80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Ігнацій Вікенцьевіч Мацкевіч

80 гадоў вызвалення Беларусі Грамадства Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Ігнацій Вікенцьевіч Мацкевіч – камандзір роты 109-га палка 74-й стралковай дывізіі 13-й арміі Цэнтральнага фронту, лейтэнант.

Нарадзіўся 28 мая 1912 года ў вёсцы Завольша (цяпер – Лёзненскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Беларус. Скончыў пяць класаў. З малых гадоў пайшоў да людзей у заробкі – пасвіў чужую жывёлу, бо патрэбна было дапамагаць маці, якая засталася ўдавою з двума дзецьмі. А потым прыняў прапанову стаць кандуктарам цягніка. Для вясковага хлопца пачалося новае цікавае жыццё, напоўненае далёкімі паездкамі і сустрэчамі з рознымі людзьмі, знаёмствам з невядомымі раней мясцінамі.

Яшчэ праз некалькі гадоў лёс прывёў юнака ў Ленінград на будаўніцтва чыгункі. Адсюль ён і пайшоў служыць у Чырвоную армію. Дэмабілізаваўся ў 1936 годзе. А ў 1942-м яго прызвалі зноў.

Пасля заканчэння Уладзівастоцкага ваеннага пяхотнага вучылішча трапіў на Цэнтральны фронт, у самае пекла – на Курскую дугу. Новаспечанаму лейтэнанту даверылі камандаванне ўзводам супрацьтанкавых ружжаў у другім батальёне 109-га палка 74-й стралковай дывізіі. І ўжо на другі дзень Курскай бітвы Мацкевіч не проста вызначыўся, а здзейсніў геройскі ўчынак, за які атрымаў ордэн Айчыннай вайны першай ступені.

З узнагароднага ліста:

«6 ліпеня 1943 года, калі падраздзяленні 109-га стралковага палка адбівалі шалёную контратаку праціўніка, т. Мацкевіч праявіў мужнасць і адвагу.

Адно падраздзяленне 2-га батальёна падверглася моцнаму артылерыйскаму і мінамётнаму абстрэлу. З боку праціўніка прыціскалі тры танкі і ўслед за імі пяхота. Т. Мацкевіч, бачачы сур’ёзнасць становішча, з супрацьтанкавым ружжом рушыў наперад і падбіў танк праціўніка. Услед за гэтым – другі. Пяхота, якая ішла за танкамі, была пазбаўлена далейшага руху наперад і часткова разагнана, часткова знішчана.

Трэці танкавы дэсант адышоў».

Восенню 1943 года па ўсёй лініі фронту ішло актыўнае наступленне савецкіх войск, у тым ліку і на Украіне. Камандаванне 109-га стралковага палка абмяркоўвала, каму першаму даручыць захоп правага берага Дзясны ў раёне сяла Абалонне Чарнігаўскай вобласці. Вырашылі, што з гэтай баявой задачай паспяхова справіцца камандзір 6-й роты Ігнацій Мацкевіч. І сам ён, і яго байцы, як было ўлічана, мелі вялікі вопыт пераадолення водных перашкод.

Атрымаўшы загад, лейтэнант прыступіў да падрыхтоўкі падручных сродкаў, распрацаваў разам з камандзірамі кулямётчыкаў і мінамётнай батарэі план адпаведных дзеянняў.

Фарсіраванне Дзясны першы ўзвод роты Мацкевіча пачаў раніцай 10 верасня. Плылі пад завесай лёгкага туману, што павіс над ракою і ў нейкай ступені маскіраваў байцоў. Але вораг іх усё роўна прыкмеціў і адкрыў беглы агонь. Першапачатковы план бясшумнай пераправы і раптоўнай атакі быў сарваны. Давялося залегчы і завязаць бой, аднак гэта не збянтэжыла камандзіра роты.

Карыстаючыся тым, што гітлераўцы засяродзілі ўвагу на першым узводзе, Мацкевіч пераправіў праз Дзясну другі ўзвод. І гэта вырашыла поспех справы. Фашыстаў выбілі з сяла. Яны страцілі больш за сотню салдат і афіцэраў і былі вымушаны адступіць.

Гэтую перамогу, дарэчы, высока ацаніла камандаванне. А за лейтэнантам Мацкевічам замацавалася слава выдатнага спецыяліста па пераадоленні водных перашкод. Таму, калі нашы войскі падышлі да Дняпра і ў штабе палка зноў вырашалася пытанне, якому падраздзяленню даверыць першым фарсіраваць раку, без роздуму была названа рота Мацкевіча. Наперад!

Байцы ўдала пераправіліся на правы бераг і захапілі абшырны плацдарм 22 верасня. На працягу чатырох сутак за яго ўтрыманне вялі кровапралітны бой. Дарэмна праціўнік прымяняў танкі і авіяцыю – рота вытрымала ўсе ўдары. Савецкія салдаты стаялі насмерць.

Надышла раніца 26 верасня. Адбіты чатыры атакі фашыстаў. І вось – апошняя, самая жорсткая сутычка з ворагам. Камандзір, ведаючы, што засталося мала патронаў, загадаў:

– Без каманды не страляць!

Калі гітлераўцы падышлі на блізкую адлегласць, прагучала:

– Агонь!

На ворага абрушыўся вогненны шквал, і ён, пахіснуўшыся, пачаў у беспарадку адступаць. Гэтага толькі і чакаў Мацкевіч. З крыкам «За Радзіму! За мной!» ён кінуўся наперад, і рота рушыла за ім.

Нягледзячы на атрыманае раненне ў руку, лейтэнант не пакінуў поле бою і працягваў весці за сабой байцоў. Аднак, выбіваючы ворага з другой лініі абароны, быў яшчэ раз паранены. На гэты раз – смяротна…

Плацдарм застаўся за ротай Мацкевіча – лепшай ротай па фарсіраванні рэк. Стойкасць і адвага камандзіра, яго байцоў дапамаглі вызваліць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы райцэнтр БССР – Камарын.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 кастрычніка 1943 года лейтэнанту Ігнацію Мацкевічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго імя ўвекавечана на брацкай магіле ў Камарыне, дзе ён знайшоў вечны прытулак. А ў райцэнтры Лёзна ў гонар мужнага земляка ўсталявана стэла на Алеі Славы.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *