Ніна Болбас: па жыцці – з павагай да людзей

Грамадства

За плячамі Ніны Болбас з Хракавіч больш за сорак гадоў працоўнага стажу. І на ўсіх участках работы яна кіравалася простымі прынцыпамі: да даручанай справы – з адказнасцю, а да людзей – з павагай.

Жыццё было звязана з працай у трох калектывах. Але найбольш працяглы час Ніна Іванаўна ўзначальвала Хракавіцкае аддзяленне паштовай сувязі. Яе добрасумленная дзейнасць адзначана медалём «За доблесную працу», шматлікімі дыпломамі і граматамі.

Адзіная, дарэчы, з аднакласнікаў, хто назаўсёды звязаў сваё жыццё з роднай вёскай. Тут, у Хракавічах, нарадзілася, атрымала адукацыю, пакахала, стварыла сям’ю. Яе галоўнае багацце і працяг – тры дачкі, чацвёра ўнукаў і праўнучка.

А ў жыцці ад гэтай жанчыны многія землякі атрымалі не адну слушную параду і кампетэнтную кансультацыю. На дапамогу прыходзіла тым, каму патрэбна было вырашыць складанае пытанне, «разруліць» сямейны канфлікт, хто трапіў у цяжкую сітуацыю, – доўгі час з’яўлялася нязменным дэпутатам сельскага Савета. Разважлівая, памяркоўная, сур’ёзная і разам з тым не пазбаўленая пачуцця гумару, яна ўмела знайсці выйсце з любога, нават, здавалася б, бязвыхаднага становішча.

Прыгадваю сваю гутарку з аднавяскоўкай Палінай Ткачэнкай, якая некалі была перадавым паляводам мясцовай гаспадаркі:

– Як бы ні была занятая мая суседка Ніна Болбас, заўсёды знаходзіла час, каб выслухаць мяне, унікнуць у праблему і дапамагчы ў яе вырашэнні. І супакоіць, і натхніць, і настрой уздыме.

Менавіта за гэта – разуменне і падтрымку, добразычлівасць і неабыякавасць – Ніна Іванаўна заслужыла аўтарытэт і павагу сярод землякоў. У прыярытэце вяскоўцаў, як вядома, не пасады і рэгаліі, а шчырыя ўзаемаадносіны, добрыя і карысныя справы, шчодрасць душы.

Старэйшая дачка Ніны Іванаўны – Ірына, галоўны эканаміст абласной псіхіятрычнай бальніцы, расказвае:

– Здзіўляюся, як у маці атрымлівалася спалучаць працу з вядзеннем хатняй гаспадаркі (а гэта карова, свінні, гусі, куры), апрацоўкай прысядзібнага ўчастка і актыўным удзелам у грамадскім жыцці. Яна ў нас аматар беларускай народнай песні, добра памятае і зараз мелодыі і словы тагачасных хітоў. Калі ў мясцовым клубе выступаў калектыў мастацкай самадзейнасці, мы, тры дачкі, ганарыліся, што наша маці спявае не толькі ў жаночым ансамблі, але і дуэтам, трыа.

Сярэдняя дачка Галіна, якая працуе ў адным з аддзелаў Петрыкаўскага райвыканкама, зазначае:

– Як на маяк, раўняюся на сваю маці, правілам якой было не стаяць на месцы, не сядзець без справы, добрасумленна працаваць і паважаць тых, хто побач.

І для малодшай, Марыны (г.п. Брагін), маці таксама прыклад ва ўсім:

– У вясковай жанчыны няма выхадных, бо, акрамя асноўнай працы, патрэбна штодня даглядаць жывёлу, гатаваць, прыбіраць, з надыходам цёплага сезона – займацца агародам.

І цяпер, у сталым узросце, маці ў ідэальным парадку ўтрымлівае дом і сустракае нас смачнымі стравамі і «фірменнымі» выпечкамі. А самая галоўная рыса яе характару – быць на пазітыве. На кожны выпадак у яе зной-дзецца трапная прыказка ці прымаўка, што міжволі выклікае ўсмешку і паляпшае настрой. І мы імкнёмся быць падобнымі на яе.

Некалькі пытанняў – Ніне Іванаўне, каб у чытачоў склалася поўнае ўяўленне аб гэтай цудоўнай жанчыне.

1. Мара дзяцінства – якая яна? Ці здзейснілася?

  • Хацела стаць настаўніцай матэматыкі, бо гэты прадмет мне лёгка даваўся. Але мара так і не ажыццявілася: закахалася і рана выйшла замуж.

2. Вы многіх аднавяскоўцаў далучылі да праваслаўя. А хто ў Вашай душы «пасеяў» гэтае зерне?

  • Бабуля Маша, якая жыла ў в. Мысы Чарнігаўскай вобласці і была глыбокаверуючай. Да школы, а потым і на канікулах я жыла ў яе. Дома яна надта шчыра малілася перад іконамі і прывучала да гэтага мяне. Мы разам хадзілі ў царкву. А цяпер і ў нашай вёсцы ёсць магчымасць памаліцца за дзяцей, унукаў, за Радзіму і мір, за што мы ўдзячны айцу Расціславу Бандарэнку.

— Дарэчы, у памяць аб бабулі Машы мой унук Міхаіл назваў такім жа імем сваю дачушку – маю праўнучку.

3. Ці падтрымліваеце сувязь з былымі аднакласнікамі?

  • На вялікі жаль, многіх ужо няма сярод нас. Дагэтуль цікаўлюся справамі сваёй сяброўкі Вольгі Шупан, якая жыве ў Канадзе, – дапамагае інтэрнэт. А яна там перачытвае наш «Маяк Палесся», каб даведацца, чым жыве Брагіншчына, як склаўся лёс аднавяскоўцаў.

4. Ваша хобі…

  • Неяк занялася складаннем свайго радаводу. Узнавіла ў памяці, сабрала генеалагічнае дасье на ўласны род Шупанаў (6 пакаленняў) і на род Болбасаў (5 пакаленняў). Прызнаюся шчыра, нялёгкая была праца. А сёлета захапілася вышыўкай. Гатовыя ўжо дзве работы: «Коні ўдалыя» і «Сізакрылы арол».

5. З якім правілам крочыце па жыцці?

  • Пакінуць добры след у душах тых, хто мяне ведае.

6. Які наказ дадзіце моладзі?

  • Падтрымлівайце і памнажайце добрыя традыцыі папярэднікаў. Гэта – галоўная каштоўнасць. Беражыце родную Беларусь.

7. Што пажадаеце чытачам раёнкі?

  • Няхай Божая ласка ахіляе ўсіх, хто чытае гэтыя радкі. Творчага натхнення і мірнага небасхілу!

А я жадаю Ніне Іванаўне моцнага здароўя, даўгалецця, цеплыні і ўвагі ад родных і блізкіх! На наступным тыдні, 23 красавіка, яна сустрэне 75-годдзе з дня свайго нараджэння. Так што самыя шчырыя віншаванні: з юбілеем!

Любоў МАЙСЕЕНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *