Да 105-годдзя УЛКСМ. Рэвалюцыяй натхнёныя. Як гэта было: станаўленне камсамола на Брагіншчыне

Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Партыйна-камсамольскі актыў Камарынскага раёна. 1929 год.

Вялікі Кастрычнік адкрыў шлях моладзі да ўдзелу ў будаўніцтве дзяржавы новага тыпу. Па сутнасці яны, актыўныя і энергічныя, бойкія і перспектыўныя, сталі перадавой сілай сацыялістычных пераўтварэнняў. Стаўку на такіх рабілі бальшавікі. Як вынік – стварэнне ў 1918 годзе Расійскага камуністычнага саюза моладзі (РКСМ), які пазней, у 1924-м, быў перайменаваны ў РКЛСМ – стаў ленінскі. А канчатковую назву – УЛКСМ – арганізацыя атрымала ў 1926-м у сувязі з утварэннем СССР. Сваю дзейнасць яна ажыццяўляла пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі.

На тэрыторыі Гомельшчыны, дарэчы, перыядам арганізацыйнага станаўлення камсамола з’яўляецца час са студзеня да чэрвеня 1919 года. У красавіку ў Брагіне, а затым у Камарыне, Мікулічах, Савічах адбыліся арганізацыйныя сходы моладзі па стварэнні камсамольскіх ячэек.

Паводле інфармацыі, змешчанай у кнізе “Памяць”, першымі камсамольцамі Брагіншчыны сталі Арон Шандзяровіч, Іван Сташэнка, Давыд Скарупскі, Вольга Кулакоўская, Андрэй Ежгуновіч, Цэзар Хайцын, Апанас Пятрэнка, Іван Пашкевіч, Пётр Іваненка, Аляксей Паўлючэнка і інш. Кіраўніком Брагінскай валасной камсамольскай ячэйкі быў абраны Арон Шандзяровіч – найбольш пісьменны і ініцыятыўны хлопец.

Паступова гэты рух распаўсюдзіўся не толькі на валасныя цэнтры, але і на буйныя вёскі. У Глухавічах, напрыклад, створаную камсамольскую ячэйку спачатку ўзначаліў Піліп Паўлючэнка, а затым – Антон Коўш. Маладыя энтузіясты адразу ж пачалі з канкрэтных спраў – размеркавалі паміж сабой абавязкі і даручэнні. У прыватнасці, Антон Коўш узначаліў вясковае адзінае спажывецкае таварыства, Міхаіл Ежгуновіч быў дэлегаваны ў сельскі камітэт беднаты. Яго брат Андрэй рэдагаваў насценгазету, актыўна вёў работу па ліквідацыі непісьменнасці сярод жыхароў вёскі Ясменцы. Вольга Ляўчук узначальвала культурна-масавую работу ў мясцовай хаце-чытальні. Іншыя члены ячэйкі, у тым ліку Ілья Шылец і Іван Шарэпа, кіравалі спартыўным і асаавіяхімаўскім гурткамі, праводзілі чыткі газет і інш.

Глухавіцкія камсамольцы вызначаліся ініцыятыўнасцю і дзелавітасцю, у тым ліку ў справе абароны інтарэсаў мясцовага насельніцтва. Так, калі беднякі паскардзіліся, што іх крамнік ашуквае пакупнікоў, вырашылі адкрыць першую савецкую краму. Справа гэтая ім удалася, а па вопыт у Глухавічы прыязджалі з Брагіна, Камарына, іншых месц.

У 1923 годзе членамі глухавіцкай камсамольскай ячэйкі сталі будучы вядомы беларускі пісьменнік Раман Сабаленка і яго сябры. Затым яны стварылі ячэйку ў Сабалях.

Калі маладая савецкая рэспубліка абвясціла заклік: “Усе – на барацьбу з Дзянікіным!”, у рады Чырвонай арміі добраахвотнікамі ўступілі амаль усе камсамольцы Брагіна, вёсак Аляксееўка, Астрагляды, Верхнія Жары, Крукі, Крыўча, Малейкі, Шкураты. На франтах грамадзянскай вайны, у барацьбе з іншаземнымі інтэрвентамі і бандытызмам праславілі свае імёны маладыя камуністы і першыя камсамольцы нашых мясцін Сямён Апанасенка, Пётр Купрыянаў, Сяргей Таміловіч-Данчанка і іншыя, узнагароджаныя тады ордэнам Чырвонага сцяга.

У красавіку 1920 года, калі войскі буржуазна-памешчыцкай Польшчы прарваліся на подступы да Гомеля, супраць акупантаў змагаліся ў тым ліку і члены РКСМ з Брагінскай воласці. У першым баі з ворагам загінулі члены партыі Анапрэйчык (в. Крукі), Гуцьянтаў (в. Рудня Жураўлёва), Катлабай (в. Вялле), Кур’ян (в. Дублін) і інш.

У барацьбе з булак-балахоўцамі і мясцовымі бандамі, якія лютавалі на Брагіншчыне, Лоеўшчыне і ў іншых мясцінах, загінулі браты Аляксандр і Пётр Сцельмашэнкі, Канедзі Аўраменка – камсамольцы-міліцыянеры з Брагіна. Ад выбуху бомбы, падкладзенай пад будынак міліцыі ў Камарыне, – міліцыянеры Галубенка з вёскі Ільічы і Міхаленка з вёскі Багушы, члены РКСМ.

У 1922–1923 гг. актыўна працягвалася работа па стварэнні камсамольскіх ячэек. Менавіта тады ўзніклі многія нізавыя арганізацыі камуністычнага маладзёжнага саюза ў нашых мясцінах. Напрыклад, у Багушах, Бурках, Пірках, Спярыжжы. У Камарынскім райкаме камсамола на добрым рахунку была ячэйка вёскі Лукаеды (цяпер Кірава), створаная ў 1925 годзе. Камсамольцы растлумачвалі насельніцтву палітыку партыі і ўрада, дапамагалі органам мясцовай улады ў правядзенні розных мерапрыемстваў, у тым ліку і ў сацыялістычнай перабудове вёскі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *