Пазіцыя. Чаго  не  хапае: слоў  ці  выхавання?

Грамадства Позиция Валентины Бельченко

На календары – чацвер. Звычайны працоўны дзень. Адзін з тых, калі назіральныя камісіі накіроўваюцца ў рэйды. Мэта – добра вядомая: папярэдзіць узнікненне ў дамах вогненных здарэнняў, нагадаць (а дзе і падказаць) гаспадарам, як зрабіць сваё жыццё больш зручным, камфортным і бяспечным. Каб потым не пажынаць плады людской нядбаласці ці недасведчанасці. Таму самая пільная ўвага скіроўваецца на стан пячнога абсталявання, электраправодкі, газавых пліт, наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і г.д. Калі ёсць у чалавека праблемы ці ён трапіў у цяжкае жыццёвае становішча, спецыялісты абмяркоўваюць, як і чым можна дапамагчы. Да візітаў такой “дэлегацыі” даўно прывыклі. Асабліва тыя, хто ў сілу ўзросту або стану здароўя знаходзіцца ў зоне павышанай рызыкі. Гэта пажылыя людзі, сем’і з дзецьмі, інваліды. Але сёння – не пра вынікі прафілактычнай работы і не пра чарговы рэйд. 

Кожны раз, калі праходжу па адным з такіх маршрутаў разам з камісіяй, не перастаю здзіўляцца “красамоўству” асобных гаспадароў. Вядома, з катэгорыі асоб, у якіх адзіны клопат – перакуліць чарку-другую. Адказы на пытанні камісіі тады сыплюцца “трапныя”, і рэакцыя на нейкія там павучанні, размовы пра бяспеку чаканая. Каб не пачуць абраз, знявагі, нецэнзурнай лексікі, лепш, здаецца, і не пачынаць. Нездарма кажуць: п’янаму і мора па калена. Затое якіх “майстроў” аратарскага мастацтва нараджае гарачая любоў да спіртнога! Для гэтага не патрэбна ні заканчваць вышэйшых навучальных устаноў, ні набірацца вопыту: выпіў – і ніхто цябе не пераможа ў спрэчках, не пераўзыдзе ў слушнасці.

Зразумела, што тут розум глушыць алкаголь. І з людзьмі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, цяжка наладзіць кантакт, знайсці агульную мову. Хаця спрабаваць патрэбна – не ўсе безнадзейныя. Але калі пагля-дзець на праблему брыдкаслоўя і культуру зносін шырэй, то каб пачуць эмацыянальную, бойкую гаворку, “упрыгожаную” непрыстойнымі выразамі, зусім не абавязкова сустракацца з асобамі на падпітку. Часам дастаткова ў цёплы, вольны ад спраў вечар ці выхадны дзень прайсціся па мясцовых вуліцах. Рухаецца насустрач ці сядзіць недзе на лаве шумная кампанія – і міжвольна становішся слухачом не надта прыемных размоў. Я, безумоўна, не пра тэмы, бо звычайна яны ў падлеткаў прадказальныя: пра “наварочаныя” гаджэты, сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, навінкі кіно і музыкі, модныя тэндэнцыі ў адзенні… У рэшце рэшт, пра асабістае жыццё аднагодкаў. Але ўсё гэта даволі часта суправаджаецца ненарматыўнай лексікай. Гучна і без усялякага сораму. Як норма.

У школе, вядома, такому не вучаць. Затое ў асобных сем’ях для дарослых мацюк – як добры дзень. У тым ліку і ў прысутнасці дзяцей. Вось і атрымліваецца: калі бацькам дазволена – значыць, гэта крута, па-даросламу.  Менавіта такім чынам можна выглядаць у вачах аднагодкаў старэйшым, больш аўтарытэтным, знаходзіцца ў цэнтры павышанай увагі.

Яшчэ большае здзіўленне і неразу-менне выклікае, калі часам на вуліцы ці недзе ў краме становішся сведкай “выхаваўчага працэсу” малога. Загады тыпу “супакойся”, “не патрабуй”, “не капрызнічай” будуюцца ў грубай форме, з прымяненнем тых жа моцных слоўцаў. Відаць, бацьку ці маці неналежныя паводзіны дзіцяці настолькі раздражняюць, што іншых выразаў яны ўжо і не знаходзяць. Не стрымлівае нават акружэнне людзей. Галоўнае – эфект. Абы падзейнічала, паўплывала.

А колькі прыкладаў з жыцця, калі з дапамогай брудных слоў высвятляюцца адносіны паміж сабой. Робяць гэта сямейныя пары, закаханыя маладыя людзі, калегі, сябры, суседзі… Бывае, праўда, што і не сварацца – проста так ужо прывыклі размаўляць. Па тэлефоне, пры сустрэчах, у асяроддзі родных і знаёмых.

Выклікае нейкі сум: да ненарматыўнай лексікі  многія ставяцца як да чагосьці звычайнага. Ужываецца паўсюль – незалежна ад статуса ці адукацыі. І падставы – любыя: хоць радасныя, хоць маркотныя. Мацюк часам ужо проста вырываецца, патрэбен для “звязкі” ў сказе – без яго не атрымліваецца. А калі ўжо ён, самы што ні на ёсць трохпавярховы, прылюдна гучыць у чыйсьці адрас, то гэта і ўвогуле ўсіх забаўляе, суправаджаецца хваляй смеху. І самае прыкрае, што агортвае гэты вульгарны, брудны і нізкі свет брыдкаслоўя падрастаючае пакаленне. Такім чынам у чалавека звужаецца слоўнікавы запас, бяднее кругагляд, а гаворка толькі абцяжарваецца смеццем.

Не, я зусім не агітую выходзіць на вуліцы з транспарантамі “Бой брыдкаслоўю!”, хаця і катэгарычна супраць такіх выразаў ва ўсіх сферах жыцця, – у кожнага на гэты конт свая пазіцыя, сваё меркаванне. Але ж павінен быць у чалавека разумнага, адукаванага хоць нейкі ўнутраны рэдактар. І не проста быць, а як мінімум уключацца, спрацоўваць у той ці іншай сітуацыі. Напрыклад, калі побач знаходзяцца дзеці, у мнагалюдных месцах.

Раззлаваліся ці стаміліся? Нечым узрушаны? Незадаволены?.. Уласныя эмоцыі ў такіх выпадках лепш трымаць “у цуглях”. Ці падбіраць правільныя, не лаянкавыя і не зняважлівыя словы. Такіх – каб выказаць і радасць, і боль, і гнеў – у нашай мове хапае.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *