80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Мікалай Фёдаравіч Махаў

80 гадоў вызвалення Беларусі Грамадства Праект “МП”: Імёны на пастаменце

“Я еду на фронт, і не ведаю, ці пабачу цябе, мама…” – пісаў у лісце дамоў Мікалай Фёдаравіч МАХАЎ, камандзір аддзялення 237-га палка 76-й гвардзейскай стралковай дывізіі 61-й арміі Цэнтральнага фронту, гвардыі сяржант.

Нарадзіўся ў 1921 годзе ў пасёлку Каргаполле (цяпер – Курганская вобласць Расіі) у сялянскай сям’і. Скончыў няпоўную сярэднюю школу, затым – Чашынскі малочна-тэхналагічны тэхнікум і быў накіраваны на працу на Сарокінскі маслазавод.

Калі пачалася вайна, Мікалая прызвалі ў Чырвоную армію і накіравалі ў палкавую школу, пасля якой ён камандаваў аддзяленнем стралковага палка. Удзельнічаў у баях на Курскай дузе, пры фарсіраванні Дняпра. Кранаюць радкі з яго пісьма дамоў, што склаліся, калі ваенны эшалон імчаўся праз родныя мясціны:

«Мама, я люблю купаться в быстротекущей воде нашего Миасса, люблю его весенние разливы, когда он выходит из берегов и заливает низины вплоть до Храмовой, Жилиной, Журавлёвой. А как он шумит и темнеет при северном ветре! Как мне хочется сейчас поглядеть на зеленеющую ленту соснового бора на Тамакульской горе. Ведь я любил там бродить с друзьями, слушать шорохи леса, петь песни. А как звонко они разносились по лесу. И вот вчера наш эшелон проехал границу Азии и Европы. Быстро-быстро пролетают столбы, клочьями летит дым, отставая от поезда. Я еду на фронт, и не знаю, увижу ли тебя, мама, родные места, где бегал босоногим мальчишкой, наше Зауралье. Но я очень хочу видеть вас всех после победы и быть с вами».

Раніцай 21 верасня 1943 года перад аддзяленнямі ўзвода, у якім быў і гвардыі сяржант Махаў, была пастаўлена задача абысці з поўначы горад Чарнігаў і атакаваць варожыя рубяжы ў раёне дарогі на Гомель, каб не дазволіць гітлераўцам вывезці ў Германію савецкіх людзей і нарабаванае. А таксама не падпусціць варожыя часці, што рухаліся з Гомеля, на дапамогу фашыстам.

Праз яры і пералескі аддзяленне Махава першым выйшла на варожы рубеж, умацаваны дзотамі і буйнакалібернымі кулямётамі. Камандзір хутка ацаніў абстаноўку і загадаў сваім гвардзейцам разгарнуцца ў ланцуг. А потым падаў каманду «Гранатамі па фашыстах!».

Як толькі заглохлі выбухі, чырвонаармейцы кінуліся ў варожы акоп. У той жа момант падаспелі і іншыя аддзялені ўзвода. Націск быў настолькі моцны і нечаканы, што гітлераўцы не паспелі аказаць супраціўленне. Іх  знішчылі. І ўсе спробы контратак гітлераўцаў не завяршыліся для іх поспехам. Вораг адышоў да Дняпра.

У ноч на 28 верасня 1943-га камандзір аддзялення Махаў атрымаў загад пераправіцца на правы бераг ракі ў раёне сяла Мысы Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці і замацавацца там, чакаючы іншыя групы.

Захапіўшы з сабой станковы кулямёт, гвардзейцы на чале з Махавым селі ў лодку і адчалілі. Каб іншыя падраздзяленні плылі тым жа шляхам, камандзір размотваў катушку са стальным провадам.

Пераправіліся без перашкод і нячутна прабраліся ў прыбярэжную траншэю, што стала поўнай нечаканасцю для фашыстаў. Яны нават не паспелі схапіцца за зброю – усе чатырнаццаць адразу былі забітыя.

У занятай траншэі гвардзейцы падрыхтаваліся да контратак. Але праціўнік маўчаў. Відаць, нічога не западозрыў. Скарыстаўшыся гэтым, Махаў з некалькімі байцамі да світання перавёз яшчэ 120 гвардзейцаў са зброяй і боепрыпасамі.

Калі фашысты апамяталіся, было ўжо позна. Нашы дэсантнікі пачалі штурм другой лініі абароны недалёка ад вёскі Асарэвічы. У ім удзельнічала і аддзяленне Махава.

Упартыя баі доўжыліся больш як два тыдні. Фашысты не вытрымалі і пачалі адыходзіць, кідаючы і другую лінію абароны.

Выпрабаваныя ў жорсткай схватцы байцы аддзялення Махава атрымалі загад правесці разведку на подступах да вёскі Жылічы. Камандзіру хацелася правесці аперацыю непрыкметна, каб не ўвязацца ў бой і не ахвяраваць жыццямі байцоў. Але пазбегнуць сутычкі з ворагам не ўдалося. Заўважыўшы гэта, на падмацаванне разведчыкам кінуліся іншыя нашы аддзяленні. Быў бой, і была радасць чарговай перамогі. Але для салдат стралковага аддзялення Махава яна азмрочылася глыбокім смуткам аб страце камандзіра. Ён загінуў у 22-гадовым узросце каля вёскі Жылічы.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года за «мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе» гвардыі сяржант Мікалай Махаў пасмяротна быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.

Цяпер на месцы яго гібелі – абеліск, устаноўлены ў 1976 годзе. Невялікая дарожка падводзіць да надпісу: «На этом месте 18 октября 1943 года по­гиб Герой Советского Союза сер­жант Махов Н.Ф. Родился 13.03.1921. с. Каргаполье Кур­ганской области». Побач – ужо акрэплыя дуб і бяроза. Гэта не выпадкова.

Рашэнне аб перазахаванні астанкаў нашага вызваліцеля было прынята ў 1957 годзе. Тады ў Жылічы, згодна з успамінамі вяскоўцаў, прыехаў пошукавы атрад, які ведаў прыблізнае месца гібелі Героя. А дакладнае падказала адна з мясцовых жанчын. Магілай аказалася зямлянка, уваход у якую быў закрыты і завалены зямлёй. Цела Мікалая Фёдаравіча знайшлі разам з дзяўчынай, хутчэй за ўсё, медсястрой. Як сімвал – дрэвы, якія саджалі шмат гадоў назад да юбілею Перамогі таксама юнак і дзяўчына.

Астанкі Героя перазахавалі ў Брагіне – у брацкую магілу савецкіх воінаў, якія аддалі жыцці за вызваленне нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго імя носіць адна з вуліц нашага пасёлка.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *