Больш за стагоддзе змагаюцца са злачыннасцю і ахоўваюць наш спакой. 15 лістапада Брагінскаму РАУС споўнілась 105 гадоў

Главное Грамадства

З лістапада 2021 года аддзелам кіруе падпалкоўнік міліцыі Сяргей Незнаеў. Па яго словах, на высокім узроўні свае задачы выконваюць прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў РАУС: аддзялення крымінальнага вышуку, Дзяржаўтаінспекцыі, групы па грамадзянстве і міграцыі, аддзялення аховы тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання і інш. Калектыў малады, але згуртаваны, прафесійны і добрасумленны. Колькасць злачынстваў за дзевяць месяцаў у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам знізілася на 16,5%. За лічбамі раскрытых злачынстваў і прадухіленых правапарушэнняў – штодзённая напружаная праца кожнага.

Пра гісторыю брагінскіх вартавых парадку, якая вядзе адлік з 15 лістапада 1918 года, распавёў намеснік начальніка РАУС Сяргей Брыцько. Так, у сувязі з пастановай Саўнаркама ад 28 кастрычніка 1917 г. «Аб рабочай міліцыі» на змену рэвалюцыйнаму камітэту прыйшлі чатыры валасныя міліцыі – Брагінская, Мікуліцкая, Савіцкая і Камарынская. Перад імі стаяла задача аховы грамадскага парадку, жыцця, здароўя і асабістай маёмасці грамадзян, папярэджанне і раскрыццё злачынстваў. Першым начальнікам Брагінскай валасной міліцыі быў Быліцкі, звестак аб ім не захавалася. А з 1919-га па 1922 год ёю кіраваў Філіп Скараход.

Немала было прадстаўнікоў брагінскай міліцыі, якія ўдзельнічалі ў партызанскім руху, барацьбе з контррэвалюцыяй і бандытызмам з 1918-га па 1922 год. Напрыклад, Канедзі Аўраменка, які прымаў удзел у разгроме банды атамана Галака, што вызначалася асаблівай жорсткасцю, разбоямі і рабаваннямі тэрарызавала насельніцтва. У схватцы з бандытамі гэты міліцыянер загінуў на Лоеўшчыне. Яго саслужывец Ёсіп Крот змагаўся супраць контррэвалюцыйных банд, нямецкіх і польскіх акупантаў на Брагіншчыне. Загінуў на фронце ў 1941-м. З 1919-га па 1922 год намеснікам начальніка Брагінскай валасной міліцыі быў Аляксандр Несцярок, які таксама вызначыўся ў партызанскім руху на радзіме ў 1918–1919 гг. і ў барацьбе з бандытызмам (1921–1922 гг.). Загінулі ў баі з галакаўцамі ў лютым 1921-га і міліцыянеры Пётр і Аляксандр Сцельмашэнкі.

Пасля ўтварэння раёна Брагінская і Мікуліцкая валасныя міліцыі аб’ядналіся і склалі аснову райаддзела. У 1930 годзе ў самастойную службу была выдзелена прамысловая міліцыя, галоўнай задачай якой была ахова прадпрыемстваў. У 1932-м уведзена адзіная пашпартная сістэма, у 1935-м створана інспекцыя па справах непаўналетніх, у 1936-м – ДАІ, а ў 1937-м заснаваны спецыялізаваны аддзел барацьбы з крадзяжамі сацыялістычнай маёмасці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны міліцыянеры ў складзе часцей Чырвонай арміі прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, арганізацыі падполля і партызанскага руху. Аднаўленне органаў савецкай улады на Брагіншчыне пачалося пасля вызвалення яе ад нямецка-фашысцкай акупацыі ў лістападзе 1943 года. Шэрагі раённага аддзялення папоўніліся дэмабілізаванымі.
У канцы 1944 года ў Гомелі аднавілі дзейнасць школы міліцыі, з сакавіка 1945-га пачалі працаваць курсы павышэння кваліфікацыі і праводзіцца заняткі ў навучальных групах з радавым і аператыўна-начальніцкім складам. Мужнасць і гераізм пры выкананні службовых абавязкаў праявілі супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў і падчас ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *