СУЧАСНА, ПРЫГОЖА І НАДЗЕЙНА

Праздники и будни

Штогод у другую нядзелю жніўня прафесійнае свята адзначаюць будаўнікі, тыя, хто ўзводзіць  новае добраўпарадкаванае жыллё, вытворчыя памяшканні, установы сацыяльнай сферы… Стварэнне з карысцю для людзей і роднага краю – вось галоўная рыса  адказнага і высакароднага чалавека. Таму нездарма гэтая прафесія заўсёды лічылася ганаровай і запатрабаванай.


Асноўны аб’ём будаўніцтва на Брагіншчыне ажыццяўляе ПБУП “Брагінская перасовачная механізаваная калона №91”, якую ўзначальвае Эдуард Кавалевіч. За плячыма арганізацыі –  не адзін аб’ект на тэрыторыі раёна і за яго межамі.


Сёння прадпрыемства ўзводзіць 24-кватэрны дом па вуліцы Гагарына ў райцэнтры. Гаспадарыць тут брыгада пад кіраўніцтвам Мікалая Смусянка, якая ўжо прыступіла да кладкі сцен трэцяга паверха.


Як паведаміў майстар Сяргей Кучык, будуецца дом па тыпавым праекце – будзе падобны на два суседнія. Таксама, як і папярэднія, прыме ён маладых спецыялістаў. Дарэчы, Сяргей Іванавіч і сам нядаўна быў навучэнцам Магілёўскага архітэктурна-будаўнічага каледжа. Дыплом атрымаў у 2010 годзе. Тады ж кіраўніцтва прадпрыемства даверыла маладому чалавеку адказную справу – сачыць за якасцю ўзвядзення аб’ектаў: ад закладкі падмурка да здачы пабудовы ў эксплуатацыю. Ад пільнага вока добрасумленнага і ўважлівага спецыяліста не схаваецца ні адзін дэфект. А калі ў работу закрадваюцца  памылкі, яны тут жа ўхіляюцца.  Будаўнікі заўсёды памятаюць, што ад таго, наколькі старанна яны выканаюць свае працоўныя абавязкі, залежаць камфорт і бяспека будучых жыльцоў дома.


Рэканструкцыяй МТФ у Асарэвічах займаецца брыгада Анатоля Гардзейчыка. Кантралюе ход і якасць выканання будаўнічых работ майстар Дзмітрый Пятніцкі. Два жывёлагадоўчыя памяшканні і малочны блок будуць здадзены ў тэрмін.


У хуткім часе наваселле зможа адзначаць і шматдзетная сям’я з Камарына. Будаўніцтва  дома сядзібнага тыпу  для  яе завяршаецца ў жніўні.


Па словах галоўнага інжынера ПБУП “Брагінская ПМК №91” Эдуарда Зельмана, адна з праблем, якія сёння патрабуюць вырашэння, – недахоп кваліфікаваных кадраў, якія б умелі і, галоўнае, жадалі б працаваць у галіне. А ўмовы  тут сапраўды  нялёгкія – амаль заўсёды пад адкрытым небам: і ў спякоту, і ў холад, і ў дождж.  Нягледзечы на гэта, у арганізацыі шмат прафесіяналаў, тых, хто аддаў справе не адзін год. Сярод іх –  Яўген Кірылін, Мікалай   Смусянок,  Анатоль   Гардзейчык. Менавіта на гэтых людзей раўняюцца моладзь. Напярэдадні свята Ганаровымі граматамі прадпрыемства адзначаны Мікалай Равянок, Уладзімір Краўчанка, Алег Матлаш, Сяргей Аўчыннікаў, Аляксандр Юнах, Дзмітрый Пятніцкі, Аляксандр Малочка, Наталля Мастабай.


Вядома, што любая будоўля –  справа цэлага калектыву, дзе кожны чалавек мае сваю спецыялізацыю, выконвае пэўную работу. Гэта людзі розных прафесій, якіх аб’яднала адна мэта – узвядзенне сучаснага, добраўпарадкаванага,  прыгожага   і  надзейнага дома.


Далучаемся да віншаванняў, якія заўтра будуць гучаць у адрас каменшчыкаў, муляраў, тынкоўшчыкаў, бетоншчыкаў  і іншых прадстаўнікоў галіны.  Жадаем  ім  далейшай плённай працы і ўдзячных навасёлаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *