Да 105-годдзя УЛКСМ. Пераемнасць, якой даражым

Главное Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Пасяджэнне ячэйкі УЛКСМ. Пачатак 20-х.

Сёлета спаўняецца 105 гадоў з дня ўтварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі – буйнейшай маладзёжнай арганізацыі былога Савецкага Саюза

Старэйшае пакаленне добра памятае той бурлівы час, яркія моманты далёкага юнацтва. З шумнымі камсамольскімі сходамі, культурнымі вечарынамі, экскурсіямі па гарадах і памятных месцах СССР, гарачымі дыскусіямі пра сэнс жыцця і ролю моладзі ў будаўніцтве камунізму, сацыялістычнымі спаборніцтвамі на сяўбе і жніве, удзелам у асваенні цалінных земляў. Колькі ўсяго адбывалася – не пералічыць. А як рыхтаваліся, чакалі гэтага ўрачыстага моманту – уступлення ў рады УЛКСМ. І як ганарыліся, якімі шчаслівымі былі, калі значок у выглядзе разгорнутага чырвонага сцяга з профілем Леніна і ўсім знаёмай абрэвіятурай замацоўваўся на школьнай форме: адбылося!

Можна, вядома, па-рознаму ставіцца да ідэалаў мінулага: настальгіраваць па іх ці лічыць перажыткамі былой эпохі. Упэўнена: многія з сённяшніх маладых людзей і ўвогуле не адкажуць, што такое камсамол, не расшыфруюць з ходу пяць узгаданых вышэй вялікіх літар. Але адмаўляць факт, што менавіта тым прынцыповым, бескампрамісным юнакам і дзяўчатам з высокімі імкненнямі мы абавязаны шмат чаму ў сучасным жыцці, нельга. Іх справы – у нашай гісторыі.  Будзь то будаўніцтва ці вытворчасць прадукцыі, грамадская дзейнасць – усё рабілі па перакананні, без шаблонаў, не дзеля галачкі, а па закліку сэрца і патрэбе душэўнай. Вялікай краіне на карысць. Прыгадаем…

Рэвалюцыйны час. Кіпучыя падзеі. Крах старых асноў. Але стаўка на моладзь – прыярытэт не ўсіх палітычных сіл. Некаторыя прытрымліваліся думкі: молада-зелена, і нечага ўцягваць у дарослыя гульні такіх – нясталых, нявопытных і недасведчаных. Бальшавікі ж, наадварот, адразу зразумелі важнасць развіцця маладзёжнага руху, выхавання сваіх паслядоўнікаў. Так, у барацьбе, і нарадзіўся камсамол. Не нейкі прымусовы акт, насаджаны зверху, а аб’яднанне, якое ўзнікла дзякуючы парыву маладых людзей, іх жаданню далучацца да спраў дзяржаўнай важнасці, быць карыснымі Радзіме.

Датай заснавання УЛКСМ лічыцца 29 кастрычніка 1918 года – дзень адкрыцця першага Усерасійскага з’езда саюзаў рабочай і сялянскай моладзі, на якім абвясцілі аб стварэнні Расійскага камуністычнага саюза. І варта прызнаць, што на ўсіх гістарычных этапах – ажно да 1991 года, пакуль не сышоў з палітычнай арэны, камсамол стаяў у авангардзе вялікіх спраў. Ён зарэкамендаваў сябе як арганізатар, стваральнік, выхавальнік абаронцаў Айчыны, патрыётаў. Паказальна, што першыя яго ячэйкі ўзніклі ў Беларусі, яшчэ акупіраванай кайзераўскімі войскамі. Калі ў снежні 1918-га Чырвоная армія ўвайшла ў Мінск, адной з галоўных спраў стала стварэнне камсамольскай арганізацыі. І маладыя паслядоўнікі бальшавікоў сапраўды заўсёды былі наперадзе.

Заваёвы рэвалюцыі камсамольцы адстойвалі са зброяй у руках у гады Грамадзянскай вайны. Потым, калі адгрымелі баі, з неверагоднай самаадданасцю, энтузіязмам і энергіяй уздымалі краіну з руін. Змагаліся з бандытызмам і злачыннасцю, дзіцячай безнагляднасцю, дапамагалі ў ліквідацыі непісьменнасці, авалодвалі вышынямі культуры і навукі. А колькі новага, цікавага і карыснага, свежага па задумках з’явілася: хаты-чытальні, вячэрнія школы, рабфакі, мастацкая самадзейнасць і прафесійныя тэатры працоўнай моладзі, шэфства над дзіцячымі дамамі, стварэнне і развіццё піянерскай арганізацыі, дабрачыннасць… Гэта была тая светлая лінія камсамола, якая не перарывалася. У тым ліку калі размова ішла пра выхаванне любові да Радзімы, абарону яе свяшчэнных рубяжоў.

З 1922 года камсамол шэфствуе над Ваенна-Марскім флотам. З 1931-га – над авіяцыяй. І ўвесь час выхоўвае ў маладых людзей паважлівае стаўленне да арміі, да салдацкага абавязку, гатоўнасць да подзвігу.

У 1941-м у СССР налічвалася больш за 10 млн камсамольцаў. Каля мільёна з іх перад вайной сталі “варашылаўскімі стралкамі”, больш за пяць мільёнаў здалі нормы па супрацьпаветранай і супрацьхімічнай абароне. Яны і сталі “Маладой гвардыяй”, юнымі мсціўцамі. У 1941–1945 гадах у радах Чырвонай арміі за свабоду і незалежнасць Радзімы змагаліся 11 млн членаў УЛКСМ. Больш за 3,5 млн з іх адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Звыш трох тысяч удастоены звання Героя Савецкага Саюза, у тым ліку 60 – двойчы.

“Я считаю, что молодёжь принесла главную жертву в войне… С командного пункта я много раз видел, как молодые солдаты поднимались в атаку. Это страшная минута: подняться в рост, когда смертоносным металлом пронизан воздух. И они поднимались. Многие из них только-только узнали вкус жизни. Девятнадцать–двадцать лет – лучший возраст в обычной жизни. Всё впереди… А для них впереди был только немецкий блиндаж, извергающий пулемётный огонь… Мы, люди старшего поколения, этого не забудем”, – пісаў у газеце “Камсамольская праўда” 6 мая 1970 года Георгій Жукаў.

Так  было на фронце. А ў тыле ў гэты час перамогу над ворагам кавалі падлеткі, па сутнасці яшчэ дзеці, якія суткамі не выходзілі з цахоў прадпрыемстваў, калгасных палёў і ферм. Многія дапамагалі падпольшчыкам і партызанам.

Потым – аднаўленне разбураных захопнікамі гарадоў і вёсак, народнай гаспадаркі. У працоўных здзяйсненнях фарміраваўся характар, набіраліся вопыту будучыя дзяржаўныя дзеячы, палітыкі, вучоныя, эканамісты, арганізатары вытворчасці.

Кірыл Трафімавіч Мазураў. 1944 год.

Дарэчы, абодва найбольш аўтарытэтныя кіраўнікі рэспублікі пасля вайны – Мазураў і Машэраў – у свой час прайшлі камсамольскую школу. І кадры падбіралі адпаведныя. Узяць для прыкладу таго ж Аляксандра Аксёнава, які доўгі час быў другім сакратаром ЦК КПБ і старшынёй Савета Міністраў. А да гэтага, у 50-х, стаў пераемнікам Машэрава на пасадзе першага сакратара ЦК ЛКСМБ. Як вывад – кадравая работа прадуманая, сістэмная. Выхаванню будучых кіраўнікоў надавалі належную ўвагу. І не толькі ў цэнтры. Часам, каб прыгледзецца да пэўнай кандыдатуры на павышэнне, высокія мінскія кіраўнікі выязджалі на далёкія фермы, у сельскія школы і заводскія цэхі. Давалі даручэнні, сачылі за справамі.

Гады 50-я: провады на камсамольскую будоўлю ў Сібір.

Беларускі камсамольскі вопыт, згадзіцеся, быў па-свойму ўнікальны. Невыпадкова яго, праводзячы маладзёжную палітыку, улічвае ў значнай ступені Прэзідэнт. УЛКСМ даўно не існуе, але яго слаўныя традыцыі працягвае БРСМ. З савецкага часу ў дзень цяперашні ступілі студатрадаўскі рух і піянерыя, “Зарніца” і “Залатая шайба”. Ды і новых праектаў, што аб’ядноўваюць розныя пакаленні, з’явілася нямала. У гэтым – пераемнасць, якой мы так даражым. А хтосьці дагэтуль добра памятае словы з вядомай песні тых часоў: “Не расстанусь с комсомолом, буду вечно молодым”. Так, для некалькіх пакаленняў гэта сапраўды частка біяграфіі, асабістыя і калектыўныя здзяйсненні, шлях грамадзянскага станаўлення.

Камсамолу цэлых сто пяць. І яго ўзнагароды – шэсць ордэнаў – ніколькі не паменшалі ў сваёй вартасці. Яны сведчанне заслуг перад Радзімай на розных этапах станаўлення, дачынення да лёсу Айчыны. А сучаснай моладзі ёсць з каго браць прыклад.

Толькі факты

— У камсамол прымаліся юнакі і дзяўчаты ва ўзросце 14–28 гадоў.

— Пярвічныя арганізацыі УЛКСМ ствараліся на прадпрыемствах, у калгасах, навучальных установах, часцях Савецкай арміі.

— Вышэйшы кіруючы орган УЛКСМ – Усесаюзны з’езд.

— Работай паміж з’ездамі кіраваў Цэнтральны Камітэт УЛКСМ.

— Камсамольцамі былі больш за 200 млн чалавек.

Заслужана!

За подзвігі, здзейсненыя ў гады Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн, а таксама за поспехі ў сацыялістычным будаўніцтве УЛКСМ на працягу 40 гадоў (1928–1968) быў узнагароджаны шасцю ордэнамі СССР.

1928 год. Ордэн Чырвонага Сцяга – за баявыя заслугі ў гады Грамадзянскай вайны.

1931 год. Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга – за праяўленую ініцыятыву ў справе ўдарніцтва і сацспаборніцтва, якія забяспечылі паспяховае выкананне першага пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі краіны.

1945 год. Ордэн Леніна – за заслугі перад Радзімай у гады Вялікай Айчыннай вайны, за вялікую работу па выхаванні савецкай моладзі ў духу беззапаветнай адданасці Айчыне.

1948 год. Ордэн Леніна – за заслугі перад Радзімай у справе камуністычнага выхавання савецкай моладзі і актыўны ўдзел у сацбудаўніцтве, у сувязі з 30-годдзем УЛКСМ.

1956 год. Ордэн Леніна – за вялікія заслугі камсамольцаў і моладзі ў сацбудаўніцтве, асваенне цалінных і абложных зямель.

1968 год. Ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаны 50-годдзе УЛКСМ і ўдзел камсамольцаў, савецкай моладзі ў жыцці краіны.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *