80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Канстанцін Данілавіч Грыцынін

Важное Год гістарычнай памяці Грамадства Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Канстанцін Данілавіч Грыцынін – тэлефаніст узвода сувязі 60-га палка 16-й гвардзейскай  Чарнігаўскай кавалерыйскай дывізіі, гвардыі яфрэйтар.

Нарадзіўся 13 кастрычніка 1905 года ў вёсцы Ваннаўка (Казахстан) у сям’і селяніна. Украінец. Скончыў пачатковую школу, працаваў у калгасе. У Чырвонай арміі – са жніўня 1942 года.

У канцы верасня 1943-га, калі ішла бітва за Днепр, імя Канстанціна Грыцыніна стала шырока вядомае ў кавалерыйскай часці, дзе ён забяспечваў сувязь паміж падраздзяленнямі. На той момант гэта мела выключна важную ролю: па тэлефоне вялася перадача аператыўнай інфармацыі аб размяшчэнні варожых вузлоў супраціўлення, карэкціраваўся агонь артылерыі.

Перадавы эскадрон 60-га гвардзейскага кавалерыйскага палка якраз удала фарсіраваў раку і вёў бой за авалоданне плацдармам на правабярэжжы. За ім пераадолеў Днепр узвод сувязі, у складзе якога быў Канстанцін Грыцынін. Ён адразу ж наладзіў падводную тэлефонную сувязь эскадрона са штабам палка і забяспечваў яе на працягу трох сутак на адлегласці дзесяці кіламетраў. Дзейнічаў хутка і вынаходліва, асабліва калі трэба было ліквідаваць абрыў кабелю. Гэта дазваляла паспяхова весці баявыя дзеянні.

Эскадрон замацаваўся ў адбітых у гітлераўцаў траншэях. Тут жа размясцілася і група падмацавання, што падаспела на дапамогу. Нягледзячы на неаднаразовыя спробы фашыстаў вярнуць страчаныя пазіцыі, нашы воіны не толькі ўтрымалі, але і пашырылі захоплены плацдарм.

Асабліва напружаным выдаўся дзень 30 верасня, калі кавалерысты ва ўзаемадзеянні са стралковымі падраздзяленнямі пераламалі сітуацыю на сваю карысць. Яны рашуча пацяснілі ворага і занялі ўсходнюю ўскраіну вёскі Галкі.

У адзін з момантаў гэтага бою прама на яфрэйтара Грыцыніна выйшла нямецкая самаходная артылерыйская ўстаноўка «Фердынанд». Адзін на адзін апынуліся савецкі салдат і грознае стальное страшыдла. Але не завагаўся, не падаўся назад сувязіст – узняўся на ўвесь рост і кінуў гранату пад гусеніцу самаходкі. Яна спынілася і запалала. Паядынак завяршыўся перамогай савецкага воіна. А ў радах фашыстаў узнікла паніка, і іх контратака была адбіта.

У гэтым жа баі Канстанцін Грыцынін атрымаў цяжкае раненне ў абедзве нагі, але тэлефонны апарат не пакінуў. Сцякаючы крывёю, працягваў трымаць бесперабойную сувязь, пакуль яго не змянілі і не даставілі ў медпункт. Адтуль адважнага байца накіравалі ў шпіталь, дзе ён 12 кастрычніка 1943 года памёр.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года гвардыі яфрэйтар Канстанцін Грыцынін пасмяротна быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Пахаваны ён у брацкай магіле ў вёсцы Галкі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *