Не прапусціце! Міжнародны лёгкаатлетычны прабег «Брагінская  дзясятка» сёлета адбудзецца 20 красавіка

Грамадства Спорт

Набліжаецца адна з самых значных спартыўных падзей для нашага раёна – міжнародны лёгкаатлетычны прабег «Брагінская дзясятка», прысвечаны чарговай гадавіне аварыі на ЧАЭС. Сёлета ён адбудзецца 20 красавіка.

Дырэктар ДЮСШ Уладзімір Корхаў расказаў, што ўжо ёсць першыя зарэгістраваныя спартсмены. Заяўкі падалі 72 удзельнікі – гэта атлеты з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Аднак ёсць і загадкавыя імёны, аб нацыянальнай прыналежнасці бегуноў можна толькі здагадвацца. Здаровы інтарэс і напружанне нарастаюць. Аб развязцы даведаемся на плошчы Леніна ў 11.00, адкуль запланаваны агульны старт.

Пакуль працягваецца падрыхтоўка да забегу, у райвыканкаме праходзяць пасяджэнні арганізацыйнага камітэта. Тут разглядаюцца розныя пытанні: ад забеспячэння ўдзельнікаў усім неабходным да пошуку спонсараў.

Нагадаем, што «Брагінская дзясятка» пачала свой адлік у 2005 годзе. І адразу ж гучна заявіла пра сябе не толькі на ўсю рэспубліку. За 18 год правядзення форуму да нас прыязджалі аматары лёгкай атлетыкі з розных краін: Украіны, Грузіі, Германіі, Казахстана, Расіі. Не абыходзілася і без удзелу знакамітых беларускіх спартсменаў, членаў нацыяльнай каманды – Іллі Карнаухава, Сяргея Краўчэні, Вольгі Немагай і інш. Для іх гэта і спаборніцтвы, і праверка сваіх сіл.

Адметным прабег робіць тое, што прыняць удзел у ім можа кожны жадаючы, незалежна ад узросту. Прадугледжаны і розныя дыстанцыі: 60 м (для выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі Брагіна); 1 км (для дзяўчынак 12-ці гадоў і маладзейшых); 2 км (для хлопчыкаў 12-ці гадоў і маладзейшых); 10 км (для дзяўчат і юнакоў, мужчын і жанчын ва ўзроставых катэгорыях 14 гадоў і малодшых, 15–17 гадоў, 18–22 гады, 23–29 гадоў, 30–39 гадоў, 40–49 гадоў, 50–59 гадоў, 60–69 гадоў, 70+ гадоў).

«Брагінская дзясятка» аб’ядноўвае людзей розных узростаў і нацыянальнасцей. Яна стала сімвалам імкнення да здаровага ладу жыцця і веры ў магчымасць пераадолення любых перашкод. Далучайцеся да ўдзельнікаў прабегу. Чакаем вас на старце!

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *