3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Зямля, на якой ты – свой

80 гадоў вызвалення Беларусі Грамадства

Мы – беларусы! Гучыць ганарова. Асабліва ў момант, калі ўся рэспубліка адзначае сваё галоўнае свята – Дзень Незалежнасці. Суверэнітэт народу даўся няпроста. Але нават самыя крутыя павароты гісторыі не змаглі пахіснуць наш дух і зламаць волю. Выпрабаванні, наадварот, загартавалі, ператварылі ў сапраўдную нацыю – працалюбівую, гасцінную, самадастатковую. Адным словам, моцную. З разуменнем: краіна ў нас адна, і яе патрэбна берагчы. Не дзеля нейкіх палітычных амбіцый і не каб камусьці дагадзіць. Для сябе, сваіх дзяцеў, у імя будучыні, але абавязкова з аглядкай на мінулае. Каб забойцы, каты, здраднікі не сталі героямі і гістарычная справядлівасць брала верх.

Самае простае, што можа зрабіць кожны ў гэты святочны дзень, – прыгадаць галоўныя чалавечыя каштоўнасці. Жыццё! Свабода! Незалежнасць! Вось дзеля чаго тысячы беларусаў 3 ліпеня прыходзяць да мемарыялаў, брацкіх магіл і іншых памятных месцаў, каб выказаць падзяку героям, якія коштам уласнага жыцця падарылі нам мір. Захаваць яго і прымножыць здабытае продкамі, абараніць памяць – абавязак сённяшняга і будучых пакаленняў.

Безумоўна, цяжка ўявіць, гледзячы на сучасныя стройныя, велічныя гарады, каларытныя і ўтульныя пасёлкі і вёскі, што некалі на іх месцы былі руіны. А родная Беларусь, захлынаючыся крывёй, памірала, але не здавалася. Пад нямецкай акупацыяй – амаль тры гады. І галоўным сродкам насаджэння тут свайго “новага парадку” нацысты выбралі палітыку генацыду і масавага крывавага тэрору. Яны чынілі страшныя зверствы, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей. Канцлагеры, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне рэспублікі.

За час акупацыі фашысцкія нелюдзі знішчылі звыш 1,4 млн мірных жыхароў Беларусі і больш за 810 тыс. ваеннапалонных. Каля 380 тыс. чалавек вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. У выніку карных аперацый спалілі амаль 5,5 тыс. населеных пунктаў, у тым ліку 630 – разам з жыхарамі. Але народ не скарыўся.

Тысячы мясцовых жыхароў бралі ў рукі зброю, ішлі ў лясы, дзейнічалі ў падполлі, арганізоўвалі сабатаж, каб адпомсціць ворагу, не даць яму спакою, выгнаць з роднай зямлі. Супраціўленне насіла агульнанародны характар.

Беларусь у гады акупацыі па праву называлі «рэспублікай-партызанкай». За гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941-га па ліпень 1944-га, партызаны забілі і паранілі каля 500 тыс. акупантаў і іх памагатых, пусцілі пад адхон больш за 11 тыс. варожых эшалонаў і 34 бронецягнікі, разграмілі 29 чыгуначных станцый, 948 штабоў і гарнізонаў ворага. Было таксама знішчана звыш 18,7 тыс. аўтамашын, 438 адзінак зброі рознага калібру і 939 ваенных складоў, узарвана больш чым 300 тыс. рэек, 819 чыгуначных і 4,7 тыс. іншых мастоў, разбурана не менш чым 7,3 тыс. км тэлефонна-тэлеграфных ліній сувязі, збіта і падпалена на аэрадромах 305 самалётаў, падбіта 1,3 тыс. бронемашын.

Вызваленне БССР стала магчымым пасля пераможных змаганняў пад Масквой, Сталінградам, Курскай бітвы, якія пераламалі ход вайны. Цяпер стратэгічная ініцыятыва перайшла да Савецкай арміі, у выніку наступлення якой у 1943 годзе фронт наблізіўся да Беларусі.

Першым скінуў цяжар фашысцкай акупыцыі раённы цэнтр (на той момант) Камарын – гэта адбылося 23 верасня. Потым уздыхнулі свабодна Хоцімск, Мсціслаў, Клімавічы, Крычаў… 26 лістапада – Гомель, куды пераехалі кіруючыя органы рэспублікі, 14 студзеня – Калінкавічы і Мазыр. А завяршылася выгнанне нямецкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі вызваленнем 28 ліпеня 1944 года Брэста.

Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў у нашай рэспубліцы ўвайшоў у гісторыю як адна з важнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны. Агульныя страты немцаў летам сорак чацвёртага перавысілі тыя, што яны панеслі на Волзе, пад Сталінградам. На тэрыторыі Беларусі было знішчана звыш 381 тыс. і ўзята ў палон 158 тыс. гітлераўскіх салдат, афіцэраў і генералаў.

За гераізм і адвагу, праяўленыя ў барацьбе супраць акупантаў у тыле ворага, каля 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 91 з іх сталі Героямі Савецкага Саюза. А ўсяго за гады вайны гэтага высокага звання ўдастоены больш за 440 ураджэнцаў рэспублікі.

Права жыць на роднай зямлі, свабодна развівацца, дасягаць вышынь у эканоміцы, навуцы і культуры, іншых галінах, забяспечваючы будучыню новым пакаленням, здабылі ў змаганнях. Таму вельмі сімвалічна, што галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці адзначаецца ў дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мінска – сэрца нашай зямлі. Яго дата – 3 ліпеня – выбрана па волі грамадзян, выказанай на рэспубліканскім рэферэндуме. А само свята сімвалізуе нацыянальнае адзінства, згуртаванасць народа, пераемнасць пакаленняў. Гэта – тое, што нават у сённяшняй няпростай сітуацыі ў свеце дазваляе захоўваць незалежнасць і прымнажаць дасягненні. Дае адчуванне: на зямлі, якую для нас абаранілі цаной жыцця нашы продкі, мы – свае.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *