Ведай нашых! Пры вялікім жаданні, працалюбстве і мэтанакіраванасці дасягаць поспехаў можна і ў глыбінцы. Гэта пацвердзіў вучань Малажынскай школы Сцяпан Харко

Главное Грамадства

З дыпломам у руках і настрой на вышыні.

Ён стаў прызёрам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Ганарымся і віншуем!

Наша першая сустрэча са Сцяпанам адбылася, калі ён вучыўся ў пятым класе. Тады – даволі сціплы, нешматслоўны хлопчык, які ў адказах на адрасаваныя яму пытанні больш разлічваў на дапамогу настаўнікаў. Падставай, дарэчы, для размовы стала дасягненне ў інтэлектуальным спаборніцтве: чатыры юныя прадстаўнікі Брагіншчыны занялі тады прызавыя месцы ў абласной алімпіядзе па вучэбных прадметах. У тым ліку і Сцяпан – па беларускай мове і літаратуры. Адпаведна, з’явілася тэма для бліцапытання вучняў: што прывяло да поспеху?

– Мне вельмі пашанцавала, што пры падрыхтоўцы да алімпіяды я мог разлічваць на дапамогу не толькі ў школе, але і дома. Святлана Іванаўна – мая настаўніца і маці ў адной асобе. Яна добра ведала, якія тэмы выклікаюць у мяне найбольшыя цяжкасці. І каб ліквідаваць гэтыя прабелы, большую ўвагу давялося скіраваць на фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі, а таксама творы і партрэты дзіцячых пісьменнікаў і паэтаў. Дадаткова займаўся я шмат. Але, шчыра кажучы, не разлічваў на поспех нават на раённым этапе. Трэцяе месца ў вобласці стала для мяне нечаканай і вельмі радаснай навіной, – падзяліўся пяцікласнік.

Цяпер гэта не толькі рослы, але і больш упэўнены ў сабе юнак з пашыраным кругаглядам і папоўненым багажом ведаў. А яшчэ – даволі камунікабельны, аптымістычны і жыццярадасны. Адчуваецца яго ўменне з лёгкасцю ўзняць настрой тым, хто побач, падбадзёрыць і выклікаць лагодную ўсмешку ў іншых дзякуючы тонкаму пачуццю гумару. Гэта адзначыла пра сябе, калі сустрэлася са Сцяпанам, ужо 9-класнікам, у студзені. Ён і яшчэ тры вучаніцы – Дарына Катлабай з Чамярыскай школы, Аліна Ахрэменка з Хракавіцкай школы і Ганна Цалуйка з гімназіі г.п. Брагіна – сталі сёлета прызёрамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Пра кожнага мы расказвалі на старонках “МП” у пачатку года. Асвятлялі, як на днях усе прымалі асабістую падзяку за высокія вынікі ў інтэлектуальных спаборніцтвах ад старшыні райвыканкама Сергея Карпенкі.

У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па 18 вучэбных прадметах, які праходзіў у Беларусі з 27 па 31 сакавіка, удзел прынялі 1508 школьнікаў. У тым ліку нашы землякі Дарына Катлабай і Сцяпан Харко, якія змагаліся за званне лепшых знаўцаў роднай мовы і літаратуры. Удзельнікаў алімпіяды па гэтых прадметах, а дакладней – 114 чалавек з усёй краіны, прымаў Гомель. Свае здольнасці яны дэманстравалі ў двух турах: пісалі водгук на літаратурны твор і выконвалі комплексную работу. Першая праца, дарэчы, творчая, з асабістым успрыманнем і трактоўкай прачытанага, перадачай уласных пачуццяў і эмоцый. Яна таксама дапамагае вызначыць, наколькі вучні ўмеюць аналізаваць тэкст. А другі этап дазваляе меркаваць аб сфарміраванасці ведаў, уменняў і навыкаў па ўсіх раздзелах курса беларускай мовы і літаратуры. Такія заданні падуладны асобам дапытлівым, добра ўзброеным ведамі па двух прадметах, з філалагічным мысленнем.

Каб вольны час прайшоў цікава, для юных інтэлектуалаў была прадугледжана культурная праграма, магчымасць бліжэй пазнаёміцца са славутасцямі Гомеля. А інтрыга, як размеркаваліся месцы, трымалася да апошняга моманту. І вось, нарэшце, гучаць прозвішчы… У Сцяпана – ганаровае трэцяе месца! Дамоў ён вярнуўся з дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і спецыяльным прызам ад аблвыканкама ў намінацыі “Лепшы сельскі школьнік Гомельшчыны”. Малайчына!

У роднай Малажынскай школе сустрэлі прызёра ўрачыста. На лінейцы, арганізаванай з нагоды такога поспеху, у адрас дыпламанта прагучала шмат пахвальных слоў. Сцяпану і Святлане Іванаўне, яго маці і настаўніцы, была выказана шчырая падзяка ад кіраўніцтва ўстановы за плённы вынік сумеснай працы. Віншаванні з дасягненнем, якім прыемна ўразілі, яны прымалі ад усяго вучнёўска-педагагічнага калектыву.

Пра поспех рэспубліканскага ўзроўню Кацярына Міхайлаўна гаварыла з асаблівым гонарам.

Як адзначыла дырэктар школы Кацярына Муратава, пакарыць вяршыню Сцяпану дапамаглі яго працалюбства, мэтанакіраванасць і напорыстасць, вялікае жаданне перамагчы. А заслуга Святланы Іванаўны – у садзейнічанні станаўленню талента. Галоўны наказ, які дала кіраўнік установы сённяшняму 9-класніку, – трымаць марку лідара ўсё сваё жыццё, быць прыкладам для іншых, смялей уздымацца на новыя прыступкі росту. Такі вынік і вопыт пацвярджаюць: ніколі не патрэбна спыняцца на дасягнутым. Да перамогі вядуць прага да ведаў і творчасці, імкненне да самаразвіцця і самаўдасканальвання, пастаянная праца над сабой. Шлях гэты, вядома, нялёгкі, але радасць ад выніку, гонар за яго бязмежныя.

Далучыўся да высокіх слоў Кацярыны Міхайлаўны і наш старэйшы зямляк, ураджэнец Брагіншчы Аляксандр Цярэшчанка – неаднаразовы прызёр рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы (1970 і 1972 г.), заслужаны міратворца. Яго пісьмовы зварот да ўсіх, хто мае непасрэднае дачыненне да  перамогі, змяшчаў шчырыя віншаванні і наказ: “Так трымаць!”, а таксама цёплыя аўтарскія радкі пра родную мову.

Вучні віталі Сцяпана гучнымі апладысментамі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *