Галіна Карпенка. Яна ж пазнаёміла дашкольнікаў з маляўнічымі выданнямі для дзяцей, а бібліятэкар Таццяна Астапенка запрасіла іх наведаць разам з бацькамі кніжную скарбніцу. І дзецям, і дарослым спадабаліся беларускія народныя гульні, якія арганізавала кіраўнік фізічнага выхавання Алена Макаранка.

Застаецца спадзявацца, што мерапрыемства, прысвечанае роднай мове, пакінула ў дзіцячых душах светлы след. Шанаваць гэты духоўны скарб, бараніць яго пяшчотную чысціню, паважаць гістарычную спадчыну народа, працягваць культурныя традыцыі продкаў – абавязак кожнага, хто нарадзіўся, вырас і жыве на беларускай зямлі.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *