Ярка і эмацыянальна: «Легіён» – пераможца адкрытага чэмпіянату па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі

Главное Грамадства Спорт

У ДЮСШ Брагінскага раёна адбыліся апошнія матчы адкрытага чэмпіянату па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі. У спартыўнай барацьбе за выніковую пазіцыю ў табліцы сышліся шэсць каманд.

У першай гульні за сёмае месца павінны былі змагацца «Лоеў 1505» і ЦРБ. Аднак каманда гасцей не з’явілася на матч і атрымала тэхнічнае паражэнне. Яны засталіся на ніжэйшым восьмым месцы. За пятае месца ў барацьбе сышліся прадстаўнікі ДЮСШ і Камарынскай сярэдняй школы. Мацнейшымі ў вырашальным матчы былі апошнія.

Асабліва гарачымі ў суботні дзень выдаліся гульні за трэцяе і першае месцы. Лёс бронзавых медалёў вырашаўся паміж «Дружбай» і «Аматарам» з Хойнік. Госці пачалі актыўна дзейнічаць у зоне саперніка з першых секунд, што прывяло да хуткага гала. Негледзячы на прэсінг, прадстаўнікі Брагіншчыны імкнуліся не саступаць. Іх хуткія атакі заканчваліся галамі, аднак перамагчы «Аматар» не атрымалася. З лікам 5:12 мацнейшымі сталі хайнічане.

А вось у фінальным матчы паміж Камарынскім лясгасам і «Легіёнам» да апошніх хвілін не было зразумела, хто стане пераможцам. Каманды пачалі актыўную гульню ў зонах адно аднаго, ніхто не жадаў саступаць. Пацвярджэне таму – першы забіты гол на апошніх хвілінах першага тайма. Прадстаўнікі лясгаса распячаталі вароты сапернікаў. Аднак не прайшло і хвіліны як «Легіён» адыграўся, забіўшы мяч у адказ. Здавалася б, пасля абмену галамі каманды павінны былі асесці ў зонах абароны, каб пільна сачыць за імі. Але гульня прыняла больш яркую афарбоўку. На эмацыянальнай хвалі лясгас другі раз паразіў вароты саперніка, тым самым падагрэўшы інтрыгу другога тайма. Пасля перапынку гульцы выглядалі больш стрыманымі, асцярожна дзейнічалі ў сваёй зоне абароны. Такая тактыка дапамагла ім павесці ў матчы. Прытрымліваючыся яе, з лікам 3:6 каманда стала пераможцай адкрытага чэмпіянату па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі. І, дарэчы, «Легіён» адзіны роўна прайшоў увесь турнір, не саступіўшы ні ў адным матчы.

Старшы інспектар райвыканкама Юрый Крываручка падзякаваў усім спартсменам за ўдзел у чэмпіянаце. Кожнай камандзе ён уручыў граматы, прызёрам – медалі, а пераможцам яшчэ і кубак.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.