15 верасня — Дзень бібліятэк

Важное Грамадства

Бібліятэкар на працягу стагоддзяў займаў важнае месца ў духоўным жыцці грамадства. На першы погляд здаецца, што яго праца не такая значная, як праца ўрача або настаўніка, бо канчатковы вынік у гэтай справе ўбачыць немагчыма. Насамрэч справіцца з велізарным аб’ёмам літаратуры, якая выдаецца сёння, можа толькі прафесійны кнігазнаўца. Таму Дзень бібліятэк – яшчэ і свята прызнання важнасці гэтай прафесіі. У Беларусі яно адзначаецца 15 верасня. І гэта добрая нагода расказаць пра дзейнасць Брагінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Як паведаміла нам выконваючая абавязкі дырэктара Галіна Краўчанка, бібліятэка была заснавана ў 1920 годзе. І за гэты перыяд яна змяніла не аднаго кіраўніка і не адзін будынак на тэрыторыі Брагіна. Сама ж Галіна Іванаўна працуе ў бібліятэчнай сферы з 2013 года. Але сваю справу знайшла не адразу. Спачатку адвучылася ў Гомельскім гандлёва-эканамічным каледжы, ды зразумела, што гэты напрамак не для яе. І вырашыла паступіць у Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя А. С. Пушкіна. Пасля яго ўладкавалася на працу ў Брагінскую цэнтральную раённую бібліятэку. Але на гэтым сваё навучанне Галіна Краўчанка не скончыла. Праз пэўны час паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць (менеджмент)”. Зараз яна ўжо на чацвёртым курсе. Галіна Іванаўна ўзгадвае: “Мяне, вясковую дзяўчынку, усё дзяцінства цягнула ў бібліятэку. Амаль усе вечары праводзіла менавіта тут. У нас нават традыцыя была: хто лепш прачытае нейкі артыкул, той атрымлівае постэр з часопіса. А яны тады былі ў дэфіцыце. Ды і бібліятэкар зацікаўлівала нас, выпякала розныя пірагі і частавала імі. Таму сумаваць не даводзілася”.

Добрыя традыцыі Галіна Краўчанка працягвае ў раённай бібліятэцы. Яна расказала, што не было і дня, каб у бібліятэцы не было выстаў. На іх з цікавасцю прыходзяць не толькі дзеці, але і дарослыя. Тым больш што ў Брагін часта запрашаюць вядомых беларускіх пісьменнікаў. А пасля сустрэч з імі ў бібліятэцы заўсёды застаюцца кнігі з іх аўтографамі. Таму паглядзець на куточак нашай гісторыі можа кожны жадаючы.

Акрамя гэтага, бібліятэка рэалізоўвае значныя сацыяльныя праекты. Адзін з іх – “Бібліёбус”. Сутнасць яго ў тым, што бібліятэкары прыязджаюць у дзве вёскі – Каваку і Шкураты, дзе няма бібліятэк, і раздаюць кнігі на пэўны час усім жадаючым. Тэрмін захоўвання кнігі ў чытача – 10 дзён.

Галіна Краўчанка адзначыла, што падыход у бібліятэцы знаходзяць да кожнага. У калектыве – дзевяць чалавек, якія стараюцца прынесці ў справу нешта новае і цікавае. Дзякуючы апытанням у сацсетках супрацоўнікі ведаюць, якая літаратура запатрабаваная жыхарамі Брагіншчыны. На паліцах – абсалютна ўсё: ад карэйскіх дарам да кніг па псіхалогіі. А ў чытальнай зале можна не толькі атрымаць асалоду ад літаратуры, але і бавіць час за настольнымі гульнямі. У сваё прафесійнае свята кожная бібліятэка раёна традыцыйна арганізоўвае конкурсы, выставы, дні адкрытых дзвярэй і шмат розных інтэрактываў. Гэта месца, дзе адпачываюць душой.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *