Дзіна Пінчук. Не той характар, каб пасаваць перад ударамі лёсу

Главное Грамадства

Мацярынскую любоў, цяпло і веліч душы чацвёра дзяцей Дзіны Пінчук з Хракавіч адчуваюць і дагэтуль.

Наша вёска Хракавічы здаўна славіцца працавітымі, шчырымі, таленавітымі людзьмі. Яно і зразумела: на прыгожай, гасціннай зямлі такія ж і жыхары. Адна з іх – жанчына-аптымістка, мудрая маці і вельмі сціплы, дабрадушны чалавек – Дзіна Пінчук, перад якой у гады студэнцтва намячалася вельмі зайздросная перспектыва. Але прынцыпам яе жыцця стала аксіёма: дзе нарадзілася, там і спатрэбілася. А дзе спатрэбілася, там і жыве. Больш за 70 гадоў – у роднай вёсцы.

Тут атрымала атэстат сталасці з даволі высокімі адзнакамі і вырашыла прадоўжыць вучобу ў Горках – паступіла ў сельгасакадэмію. Як здольная, старанная студэнтка кожны месяц атрымлівала павышаную стыпендыю, полову якой адсылала матулі, нягле-дзячы на яе адмовы. Хацела такім чынам дапамагчы падымаць на ногі малодшага брата і сястру.

Заўважу: маці была слабая здароўем, а бацька ад шматлікіх франтавых раненняў памёр маладым. Без яго засталіся пяцёра малых дзяцей. Дзіна была ў сям’і сярэдняй.

Атрымаўшы дыплом агранома, дзяўчына вярнулася на Брагіншчыну і ўладкавалася на работу ў суседні калгас імя Гагарына (в. Дублін). Праўда, ненадоўга. Як толькі з’явілася месца ў роднай гаспадарцы, стала працаваць там, дзе і засталася. З цягам часу стварыла сваю сям’ю. У маладой пары нарадзіўся першынец, імя якому далі ў гонар дзеда (па бацькавай лініі) – Сяргей. А затым адна за адной на свет з’явіліся тры дзяўчынкі-сястрычкі: Таццяна, Марына і Святлана. Не толькі я, але і многія іншыя землякі памятаюць, як шчаслівы бацька Міхаіл саджаў усю сваю сям’ю ў каляску матацыкла “ИЖ Планета-2” і ў вольны ад работы час вазіў на рэчку, дзе разам варылі духмяную юшку і адпачывалі. А ў грыбны і ягадны сезон вёз усіх у лес. Дзяцей у сям’і прывучалі спалучаць прыемнае з карысным.

На вялікі жаль, яны рана засталіся без бацькі… Як жыць далей? Гэтае пытанне доўга не давала спакою маладой удаве. Разважлівая і памяркоўная, загартаваная з самага маленства, яна не разгубілася, не спасавала перад цяжкасцямі, перад выклікам лёсу. Не той у яе характар! З выгляду – кволая, а насамрэч моцная духам. Адна з тых жанчын, пра якіх Някрасаў некалі пісаў: “Коня на скаку остановит, в горящую избу войдёт!”  Яна знайшла ў сабе сілы і хатнюю гаспадарку трымаць, і агарод даглядаць, і працоўны пост не пакінуць. А самая галоўная справа яе жыцця – дзеці. Выхавала іх працавітымі, добразычлівымі, таму можа па праву ганарыцца. А яны падаравалі ёй унукаў, старэйшы з якіх ужо вучыцца ў каледжы.

Дзіна Ігнацьеўна заўсёды была, ёсць і будзе маяком для сваіх нашчадкаў. Няпростае жыццё навучыла яе яшчэ ў юным узросце і касіць, і дровы секчы, і нават за плугам хадзіць. У сельскагаспадарчых клопатах, працы на зямлі яна з’яўлялася прыкладам для сваіх дзяцей.

Каля трох дзесяцігоддзяў я жыла з ёй у суседстве. І наднаразова бачыла, як дзеці, нібы мурашкі, шчыравалі на агародзе, завіхаліся на падворку. А зімой, калі выпадаў снег, ляпілі з яго на тэрыторыі былога калгаснага мехдвара (знаходзіўся побач з сядзібай) казачных персанажаў і пераносілі іх на свой агарод. Бо добра ведалі і ад маці-агранома, і ад сваіх настаўнікаў    народную мудрасць: многа снегу – многа хлеба. І так, па-свойму, па-дзіцячы, затрымлівалі вільгаць на прысядзібным участку. Побач, дарэчы, быў і школьны стадыён. Таму вясной, летам і восенню бойкія юныя вяскоўцы ганялі там мяч, каталіся на веласіпедах. А дзеці Дзіны Ігнацьеўны спачатку выконвалі ўсе хатнія абавязкі, дапамагалі маці.

Калі справы па гаспадарцы былі завершаны, усе мылі рукі і дружна садзіліся за стол. У цёплую пару года – у двары. З зайсдросным апетытам елі не толькі “першае” і “другое”, але і дэсерт, які маці гатавала з любоўю і неверагоднай фантазіяй. Нярэдка да гэтага дружнага сямейнага застолля далучаліся і суседскія дзеці, якіх шчодрай душы гаспадыня з задавальненнем частавала. А пасля ўсе разам весела бавілі вольны час на стадыёне. Такія жыццёвыя карціны з мінулага мне прыгадаліся.

Усе чацвёра дзяцей Дзіны Ігнацьеўны атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Вызначыліся ў прафесіі і, трымаючы арыенцір на маці, пайшлі ў ВНУ.

Старэйшая з дачок – Таццяна – стала спецыялістам па вытворчасці і перапрацоўцы мясной і малочнай прадукцыі. За выдатныя паказчыкі ў працы неаднаразова заахвочвалася. Цяпер – у дэкрэтным водпуску.

Сярэдняя – Марына – працуе ў банкаўскай сферы. Расказвае дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг філіяла Беларусбанка ў Брагіне Алена Грэсь:

– Марына Міхайлаўна – высокапрафесійны, кампетэнтны спецыяліст, таму ўнесена ў спіс рэзерву кіруючых кадраў банка. Колькі ведаю яе, не перастаю здзіўляцца працаздольнасці і выключнай сціпласці, добрасумленнасці гэтага чалавека. Рэдка, на вялікае шчасце, здараюцца форс-мажорныя абставіны, але ў іх Марыя Міхайлаўна заўсёды выручае. Яна шчырая і дружалюбная – за гэта заслужыла павагу калег.

Асабліва хачу адзначыць яе тактыку работы з кліентамі банка. Цёплы позірк, адкрытая і лагодная ўсмешка, ціхі, але ўпэўнены голас ствараюць пазітыўны настрой нават у таго, хто знаходзіцца, як кажуць, не ў гуморы. Ад Марыі Міхайлаўны кліенты выходзяць заўсёды задаволеныя.

Малодшая дачка – Святлана – настаўніца мясцовай установы адукацыі. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны атрымала спецыяльнасць псіхолага. Расказвае дырэктар Хракавіцкай школы Андрэй Смалянчук:

– Да выканання сваіх абавязкаў Святлана Міхайлаўна адносіцца з усёй адказнасцю. Даволі рашучая, прынцыповая і ў той жа час справядлівая. Нельга не прыкмеціць таксама яе працалюбства, ініцыятыўнасці. У прыватнасці, калі даведалася пра праблему з педагагічнымі кадрамі, датэрмінова выйшла на працу, хаця магла быць яшчэ ў дэкрэтным водпуску. Акрамя таго, добраахвотна і з энтузіязмам узялася за інсталяцыю спартыўнай залы школы і за кароткі час стварыла там цудоўныя мастацкія кампазіцыі, якімі былі прыемна ўражаны ўсе, хто іх убачыў. За гэта ёй вялікі дзякуй!

А вось што адзначае Ларыса Ткачэнка, першая настаўніца Святланы Міхайлаўны:

– Работа над інсталяцыяй спартзалы сведчыць аб тым, что аўтар гэтай кампазіцыі не проста натура творчая, а добры знаўца сучаснага выяўленчага мастацтва. Ганаруся сваёй вучаніцай!

Адзіны сын Дзіны Ігнацьеўны – Сяргей – пачаў адлічваць трэці дзясятак гадоў службы ў Светлагорскім аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Узорна выконваць абавязкі яму дапамагаюць спартыўная загартоўка і добрасумленныя адносіны да выбранай справы, любоў да тэхнікі. Яго дзед Ігнат на фронце атрымаў і цяжкія раненні, і ганаровыя ўзнагароды – медалі і нават ордэн Чырвонай Зоркі, а Сяргей Міхайлавіч у мірны час на ваенных вучэннях танкавых войск у Брэсце атрымаў падзяку ад міністра абароны. У яго службовай скарбонцы – граматы, юбілейны медаль МНС, занясенне на Дошку гонару.

Каб годна выхаваць сваіх дзяцей, Дзіна Ігнацьеўна не лічыла недаспаных начэй, трывог на сэрцы і не скардзілася на стомленасць, не прыслухоўвалася, што і дзе баліць. Мацярынскую любоў, цяпло і веліч душы яны адчуваюць і дагэтуль.

Любоў МАЙСЕЕНКА 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *