З мэтай актывізацыі працы па прафілактыцы і спыненні рэцыдыўнай злачыннасці ў раёне прайшла акцыя “Задумайся”. Яе ініцыятарам стаў раённы аддзел унутраных спраў.
На адкрытае судовае пасяджэнне былі запрошаны асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Гэта людзі, якім назначана пакаранне ў выглядзе абавязковых і выпраўленчых работ, умоўна асуджаныя і тыя, над кім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. Перад пачаткам слуханняў з прысутнымі сустрэўся начальнік РАУС Валерый Чэкан. Ён заклікаў асоб, якія маюць судзімасць, да законапаслухмянага адбыцця пакарання, папярэдзіў аб крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад яго, перасцярог ад здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў.
На судовым пасяджэнні разглядалася справа аб крадзяжы. Паназіраць з боку за працэсам было карысна ўсім прысутным. Гэта дазволіла прааналізаваць свае паводзіны, магчыма, задумацца аб змяненні іх у лепшы бок, каб яшчэ раз не апынуцца на лаве падсудных. Сёння, дзякуючы альтэрнатыўным, не звязаным з пазбаўленнем волі, відам пакаранняў, асуджаны мае магчымасць усвядоміць сваю памылку і выправіцца без ізаляцыі ад грамадства. І толькі ад яго залежыць, будзе ён і надалей жыць дома ці адправіцца ў калонію.
Як паведаміў інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Аляксандр Палявы, на ўліку ў КВІ знаходзіцца каля 140 чалавек. З іх адбываюць пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ – 17. Яны працуюць у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна, адлічваючы ў прыбытак дзяржавы ад 10 да 20 працэнтаў заробку. Лічыцца, што актыўны ўдзел у перавыхаванні такіх людзей прымаюць працоўныя калектывы і адміністрацыя ўстаноў.
А вось грамадскімі работамі асуджаныя займаюцца ў вольны ад асноўнай працы час. Сваю віну яны загладжваюць бясплатнай працай на карысць роднага краю. Такіх у раёне 11.
Прэвентыўны нагляд устаноўлены ў адносінах да траіх. Яго “ўдастоіліся” асобы, якія вярнуліся з выпраўленчых калоній. Тэрміну, назначанага судом для выпраўлення, ім аказалася мала, таму сёння гэтыя людзі знаходзяцца пад пільным наглядам міліцыянераў, жывуць па ўстаноўленым распарадку. Напрыклад, ім забараняецца выходзіць з дому ў пэўны час, наведваць тыя ці іншыя месцы.
Вядома, што праца з падобным кантынгентам не з лёгкіх, але супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі прыкладваюць усе намаганні для вяртання чалавека да нармальнага жыцця. У тым ліку тлумачаць асуджаным іх правы, садзейнічаюць у атрыманні дакументаў, працаўладкаванні.